У Менскай вобласьці выкрылі схему выкарыстаньня бюджэтных сродкаў на больш як 1 млн рублёў

Ілюстрацыйнае фота

Камітэт дзяржаўнага кантролю паведаміў аб выяўленьні ў Менскай вобласьці парушэньня пры выкарыстаньні бюджэтных грошай вытворчым прадпрыемствам, якое ўдзельнічала ў рэалізацыі навукова-тэхнічнай праграмы.

Паводле даных КДК, у 2022–2025 гадах пры выкананьні досьледна-канструктарскіх работ прадпрыемства «ўносіла ў справаздачную дакумэнтацыю недакладныя зьвесткі аб працы пэрсаналу, а таксама ўключала ў яе фактычна нявыкананыя працы».

Назва прадпрыемства пры гэтым у афіцыйным паведамленьні адсутнічае.

У выніку, як мяркуе ведамства ў матэрыялах сваёй праверкі, кошт выкананьня заданьняў праграмы быў завышаны, а зь бюджэту прадпрыемства «неабгрунтавана атрымала і выкарыстала больш за 1 млн рублёў».

Па выніках праверкі прадпрыемству загадалі вярнуць сродкі ў бюджэт. У лістападзе 2026 году грошы вярнулі ў поўным аб’ёме.

Вінаватых службовых асоб прыцягнулі да адказнасьці. Але ў КДК не ўдакладнілі, якім чынам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка стварае «акадэмію будучыні», пакуль навука ў Беларусі дэградуе

Што гэта значыць

З паведамленьня няясны профіль прадпрыемства, але бюджэтныя грошы, вылучаныя на навуковыя праграмы, у Беларусі крадуць не ўпершыню. Напрыклад, у 2016 годзе розгалас мела справа крадзяжу сродкаў на дзяржаўную праграму прыкладных навуковых дасьледаваньняў «Мэталюргія». Праца была зьвязаная з распрацоўкай матэматычных мадэляў мэтадаў бесьперапыннага разьліваньня сталі і атрыманьня бранзаванага дроту.

Трое людзей апынуліся на лаве падсудных і ў выніку атрымалі турэмныя тэрміны з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня. Сутнасьць іх віны палягала ў тым, што яны ўключылі ў дзяржаўную праграму дасьледаваньні, якія раней ужо выканалі і якія былі аплачаныя.

У 2025 годзе Лукашэнка зацьвердзіў навуковыя прыярытэты дзяржавы да 2030 году. Сярод прыярытэтаў гаворка ішла пра лічбавыя тэхналёгіі і штучны інтэлект; інавацыйныя тэхналёгіі ў прамысловасьці; біялягічныя і мэдыцынскія тэхналёгіі; інавацыйныя тэхналёгіі ў аграпрамысловым комплексе і харчовай прамысловасьці; навуковыя і навукова-тэхнічныя гарантыі бясьпекі чалавека, грамадзтва і дзяржавы.

У адпаведнасьці з прыярытэтамі, вызначанымі дакумэнтам, у дзяржаве сфармавалі і зацьвердзілі дзяржаўныя праграмы навуковых дасьледаваньняў, навукова-тэхнічныя праграмы, а таксама дзяржпраграму інавацыйнага разьвіцьця Беларусі да 2030 году.

Але й гэтым разам знайшліся людзі ў навуковай сфэры, якія выкрадалі бюджэтныя грошы, калі верыць матэрыялам праверкі КДК.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка зацьвердзіў навуковыя прыярытэты да 2030 года, сярод іх ШІ і біятэхналёгіі