Для якіх сабак наморднік застанецца абавязковым, растлумачылі ў Міністэрстве жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Згодна з праектам пастановы Савету Міністраў «Аб мерах па рэалізацыі Закону Рэспублікі Беларусь „Аб адказным абыходжаньні з жывёламі“», у дакумэнце заплянаваны шэраг зьмяненьняў.
Намызьнік будзе абавязковым для сабак пародаў, уключаных у пералік тых, якія патрабуюць асаблівай адказнасьці ўладальніка, іх мэтысаў і гібрыдаў, а таксама небясьпечных сабак.
Адпускаць сабаку са шворкі і здымаць зь яго намызьнік можна будзе толькі ў адмыслова адведзеных месцах. У міністэрстве мяркуюць, што гэта павысіць узровень абыходжаньня з хатнімі гадаванцамі.
«Гэтае рашэньне ў першую чаргу накіраванае на камфорт жывёлаў. Адпускаць сабаку са шворкі і здымаць намызьнік можна будзе толькі ў адмыслова адведзеных месцах», — патлумачыла намесьніца начальніка ўправы жыльлёвай гаспадаркі міністэрства Надзея Сяўрук.
На пляцоўках для выгулу ўладальнікі змогуць свабодна гуляць з гадаванцамі і займацца іх дрэсурай бяз шворкі і намызьніка.
Пры скрыжаваньні праезнай часткі, у ліфтах і ў дапаможных памяшканьнях жылых дамоў і інтэрнатаў, а таксама на дзіцячых пляцоўках сабаку трэба весьці на кароткай шворцы ці трымаць на руках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Гомлі абураюцца масавым адстрэлам бадзяжных жывёлаўШто гэта значыць
Улады Беларусі спрабуюць яшчэ больш унармаваць абыходжаньне з хатнімі гадаванцамі. Раней сёлета яны вызначылі, куды накіруюць падатак, што плацяць гаспадары на сваіх сабак.
У 2027 годзе падатак на сабак плянуюць павысіць з 14 да 15 рублёў за квартал, а на сабак патэнцыйна небясьпечных пародаў — з 67 да 71 рубля.
Сёлета ў краіне ўзмацнілі правілы рэгістрацыі хатніх гадаванцаў, ня толькі сабак, але й катоў. І зрабілі больш строгім праверкі выплаты адпаведнага падатку. Як стала вядома з сацыяльных сетак, у некаторых выпадках на людзей, якія зь нейкіх прычынаў не зарэгістравалі сваіх гадаванцаў, даносілі суседзі.
Уладальнікі жывёлаў у сацыяльных сетках заклікалі ўлады выкарыстоўваць сабраныя сродкі для разьвіцьця інфраструктуры для сабак. Аднак улады вырашылі па-свойму: сродкі будуць накіроўваць на адлоў бяздомных жывёлаў, што часта азначае іх забойства. А таксама ўтрыманьне і рамонт пляцовак для выгулу хатніх гадаванцаў. Пра разбудову розных аб'ектаў размовы не было.