Ужо сёньня: народзіны дзіцячага пісьменьніка Міхася Лынькова; 87 гадоў таму СССР напаў на Фінляндыю

Савецкія салдаты ў Фінляндыі

Падзеі 30 лістапада ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

30 лістапада 1899 году нарадзіўся пісьменьнік Міхась Лынькоў. Ён увайшоў у гісторыю беларускай літаратуры як аўтар апавяданьняў і аповесьцяў для дзяцей. Сярод іх — кнігі «Пра сьмелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў», «Міколка-паравоз» і іншыя. У 1962 годзе атрымаў званьне народнага пісьменьніка БССР.

Таксама ў гэты дзень

1409 — у Берасьці пачалася таемная нарада польскага караля Ягайлы і вялікага князя літоўскага Вітаўта. Яны яны распрацавалі плян супольнай вайны супраць Тэўтонскага ордэну, які прывёў да перамогі.

1595 — казацкі атрад Севярына Налівайкі авалодаў Магілёвам. (Гэтую дату называе Баркулабаўскі летапіс, іншыя крыніцы падаюць 13 сьнежня).

1700 — у бітве пад Нарвай 9-тысячнае войска Карла XII разьбіла ў некалькі разоў большае расейскае войска. Пасьля гэтай перамогі Карл XII засяродзіўся на вайне ў Рэчы Паспалітай, што дало Пятру I магчымасьць рэфармаваць сваю армію. У 1704 годзе расейскія войскі захапілі Нарву больш як на два старогодзьдзі.

1939 — Савецкі Саюз без абвяшчэньня вайны напаў на Фінляндыю. Паводле сакрэтнага пратаколу да пакту Молатава — Рыбэнтропа, Фінляндыя ўваходзіла ў сфэру інтарэсаў СССР. Нягледзячы на значную перавагу савецкіх войскаў, Фінляндыя адстаяла сваю незалежнасьць, хоць і страціла частку сваёй тэрыторыі.

Фінскія салдаты ў акопе падчас савецка-фінскай вайны

1988 — СССР перастаў глушыць Радыё Свабода.

1993 — урочышчу Курапаты быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці першай катэгорыі.

2000 — у Менску Беларусь і Расея падпісалі пагадненьне пра ўвядзеньне адзінай валюты і стварэньне адзінага эмісійнага цэнтру Саюзнай дзяржавы. Беларусь мела перайсьці на расейскі рубель у 2005 годзе, а ў 2008-м абедзьве краіны — на адзіную саюзную валюту. Гэтыя пляны так і не былі рэалізаваныя.

2011 — Вярхоўны суд Беларусі асудзіў на сьмяротнае пакараньне Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва ў справе тэракту ў менскім мэтро 11 красавіка 2011 году, ад якога загінулі 15 чалавек. Рэпартажы з судовай залі вёў журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч, яны ляглі ў асновую ягонай кнігі «Хто ўзарваў менскае мэтро».

2020 — у Менску адбыўся дзявяты Марш пэнсіянэраў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў.

Марш пэнсіянэраў 30 лістапада 2020 году

У гэты дзень нарадзіліся

1427 — Казімер IV Ягайлавіч, вялікі князь літоўскі і кароль польскі. Падчас ягонага кіраваньня ў ВКЛ стварылі Судзебнік 1468 году — адзін зь першых зборнікаў пісанага права дзяржавы.

1591 — Андрэй Баболя, каталіцкі сьвятар, езуіт, місіянэр, апостал Палесься, сьвяты. У 1657 годзе падчас вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай яго ў Янаве-Палескім забілі казакі. У 1938 годзе Баболю кананізавалі.

«Сьвяты Андрэй Баболя», карціна Алеся Пушкіна, 2014 год

1667 — Джанатан Сьвіфт, ірляндзкі пісьменьнік, аўтар «Падарожжаў Гулівэра». На беларускую мову яго перакладалі Вацлаў Пануцэвіч і Анатоль Кудравец.

1835 — Марк Твэн, амэрыканскі пісьменьнік, аўтар «Прыгодаў Тома Соера», «Прыгодаў Гекльбэры Фіна», «Прынца і жабрака». На беларускую мову ягоныя творы перакладалі Макар Краўцоў, Янка Маўр, Алесь Савіцкі ды іншыя беларускія літаратары.

Марк Твэн

1874 — ​Ўінстан Чэрчыль, прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі, адзін зь лідэраў антыгітлераўскай кааліцыі, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры 1953 году «за майстэрства гістарычнага і біяграфічнага апавяданьня, а таксама за бліскучае прамоўніцкае мастацтва ў абарону высокіх чалавечых каштоўнасьцяў».

Уінстан Чэрчыль

1895 — Андрэй Блажэвіч, вядучы актор трупы Галубка, вязень ГУЛАГу.

1928 — Галіна Арлова, беларуская акторка, народная артыстка БССР. Працавала ў тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску, з 1959 году — у Купалаўскім тэатры ў Менску, якому аддала больш за 60 гадоў жыцьця.

1936 — Іван Крэнь, беларускі гісторык.

У памяці

1900 — Оскар Ўайлд, ірляндзкі пісьменьнік.

Оскар Уайлд

1949 — у ноч з 29 на 30 лістапада ў сыбірскім лягеры памёр Адам Станкевіч, беларускі каталіцкі сьвятар, адзін зь лідэраў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, дзеяч БНР, дэпутат польскага Сойму, гісторык, публіцыст і выдавец. Выступаў за незалежнасьць Беларусі і беларускую мову ў касьцёле. Адмовіўся ад прапановы савецкіх спэцслужбаў узначаліць каталіцкі касьцёл, незалежны ад Ватыкану. У красавіку 1949 году быў арыштаваны ў Вільні і асуджаны на 25 гадоў лягераў. Памёр неўзабаве пасьля этапаваньня ў Сыбір. У афіцыйных дакумэнтах датай ягонай сьмерці пазначанае 4 сьнежня 1949 году. Аднак у ліпені 1956 году паплечніца і хатняя памочніца сьвятара Марыя Шутовіч занатавала сьведчаньне былога літоўскага вязьня Казіміраса Забулёніса, які апекаваўся Станкевічам у лягеры і прысутнічаў пры ягонай сьмерці ў ноч з 29 на 30 лістапада. На падставе гэтага сьведчаньня і архіўных дакумэнтаў гісторык Андрэй Вашкевіч прыйшоў да высновы, што 4 сьнежня цела ўжо памерлага сьвятара даставілі ў лягерны шпіталь, дзе склалі акт аб сьмерці. Пахавалі Станкевіча на лягерных могілках, дакладнае месца ягонай магілы невядомае.

1991 — Вацлаў Пянткоўскі, каталіцкі сьвятар, вязень савецкіх лягераў. У 1970-я гады арганізаваў у Мядзьведзічах на Ляхавіччыне падпольную духоўную сэмінарыю.

2019 — Іван Крамко, мовазнаўца, гісторык беларускай мовы.