ДАІ хоча дазволіць онлайн-замену пасьведчаньня кіроўцы

Ілюстрацыйнае фота

Зьмяненьні могуць закрануць і іншыя працэдуры.

Дзяржаўная атаінспэкцыя Беларусі плянуе ў 2027 годзе перавесьці асноўныя адміністрацыйныя працэдуры ў лічбавы фармат. Аформіць замену пасьведчаньня кіроўцы і атрымаць новыя правы па пошце можна будзе ўжо да канца наступнага году, расказаў у этэры АНТ начальнік галоўнай управы ДАІ МУС Віктар Ротчанкаў.

Паводле яго слоў, у онлайн-фармат перавядуць замену правоў кіроўцы, а таксама пастаноўку транспарту на ўлік і зьняцьце яго з уліку.

«Зрабіць так, каб мы маглі, не выходзячы з дому, з дапамогай лічбавых памочнікаў рэалізаваць гэтыя адміністрацыйныя працэдуры проста з дому», — растлумачыў Віктар Ротчанкаў.

Наступным этапам стане аблічбоўка рэгістрацыі транспарту: пасьля падачы онлайн-заяўкі ўласьніку аўтамабіля трэба будзе прыехаць ува ўчастак ДАІ толькі па гатовыя нумарныя знакі, дакумэнты і тэхпашпарт.

Іншыя зьмяненьні

Раней сёлета ўлады ўжо зьмянялі пэўныя правілы ў дачыненьні аўтамабіляў. Напрыклад, выйшл новая рэдакцыя закону «Аб мерах арганізацыі збору, захоўваньня неэксплютаваных транспартных сродкаў і іх наступнай утылізацыі». Да неэксплюатаваных транспартных сродкаў зараз аднесеныя няспраўныя самаходныя машыны (трактары і аналягічная тэхніка), пакінутыя па-за прыдамавымі ўчасткамі прыватных дамоў стаянак.

Тэрмін падачы ў суд заявы аб прызнаньні транспартнага сродку безгаспадарным і перадачы яго ва ўласнасьць адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі скарацілі: раней такі тэрмін складаў 30 дзён, а цяпер будзе толькі 10 дзён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі зьмянілі правілы захоўваньня і ўтылізацыі транспартных сродкаў