У «ПіКу Свабоды» Ганна Соўсь абмяркоўвае гэтыя ды іншыя падзеі тыдня з дасьледчыцай у міжнароднай бясьпецы, аналітыкам Lawfare Institute Кацярынай Шмацінай, палкоўнікам запасу Андрэем Шубадзёравым і пісьменьніцай і паэткай Вольгай Гапеевай.
0:00 Тэмы выпуску
0:37 Якія падзеі тыдня могуць паўплываць на будучыню Беларусі і беларусаў
7:47 Ці атрымаецца ў Лукашэнкі стаць часткай мірнага перамоўнага працэсу
14:29 Што Лукашэнка хацеў давесьці эўрапейцам у інтэрвію францускаму часопісу
15:49 Ці вызваляць больш палітвязьняў да Новага году
20:40 Чаму палітзьняволеных жанчын не вызваляюць па амністыі
22:19 Палкоўнік Шубадзёраў пра сваю ініцыятыву як спыніць расейска-ўкраінскую вайну
38:05 Вольга Гапеева пра прэстыжную нямецкую літаратурную ўзнагароду
44:17 Гендэрны погляд на канфлікт паміж Сяргеем і Сьвятланай Ціханоўскімі
46:50 Як варта пісаць літаратуру для дзяцей
Тут фрагмэнт размовы з Кацярынай Шмацінай
Шмаціна: Лукашэнка праз інтэрвію францускаму выданьню спрабуе прадставіць сябе рацыянальным партнэрам для Захаду
— Лукашэнка ў інтэрвію францускаму часопісу Le Point зноў закрануў тэму свайго сыходу і транзыту ўлады. Ён заявіў, што не зьбіраецца сыходзіць, пераемніка павінен абраць народ, а час ягонага сыходу вызначыць Бог. Каму адрасаваныя гэтыя супярэчлівыя сыгналы?
— Я б найперш паставіла пытаньне, каму адрасаванае гэтае інтэрвію і чаму яно зьявілася. Такія размовы з кіраўніком дзяржавы, легітымнасьць якога ставіцца пад сумнеў, не ўзьнікаюць проста таму, што ў францускіх выданьняў скончыліся інфармацыйныя нагоды. Я хутчэй разглядала б гэта як вынік працы беларускага боку, накіраванай на адвокацыю і наладжваньне кантактаў з эўрапейскімі сталіцамі.
Le Point — паважанае выданьне правацэнтрысцкага кірунку, не радыкальна правае, але блізкае да кансэрватыўнай ідэалёгіі. Для тых пасланьняў, якія спрабуе данесьці Лукашэнка, гэта добрая аўдыторыя. Калі ж казаць пра транзыт улады, трэба зыходзіць з таго, кім Лукашэнка і ягоны рэжым зьяўляюцца для Эўропы сёньня. У эўрапейскім успрыманьні Беларусь — гэта лягістычныя пляцоўка для расейскай агрэсіі супраць Украіны. Акрамя таго, рэжым спрыяе гібрыдным атакам супраць Эўразьвязу. Гэта першае, што ўзьнікае ў эўрапейцаў, калі яны глядзяць на Беларусь.
Праз такое інтэрвію Лукашэнка спрабуе прадставіць сябе рацыянальным актарам, зь якім можна дамаўляцца. Калі ён гаворыць пра зьмену ўлады, то нібыта намякае, што ў Беларусі існуюць мэханізмы рэальнай зьмены ўлады і законы, якія працуюць. Але ў ягонай агаворцы пра тое, што час сыходу вызначыць Бог, я бачу і асабістыя рэфлексіі. Час ягонага сыходу не вызначаны, а ў аўтарытарных рэжымах сыход рэдка бывае простым і мірным выхадам на пэнсію.
Для Лукашэнкі сыход — гэта рызыка для асабістай бясьпекі і будучыні, пытаньне гарантыяў для ягонай сям’і, а таксама перадзелу сфэраў уплыву паміж элітамі. Калі мы гаворым пра аўтарытарны сцэнар, а не пра дэмакратычныя перамены, то ў словах «Бог вырашыць» я бачу перасячэньне асабістых амбіцыяў і страху. Ён ня ведае, калі гэта адбудзецца, і нібыта кажа: калі адбудзецца, тады і будзем разьбірацца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка заявіў пра гатоўнасьць суправадзіць Зяленскага на перамовы ў Маскву, прэзыдэнт Украіны яму адказаў— Лукашэнка заявіў, што гатовы прывезьці Зяленскага на перамовы да Пуціна ў Маскву, каб завяршыць вайну. Ён таксама сказаў, што тры славянскія дзяржавы павінны разьвязаць гэты канфлікт. Ці можа Лукашэнка стаць часткай мірнага перамоўнага працэсу, да чаго ён, як выглядае, моцна імкнецца?
— Я бачу ў гэтым некалькі слаёў. Мы назіраем, што Белы дом настойвае на тым, каб нават эўрапейцаў ня надта ўключаць у перамоўны працэс. Гэта, зразумела, выклікае фрустрацыю і ў Брусэлі, і ў іншых эўрапейскіх сталіцах. Для Лукашэнкі гэта зноў-такі спроба заваяваць прыхільнасьць кансэрватыўных палітычных сілаў у Францыі і шырэй у Эўразьвязе. Ён хоча паказаць, што можа быць своеасаблівым мосьцікам для нефармальных кантактаў з Пуціным у той час, калі трансатлянтычныя сувязі напружаныя, а Вашынгтон ставіць пад пытаньне суб’ектнасьць Эўразьвязу ў гэтых перамовах.
Для Лукашэнкі таксама важна, каб у фінальных дакумэнтах мірных перамоваў быў зафіксаваны ягоны статус — каб Беларусь не была прадстаўленая як суагрэсар. Яму патрэбныя пэўныя фармулёўкі, якія дазволяць пазьбегнуць праблемаў у будучыні. Цяпер у парадку дня мірнага працэсу, напрыклад, не стаіць пытаньне рэпарацыяў за шкоду, нанесеную ў тым ліку праз удзел беларускага боку. Гэта таксама спроба атрымаць гарантыі на будучыню — каб пазьбегнуць такіх прэтэнзіяў і загадзя зафіксаваць пэўнае разуменьне ролі Беларусі.
Я б яшчэ зьвярнула ўвагу на рыторыку пра трыадзінства славянаў. З аднаго боку, гэта штамп, які часта сустракаецца ў беларускім афіцыйным і беларуска-расейскім інфармацыйным полі. Але ёсьць і пэўнае інтэлектуальнае асяродзьдзе на Захадзе — антыамэрыканскае, якое падтрымлівае такую рыторыку. У гэтай рыторыцы ёсьць некалькі складнікаў. Адзін зь іх — уяўленьне, што брацкія народы паміж сабой спрачаюцца, як, напрыклад, Грэцыя і Турэччына або славянскія народы, і што ім не патрэбныя амэрыканскія арбітры, якія прыходзяць і ўмешваюцца са сваімі амбіцыямі. Яшчэ адзін пасыл — што моцная Эўропа і цесныя сувязі з Расеяй невыгодныя для ЗША. Гэта можа знаходзіць водгук у кансэрватыўнай, стрыманай і антыамэрыканскай аўдыторыі, у тым ліку сярод палітыкаў. Таму я думаю, што гэта таксама спроба Лукашэнкі дастукацца да антызаходніх і антыамэрыканскіх сілаў у Эўропе.