У Кіеве затрымалі беларуса на запыт Польшчы, але праз два дні вызвалілі

Беларуса затрымлівалі зь сілавым падтрыманьнем спэцыяльнага падразьдзелу «КОРД». Ілюстрацыйнае фота

У Польшчы беларуса падазраюць у дзейнасьці на карысьць замежнай выведкі і падрыўных дзеяньнях.

Грамадзяніна Беларусі затрымлівалі супрацоўнікі Галоўнага ўпраўленьня выведкі зь сілавым падтрыманьнем спэцыяльнага паліцэйскага падразьдзелу «КОРД».

Як стала вядома Свабодзе з інфармаваных крыніц, беларуса затрымалі 16 лістапада, але праз два дні вызвалілі, бо суд адмовіў пракурорам у яго арышце для экстрадыцыі.

Але гэтае рашэньне яшчэ не азначае, што Ўкраіна адмовіла Польшчы ў экстрадыцыі грамадзяніна Беларусі ў Польшчу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларус у Польшчы зарганізаваў злачынную групу, якая фальшавала дакумэнты. У судзе апынулася амаль сотня чалавек

Што вядома пра беларуса

Гэты грамадзянін Беларусі праходзіць вайсковую службу ва Ўзброеных сілах Украіны, мае баявы досьвед і адзнакі за службу, быў паранены. Ва Ўкраіне ён жыве стала, мае сям’ю.

У вайсковай частцы беларусу далі пазытыўную характарыстыку, адзін з вайскоўцаў, маёр юстыцыі, прапанаваў суду сваю заруку за яго. Але такая мера не ўплывае на рашэньне аб экстрадыцыйным арышце.

На момант затрыманьня беларуса ўкраінскія пракуроры яшчэ ня мелі афіцыйнага звароту Польшчы аб яго экстрадыцыі, але пасьпелі праінфармаваць польскі бок аб затрыманьні. Беларускага грамадзяніна затрымалі на падставе «чырвонай» карткі Інтэрполу, выдадзенай у сакавіку 2025 году.

У той жа час у польскіх і ўкраінскіх матэрыялах справы не супала дата нараджэньня затрыманага. Імя затрыманага высьветліць не ўдалося.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Польшчы за падрыхтоўку дывэрсіі асудзілі грамадзяніна Беларусі

У чым яго абвінавачвае Польшча

У Польшчы грамадзяніну Беларусі інкрымінуюць артыкул 258 § 1 («удзел у дзейнасьці іншаземнай выведнай службы»), артыкул 130 § 7 у спалучэньні з артыкулам 65 § 1 і артыкулам 12 § 1 («падрыўныя дзеяньні і сабатаж») Крымінальнага кодэксу Польшчы.

Ордэр на арышт у жніўні 2024 году выдаў раённы суд Уроцлава, а ў сьнежні таго ж году — акруговы суд Уроцлава. Дэталяў аб канкрэтных дзеяньнях беларуса ў адкрытых крыніцах знайсьці не ўдалося.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Удзел замежнай выведкі і наўмысны падпал — пракуратура ў Польшчы завяла справу пасьля пажару на заводзе дронаў

Якія справы расьсьледуюць ва Ўроцлаве

Вядома, што ў 2024–2026 гадах праваахоўныя органы Ўроцлава расьсьледавалі шэраг гучных справаў паводле артыкулаў, якія інкрымінавалі і затрыманаму цяпер у Кіеве беларусу.

Сярод іх:

  • справа аб падпалах у Гданьску, Гдыні і Марках вясной 2024 году, у якой затрымалі двух грамадзян Беларусі і аднаго грамадзяніна Польшчы, вырак яшчэ ня вынесьлі;
  • справа аб спробе падпалу зімой 2024 году лякафарбавага заводу ва Ўроцлаве, у якой фігуравалі украінец і зьвязаныя зь ім грамадзяне Беларусі, Польшчы і Ўкраіны. Асудзілі пакуль толькі аднаго ўкраінца, які ў гэтым удзельнічаў. Суд першай інстанцыі пакараў яго 8 гадамі зьняволеньня, а апэляцыйны суд зьменшыў тэрмін пакараньня да трох гадоў праз брак доказаў яго ўдзелу ў арганізаванай групе;
  • справа аб падпале будаўнічага гіпэрмаркету і гандлёвага цэнтру ў Варшаве, а таксама крамы IKEA у Вільні, у якой праходзіць грамадзянін Беларусі. Пракуратура накіравала яе ў суд, цяпер адбываецца судовы працэс;
  • справа аб спробе падпалу ўвосень 2024 году аб’екту ў Гданьску, у якой затрымалі яшчэ аднаго грамадзяніна Беларусі, вырак пакуль ня вынесьлі. Гэтая справа стала адным з эпізодаў вялікага расьсьледаваньня справы аб сетцы дывэрсантаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Польшчы з пачатку 2024 году. У яе межах абвясьцілі вышук некалькіх чалавек, завэрбаваных праз мэсэнджары для падпалаў і актаў сабатажу ў Польшчы ў першай палове 2024 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Падпал у гандлёвым цэнтры ў Варшаве назвалі дывэрсіяй расейскіх спэцслужбаў. Раней у падобным абвінавацілі беларуса