«У межах другога этапу вучэньняў адпрацавалі практычныя заданьні. У асноўным эпізоды, якія адбываліся нядаўна, у тым ліку на тэрыторыі Эўразьвязу. Гэта ўзьдзеяньне на органы правапарадку піратэхнікай і іншымі прадметамі для нанясеньня цялесных пашкоджаньняў. Разглядаліся і сытуацыі, якія мелі месца ў Беларусі ў 2020 годзе», — працытавала Івана Кубракова прэсавая служба ведамства.
У іншым паведамленьні МУС адзначыла, што на вучэньнях практыкаваліся ў пяці сытуацыях:
- затрыманьне падлеткаў, якія выйшлі на акцыю па закліках праз інтэрнэт і ўчынілі «масавыя беспарадкі»,
- дзеяньні міліцыі ў выпадку несанкцыянавай акцыі на пляцы з удзелам жанчын,
- дзеяньні ў выпадку «групавога парушэньня грамадзкага парадку з падпалам» і спробы прарваць «ланцужок з службоўцаў унутраных войскаў МУС», а таксама затрыманьне правапарушальнікаў,
- дзеяньні вайскоўцаў і міліцыі пры перакрыцьці дарожнага руху «агрэсіўным натоўпам»,
- «маштабная спэцапэрацыя затрыманьня ўдзельнікаў масавых беспарадкаў зь перакрыцьцём вуліц, работай дронаў, беспарашутным дэсантаваньнем байцоў спэцпадразьдзелаў зь верталёта, блякаваньнем участку і арганізацыяй калідору для эвакуацыі людзей».
Паводле Кубракова, заданьні былі максымальна набліжаныя да баявых.
«Мы выкарыстоўвалі ня толькі сродкі абароны, але і тэхнічныя навінкі, у тым ліку бесьпілётную авіяцыю. Выкарыстоўвалася новая тактыка работы дронаў, уключаючы так званы рой для ўзьдзеяньня на натоўп. Таксама пры дапамозе БПЛА папярэджвалі парушальнікаў грамадзкага парадку, што пры працягу супрацьпраўных дзеяньняў да іх будуць ужываць фізычную сілу і спэцыяльную тэхніку», — паведаміў Іван Кубракоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Улады рыхтуюцца да новых пратэстаў? Што стаіць за вучэньнямі міліцыі па ўсёй БеларусіШто папярэднічала
У 2020 годзе ў Беларусі адбыліся масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Акцыі жорстка разагналі, і ўжо шэсьць гадоў сілавікі перасьледуюць удзельнікаў пратэсту, вінавацячы іх ня толькі ў перакрыцьці дарог, а і ў спробах дзяржаўнага перавароту і захопу ўлады.
Усе гэтыя гады Аляксандар Лукашэнка пры ўсякай нагодзе згадвае, як у 2020 годзе ўдалося захаваць «мір і стабільнасьць», заахвочвае сілавікоў далей ціснуць на актыўных грамадзян, адзначае іх дзяржаўнымі ўзнагародамі і штогод павялічвае дзяржаўныя выдаткі на ўтрыманьне сілавых органаў.
Сёлета ў шэрагу эўрапейскіх краін адбыліся, а ў некаторых і дагэтуль праходзяць, акцыі пратэсту. Акцыі пачаліся ў Францыі з пратэстаў моладзі, якая патрабавала рэформы адукацыі. Потым пратэсты ахапілі іншыя краіны — Італію, Нямеччыну, Партугалію, Гішпанію. У Францыі акцыі суправаджаліся парушэньнем грамадзкай бясьпекі і масавымі затрыманьнямі ўдзельнікаў.