У Магілёве абрабавалі банк

Мужчына, якога падазраюць у рабаваньні банку ў Магілёве, на здымку з камэры відэаназіраньня, 26 лістапада 2026 году

Каля 17:55 мужчына, пагражаючы прадметам, падобным да пісталета, завалодаў грашыма ў эквіваленце каля васьмі тысяч рублёў і зьнік зь месца злачынства.

Міліцыя ўвяла ў вобласьці распрацаваныя на такі выпадак пляны пошуку, але пакуль рабаўніка не затрымалі, вынікае з паведамленьня МУС.

Гэта ўжо другі гучны рабунак сёлета.

21 жніўня амаль у такі ж самы час мужчына ў мэдычнай масцы і з прадметам, падобным да пісталета, абрабаваў краму «Самацьветы» на ўсходзе Менску. Ён забраў зь вітрыны ювэлірныя вырабы і ўцёк.

Міліцыя затрымала яго праз два дні ў аўтобусе Менск — Санкт-Пецярбург. Нарабаванае ён вёз з сабой.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сілавікі заявілі аб затрыманьні рабаўніка ювэлірнай крамы. Ён спрабаваў уцячы зь Беларусі

Чаму гэта важна

У пачатку жніўня стала вядома, што пры дапамозе камэраў назіраньня ў Беларусі затрымалі расейца, абвінавачанага ў няякасных пастаўках для арміі, і перадалі яго ў Расею.

Сыстэму відэаназіраньня пачалі ствараць ува ўсіх абласных гарадах і вялікіх раённых цэнтрах у 2020 годзе, а ў 2021-м канчаткова завяршылі стварэньне рэспубліканскай сыстэмы маніторынгу грамадзкай бясьпекі, якая аб’яднала дзясяткі тысяч камэраў ува ўсёй краіне. Сыстэма мае функцыю відэаналітыкі. Пры яе дапамозе пазьней ідэнтыфікавалі ўдзельнікаў акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году.

У сакавіку 2025 году ўлады паведамілі, што па ўсёй тэрыторыі Беларусі паставілі 60 тысяч «разумных» камэраў відэаназіраньня, пры дапамозе якіх шукаюць і ўдзельнікаў пратэстаў.

Пазьней стала вядома, што камэры відэаназіраньня пачалі ставіць ня толькі на дарогах і жылых дамах. Цяпер іх разьмяшчаюць нават на пляцоўках, дзе стаяць кантэйнэры для сьмецьця. У Горадні гэта патлумачылі вялікай колькасьцю парушальнікаў сартаваньня вялікагабарытных адкідаў.

У Менску да канца 2026 году паабяцалі паставіць каля 20 000 відэакамэраў, каб кантраляваць «стан жыльлёвага фонду і догляду двароў».