5 гадоў без салюту, але з «парталам у Новы год»
У Менску перад сьвяткаваньнем Новага году плянуюць паставіць 33 гарадзкія ялінкі, летась іх было 29. У некаторых раёнах, напрыклад у мікрараёне Сокал, яна ўжо зьявілася. Асноўных ялінак будзе тры: каля Палацу спорту, на Кастрычніцкай плошчы і каля гарадзкой ратушы.
Калі запаляць сьвяточную ілюмінацыю, пакуль невядома. Летась гэта адбылося 15 сьнежня. Аднак вядома, што гэты працэс абыдзецца ў 30 421 рубель. Так вынікае з сайту дзяржаўных закупаў.
У сталіцы сёлета для сьвяткаваньня будуць тры асноўныя пляцоўкі з гандлёвымі пунктамі, сцэнамі і праграмай: ля Палацу спорту, у Ракаўскім дворыку і каля канцэртнай залі «Верхні горад». Апошняя будзе самай багатай з гледзішча бюджэтных выдаткаў. Матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне гэтай пляцоўкі, згодна з дзяржаўнымі тэндэрамі, каштуе 1 096 768 рублёў.
Навагодняя ялінка ў Менску. Архіўнае фта
Летась гэтая ж пляцоўка ў матэрыяльна-тэхнічным пляне абыходзілася ў 1,7 раза таньней. Згодна з тэхнічным заданьнем, сцэну там аформяць у выглядзе вялікага грамафона. Тут жа зьявіцца як элемэнт дэкору вялікая грамафонная кружэлка.
Функцыянаваньне пляцоўкі ля Палацу спорту будзе каштаваць мінімум 640 299 рублёў. З дадатковых дакумэнтаў вынікае, што тут выступяць гурты: «BANDИТЫ», які пазначаны як кавэр-бэнд, а таксама Friends Band і «Шерлок-бэнд». Тут жа абяцаюць паставіць дэкарацыю «Партал у Новы год».
Дадаткова 69 949 рублёў патрацяць на арэнду гандлёвых намётаў, 128 520 — на эфэкты і 43 680 рублёў на касьцюмы.
Калядны кірмаш у Менску, архіўнае фота
Сьвяткаваньне ў Ракаўскім дворыку абыдзецца, згодна з тэндэрамі, у 233 644 рублі. Летась на гэтую пляцоўку патрацілі ў 1,9 раза меней.
Такім чынам, сьвяткаваньне ў Менску будзе каштаваць мінімум 2,2 мільёна беларускіх рублёў. Пра цэнтралізаваны сьвяточны салют улады пакуль нічога не казалі, яго не было на навагодніх сьвяткаваньнях у Менску ўжо 5 гадоў. Прычыны чыноўнікі не тлумачылі. Аднак салюты ўсё ж бываюць у іншых гарадах.
А што ў іншых вялікіх і малых гарадах
У Горадні на Савецкай плошчы 15 сьнежня пройдзе сьвята запальваньня агнёў «Чароўныя ліхтарыкі», якое будзе каштаваць 144 747 рублёў.
Усё пачнецца з параду падарункаў, потым будзе ўрачыстае запальваньне галоўнай ялінкі, скончыцца шоў-канцэртам.
Асноўнай пляцоўкай у навагоднюю ноч стане плошча Леніна, дзе пройдзе «Навагодні КінаМаратон» з дэманстрацыяй савецкіх фільмаў і выступамі артыстаў. Падрабязнай праграмы пакуль не апублікавалі, няма і тэндэру на сайце дзяржаўных закупаў. Аднак гарадзкія ўлады абяцаюць, што тут салют, у адрозьненьне ад сталіцы, адбудзецца. Згодна з сайтам дзяржаўных закупаў, ён будзе каштаваць 15 000 рублёў.
Ялінка ля Камароўскага рынку ў Менску, архіўнае фота
У Магілёве ўрачыстае запальваньне агнёў на галоўнай ялінцы і шоў пасьля гэтага будуць каштаваць 65 000 рублёў. Падрабязнай канцэртнай праграмы тут пакуль не публікавалі.
Як бачна з сайту дзяржаўных закупаў, у Віцебску для сьвяточнага асьвятленьня закупяць новае абсталяваньне за 361 065 рублёў. Таксама абяцаюць сьвяточны тэматычны кірмаш на плошчы Перамогі «Каляды над Дзьвіной», які пройдзе з 4 сьнежня па 17 студзеня.
Падрабязныя праграмы, як і закупачныя тэндэры, апублікавалі пакуль ня ўсе абласныя гарады.
Ноавагоднія ўпрыгожваньні на Кастырчніцкай плошчы ў Менску, архіўнае фота
Што да салюту, якога ўжо 5 гадоў не бачыць сталіца, то ён адбудзецца, апроч Горадні, у Дзятлаве Гарадзенскай вобласьці, каштаваць будзе 10 000 рублёў, згодна з сайтам дзяржаўных закупаў.
Наконт салютаў у іншых гарадах у навагоднюю ноч на сайце дзяржаўных закупаў інфармацыі пакуль няма.