Менская і Віцебская вобласьці апошнімі аб’явілі аб падаражэньні праезду. Ад 26 лістапада праезд у гарадах Менскай і Віцебскай вобласьцяў падаражэе з 1,05 рубля да 1,15 рубля, калі купляць у кіроўцы — да 1,2 рубля.
Да гэтага пра падаражэньне праезду аб’явілі чатыры абласныя выканкамы і Менскі гарвыканкам.
Падаражэе ён усюды аднолькава (акрамя Менску) — да 1,15 рубля. У Берасьцейскай, Горадзенскай, Гомельскай вобласьцях праезд дагэтуль каштаваў 1,05 рубля, г. зн. ён даражэе на 9,5%.
Як паведаміў Менскі гарвыканкам, білеты на праезд у грамадзкім транспарце ад 25 лістапада будуць каштаваць: на аўтобус, тралейбус, трамвай — 1,2 рубля, на мэтро — 1,25 рубля. Паездка ў гарады-спадарожнікі Менску і нацыянальны аэрапорт «Менск» будзе каштаваць 5 рублёў.
Чаму гэта важна
Гэта ўжо другое падаражэньне сёлета. 25 сакавіка праезд у грамадзкім транспарце ўжо падаражэў на 15 капеек.
Першае падаражэньне было на 16,5%. Агулам за год праезд на грамадзкім транспарце ў вобласьцях падаражэў з 90 капеек да 1,15 рубля, то бок амаль на 28%.
Такое значнае падаражэньне грамадзкага транспарту адаб’ецца на ўсіх выдатках.
Падаражэньне праезду на грамадзкім транспарце падштурхоўвае інфляцыю і робіць сымбалічнымі падвышэньні пэнсіяў і заробкаў, якія «зьядаюцца» падвышэньнем цэнаў.
Паводле прагнозаў ураду Беларусі, інфляцыя ў 2026 годзе мае быць не вышэйшай за 7%.
Раней улады прызналі, што летась інфляцыя перавысіла заплянаваны ўрадам паказьнік 5%. Рэальная інфляцыя за 2025 год, паводле афіцыйных крыніц, склала 6,8%.