Сьвятлана Ціханоўская адказала на пытаньні «Нашай нівы», яны тычыліся й сямейных стасункаў зь Сяргеем Ціханоўскім. На гэтым этапе палітык ня ўпэўненая, што сям’ю ўдасца ўратаваць. Раней Сьвятлану пачалі бачыць без заручальнага пярсьцёнка, хаця публічна Ціханоўскія пра развод не казалі.
«Я ня ўпэўненая, што пасьля ўсяго, што я ад Сяргея пачула за ягоныя стрымы, ёсьць магчымасць вярнуцца да нармальных адносінаў. Я маю на ўвазе сямейных. Бо палітычна, калі ёсьць агонь, калі ёсьць пэўны паважлівы тон, то можна, канечне, працаваць. Сяргей мае талент даносіць пазыцыю, мае талент размаўляць зь беларусамі. І калі б гэта было ў канструктыўным рэчышчы ў рамках агульнай стратэгіі, дык гэта магчыма. А што тычыцца асабістага, то я ня ўпэўненая».
Далей Ціханоўская працягнула гаварыць пра адносіны з мужам і сказала пра тое, што яны зь Сяргеем дамаўляліся ўзяць перапынак, каб разабрацца ў адносінах.
«Я аднойчы зь ім пагаварыла, што ня бачу, як мы можам працягваць адносіны, калі ты сябе так паводзіш. Ён прапанаваў узяць перапынак, вызначыць пэрыяд у шэсьць месяцаў, каб паглядзець, як мы зможам далей рухацца. Я маю на ўвазе ў рамках сям'і, у асабістых адносінах.
А потым здарыўся жнівень, ці калі ён там пачаў тыя абразы ў мой бок… То-бок тут ужо зразумела, што гэтыя паводзіны ня толькі не зьмяніліся, яны, можа, нават пагоршалі».
Сьвятлана Ціханоўская згадала таксама задуму Сяргея пра стварэньне адзінай арганізацыі беларускай апазыцыі за мяжой. Паводле яго, Офіс Ціханоўскай выступіў супраць прапановы. Сьвятлана адзначыла, што агулам яна якраз ня супраць і перамоваў, і супольных стратэгічных сэсій. Пытаньне ў стаўленьні да іншых асобаў.
«Але калі я разумею, што людзі туды прыйдуць і будуць чуць абразы, я так працаваць не змагу. Нават калі гэта мой муж».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Чаму Сяргей Ціханоўскі ня зможа аслабіць пазыцыі Сьвятланы? Тлумачыць ФрыдманЦіханоўская ўспомніла, пра што думала, калі Сяргей сядзеў у турме і як уяўляла сямейную будучыню.
«Я вельмі-вельмі чакала яго з турмы, і калі ён выйшаў, я думала, што мы станем побач, мы разам будзем працаваць на супольныя мэты. Я разумею, што ён кажа, што яму ніхто нічога не прапаноўваў і гэтак далей. Я ня буду ў гэтым капацца, бо заўжды ёсьць у кожнага свая праўда».
Яшчэ Сьвятлана заявіла, што праблемы ў сям’і былі й да 2020 году, у якім пара стала вядомай усім беларусам.
«Па фактах ён пачаў аддаляцца. Ён не хацеў са мной інтэрвію даваць, маўляў, „ну я асобны“ — добра, ты асобны. Потым ён вырашыў паехаць у Амэрыку для ўдасканальваньня мовы, вучыцца — добра. Але ж, ведаеце, што я заўважыла? Што тыя патэрны паводзінаў, якія ў яго былі ў нашай сям'і да 2020 году, паўтараюцца. А з такім я ўжо мірыцца не магу».