Мясцовыя ўлады змогуць абвяшчаць і праводзіць штогадовыя зборы «народнага апалчэньня»

Удзельнікі атрадаў «народнага апалчэньня». Архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, у якім вызначыў, што мясцовыя выканаўчыя і распараджальныя органы могуць абвяшчаць і праводзіць штогадовыя зборы «народнага апалчэньня».

Як адзначаецца ў тэксьце ўказу, апублікаваным на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі, такія зборы могуць працягвацца да 25 дзён, а на гэты час «народныя апалчэнцы» будуць атрымліваць статус і сацыяльныя гарантыі, прадугледжаныя заканадаўствам для вайсковаабавязаных, прызваных на вайсковыя або спэцыяльныя зборы.

Гэтае рашэньне Лукашэнка патлумачыў патрэбай «забесьпячэньня заўчаснай падрыхтоўкі да стварэньня атрадаў народнага апалчэньня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка хоча, каб і суды падрыхтаваліся да працы ва ўмовах ваеннага часу

Што папярэднічала

Да гэтага часу «народныя апалчэнцы» ўдзельнічалі ў вучэньнях, якія абвяшчае і праводзіць Міністэрства абароны Беларусі.

16 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што для «народнага апалчэньня» ўжо падрыхтаваная зброя: аўтаматы, гранаты, кулямёты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка заявіў, што зброя для «народнага апалчэньня» ўжо падрыхтаваная: аўтаматы, гранаты, кулямёты

Першыя атрады «народнага апалчэньня» пачалі ствараць у траўні 2023 году, яшчэ да таго, як адпаведны закон набыў юрыдычную моц.

Закон аб «народным апалчэньні» набыў моц 31 ліпеня 2023 году.

Згодна з дакумэнтам, «апалчэньне» ствараецца для абароны ў выпадку вонкавай агрэсіі як дадатак да войска. Яго асноўная задача — забесьпячэньне ваеннага становішча. Падчас ваеннага становішча ўлада на месцах павінна канцэнтравацца ў руках вайсковых кіраўнікоў, вайсковых камэндантаў. І, паводле лёгікі, «апалчэнцы» павінны дапамагаць вайскоўцам бараніць краіну ад іншаземных захопнікаў.

У законе гаворыцца, што «народнае апалчэньне» павінна садзейнічаць тэрытарыяльным органам унутраных справаў. А функцыя міліцыі палягае ў забесьпячэньні парадку і законнасьці ўнутры краіны, а не ў абароне ад вонкавых ворагаў.

Інакш кажучы, «народнае апалчэньне», паводле закону, паклікана стаць дадатковым інструмэнтам дзеля абароны рэжыму ад незадаволенага грамадзтва.

Закон надзяліў «апалчэнцаў» правам ужываць фізычную сілу і зброю. Асноўная задача «апалчэньня» палягае ў спрыяньні тэрытарыяльным органам унутраных справаў пры забесьпячэньні ваеннага становішча, абароне ўласнасьці «ад злачынных і іншых супрацьпраўных замахаў».

У дакумэнце вызначаныя «парадак кіраваньня народным апалчэньнем, фармаваньня, камплектаваньня і дысьлякацыі атрадаў народнага апалчэньня, выкананьня імі задач», а таксама «паўнамоцтвы дзяржаўных органаў і службовых асобаў у сфэры дзейнасьці народнага апалчэньня».

Згодна з законам, парадак фармаваньня і расфармаваньня «народнага апалчэньня», яго камплектаваньня, уліку добраахвотнікаў павінен вызначаць урад.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«МУС набірае „сур’ёзных мужыкоў“, якія служылі ў войску ў 70–80 гады», — Карпянкоў пра набор у «народнае апалчэньне» і залёт дронаў