У гэты дзень у гісторыі
1764 — у Варшаве каранавалі Станіслава Аўгуста Панятоўскага, апошняга караля польскага і вялікага князя літоўскага.
1795 — Роўна праз 31 год у Горадні Панятоўскі пад ціскам адрокся ад пасаду на карысьць расейскай імпэратрыцы Кацярыны ІІ. Гэта адбылося пасьля паразы паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі і трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай паміж Расеяй, Прусіяй і Аўстрыяй. Такім чынам Каралеўства Польскае і Вялікае Княства Літоўскае зьніклі з мапы сьвету.
1915 — нямецкі фізык Альбэрт Айнштайн прэзэнтаваў раўнаньні тэорыі адноснасьці. Яны апісалі гравітацыю як вынік скрыўленьня прасторы і часу пад узьдзеяньнем матэрыі і энэргіі.
Альбэрт Айнштайн
1919 — у Таліне Станіслаў Булак-Балаховіч напісаў беларускамоўны верш «Покліч Бацькі».
Празь цёмныя хмары на чуждай старонцэ
Зірнула на нас цёпла-роднае сонцэ,
I гоман пачуў я з радной стараны:
«Свабода калоціцца ў нашэ ваконцэ,
За бацькаўшчыну ўсталі яе ўсе сыны!»
Сынкі! А мы штожа!
Нам будзе нягожа,
Каб мы не пайшлі на падмогу!
Сьмялей, не аглядайцесь,
Хутчэй сабірайцесь
I будзем гатовы ў дарогу!
1920 — у апошнія дні лістапада падчас Слуцкага паўстаньня ў мястэчку Семежаве, куды пераехала рада паўстанцаў, на цэнтральным пляцы прайшоў парад беларускіх аддзелаў. Парад прыняў прадстаўнік Найвышэйшай Рады БНР Кузьма Цярэшчанка. Праз два дні яны ўступілі ў бой з бальшавікамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Слуцкае паўстаньне паказала, што беларусы не рахманыя і не памяркоўныя, — гісторык Ніна Стужынская1960 — у Дамініканскай Рэспубліцы па загадзе дыктатара Рафаэля Трухільё былі забітыя тры сястры Мірабаль — Патрыя, Мінэрва і Марыя Тэрэса, якія ўдзельнічалі ў руху супраціву. У памяць пра сёстраў Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў абвясьціла 25 лістапада Міжнародным днём барацьбы за ліквідацыю гвалту ў дачыненьні да жанчын.
1989 — у Менску прайшла арганізаваная БНФ «Адраджэньне» Асамблея народаў «Чарнобыльскі шлях». У межах Асамблеі ў Доме кіно, што тады месьціўся ў Чырвоным касьцёле, адбыўся міжнародны грамадзкі Чарнобыльскі трыбунал.
1992 — Фэдэральная асамблея Чэхаславаччыны прагаласавала за разьдзяленьне краіны на Чэхію і Славаччыну. Мірны падзел адбыўся 1 студзеня 1993 году.
1997 — выйшаў апошні нумар забароненай газэты «Свабода», галоўным рэдактарам якой быў Ігар Гермянчук. Напярэдадні Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі пастанавіў спыніць дзейнасьць выданьня пасьля папярэджаньняў Дзяржаўнага камітэту друку. Газэта, якая выходзіла з 1990 году, была адным з найбуйнейшых незалежных грамадзка-палітычных выданьняў краіны.
Апошні нумар газэты «Свабода»
У гэты дзень нарадзіліся
1844 — Карл Бэнц, адзін з пачынальнікаў аўтамабілебудаваньня.
1884 — Уладзімер Кудрэвіч, беларускі пэйзажыст.
1908 — Анатоль Волкаў, беларускі мастак-графік. Найбольшую вядомасьць атрымаў дзякуючы ілюстрацыям да клясыкі беларускае літаратуры і сатырычным малюнкам у часопісе «Вожык».
1911 — Яўген Ціхановіч, мастак і мэмуарыст.
Яўген Ціхановіч на адпачынку ў Паланзе. 1982 г.
1922 — Ефрасіньня Бондарава, беларуская кінакрытык, гісторык кінамастацтва.
1955 — Аляксандар Казулін, кандыдат на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году, былы рэктар БДУ і былы палітычны вязень.
Аляксандар Казулін
У гэты дзень памерлі
1970 — зрабіў сабе харакіры культавы пісьменьнік сучаснасьці і адзін з найбольш вядомых літаратараў пасьляваеннай Японіі Юкіё Місіма.
1972 — Хася Прусьліна, пэдагог, удзельніца антынацысцкага падпольля ў менскім гета.
1988 — Яўгенія Янішчыц, выбітная беларуская паэтка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Яўгенія Янішчыц, паэтка, якая багоміла роднае Палесьсе і палохала беларусаў «страшным» Нью-Ёркам2016 — Фідэль Кастра, кіраўнік Кубінскай рэвалюцыі 1959 году і шматгадовы кіраўнік Кубы.
Фідэль Кастра, 2006 год
2019 — у Малі падчас францускай вайсковай апэрацыі супраць ісламісцкіх узброеных груповак загінуў беларус Андрэй Жук, вайсковец Францускага замежнага легіёну, кавалер ордэна Ганаровага Легіёну (пасьмяротна).
Андрэй Жук
2020 — Дыега Марадона, аргентынскі футбаліст, адзін з найвялікшых гульцоў у гісторыі футболу. У траўні 2018 году Марадона падпісаў трохгадовы кантракт і стаў старшынём праўленьня футбольнага клюбу «Дынама-Берасьце». 16 ліпеня ён прыехаў у Берасьце, дзе яго ўрачыста сустрэлі заўзятары, і наведаў матч «Дынама» з салігорскім «Шахцёрам». Аднак гэтым візытам ягоная роля ў працы клюбы, выглядае, і абмежавалася.
Дыега Марадона ў Берасьці