У Валожынскім раёне вясковец сарваў чырвона-зялёны сьцяг. Дзе і як зрывалі іх раней?

Сарваны чырвона-зялёны сьцяг, архіўны здымак

На мужчыну завялі крымінальную справу, яму пагражае турма.

23 лістапада ў дачыненьні 22-гадовага жыхара вёскі Пугачы распачалі крымінальную справу паводле часткі 1 артыкулу 339 КК Беларусі, даведалася старонка «Валожын. Навіны».

Паводле сьледзтва, 11 лістапада мужчына сарваў дзяржаўны сьцяг Беларусі разам з тронкам з фасаду будынка філіялу «Валожынскае» ААТ «Агракамбінат „Дзяржынскі“».

Пасьля гэтага мужчына выкінуў чырвона-зялёны сьцяг. Аднак сілавікі не ўдакладняюць, куды.

Шкоду ацанілі ў 38,56 рубля. Сьцяг і тронак да яго сканфіскавалі. Суму з мужчыны спагналі.

Жыхар Пугачоў раней пад суд не трапляў. Ён афіцыйна не працуе. Ад сьледзтва, як паведамілі сілавікі, не хаваецца. Меры стрыманьня да яго не прымянялі.

Эстафэта сарваных сьцягоў

Згаданая справа далёк ня першая падобная ў Беларусі. Але варта разьмяжоўваць матывы, якія да гэтага прыводзяць. Частка затрыманых за зрываньне сьцягоў ня мела палітычнай подбіўкі ў дзеяньні, некаторыя на судзе сьцьвярджалі, што былі п’яныя і папросту хацелі пахуліганіць. Але найчасьцей такія дзеяньні мелі тлумчэньне ў поглядах падсудных.

Масавае зрываньне сьцягоў на будынках стартавала яшчэ ў 2020-м, калі па Беларусі пракаціліся масавыя пратэсты супраць дыктатуры Лукашэнкі і за дэмакратычныя выбары. Маніфэстанты згадвалі незаконны рэфэрэндум у сярэдзіне 1990-х, калі Аляксандру Лукашэнку, які нядаўна заступіў на пасаду прэзыдэнта, удалося прасунуць у законы зьмену дзяржаўных сымбаляў і расейскую мову як дзяржаўную. З таго часу нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг апынуўся пад негалоснай забаронай, якая перарасла ў паўнавартасны перасьлед якраз пасьля пратэстаў 2020 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

10 фактаў пра рэфэрэндум, які 30 гадоў таму зьмяніў лёс Беларусі

Напрыклад, у красавіку 2021 году віцяблянін Мікіта Прысталенка сарваў чырвона-зялёны сьцяг з будынка ў Менску, за што трапіў пад суд. Раней мужчына быў у дзяржаўным аб’яднаньні моладзі — БРСМ, але пазьней зьмяніў погляды і ў час сьледзтва прызнаўся, што сарваў дзяржаўны сьцяг на знак пратэсту супраць палітыкі ўладаў.

Часам затрыманыя за зрываньне сьцяга несьлі яго з сабою, часам тапталі і нішчылі на месцы, як жыхар Магілёва некалькі месяцаў таму, або проста скідалі на зямлю і сыходзілі.

Пратэсты згасьлі, а зрываньне чырвона-зялёных сьцягоў працягвалася. У 2023 праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляў, што ў судах штотыдзень разглядаюць крымінальныя справы за «зьнявагу дзяржаўнай сымболікі».

Звычайна ў такіх справах выносілі абвінаваўчыя прысуды, зьвязаныя з пазбаўленьнем волі. Напрыклад, у сьнежні 2023 году на 3 гады калёніі асудзілі іншаземца, які сарваў у Менску адразу чатыры чырвона-зялёныя сьцягі і адзін зь іх падпаліў. У тым жа годзе Dissidentby паведамляў пра 187 чалавек, якіх абвінавацілі ў «зьнявазе дзяржаўных сымбаляў». Толькі двух зь іх асудзілі не на пазбаўленьне ці абмежаваньне волі.

У наступныя тры гады зрываньне чырвона-зялёных сьцягоў не спынілася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Падпальваюць, ірвуць, мяняюць на ўкраінскі. Расказваем, што беларусы робяць з чырвона-зялёным сьцягам і як іх за гэта караюць