Кіраўніца Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен прэзэнтавала 22-і пакет санкцыяў супраць Расеі за вайну супраць Украіны.
«Мы будзем і надалей прапаноўваць новыя санкцыі, пакуль Расея не прадэманструе сапраўднага намеру дамагчыся трывалага міру ва Ўкраіне», — заявіла яна.
«Гэтым пакетам мы ўзмацняем ціск трыма спосабамі. Мы наносім мацнейшы ўдар па спосабах фінансаваньня Расеяй вайны, уводзячы захады супраць яе банкаў і крыптаплятформаў. Мы яшчэ больш ізалюем Расею. Мы закрываем ёй шлях да ўдзелу ў эўрапейскіх спартовых і культурных імпрэзах. Мы ўзмацняем жорсткасьць нашых візавых правілаў. І мы падвойваем намаганьні для забесьпячэньня выкананьня санкцыяў», — сказала фон дэр Ляен.
Што ўвайшло ў новы пакет санцый
Забарона транзакцый з прыкладна 60 расейскімі банкамі. Усе 60 банкаў будуць адключаныя ад сыстэмы SWIFT.
Змаганьне з крыптавалютнымі і аплатнымі сеткамі Расеі. Пад санкцыі таксама трапяць краіны, якія дапамагаюць Расеі абыходзіць абмежаваньні. Будзе створаная апэратыўная група ў пытаньнях крыптавалютных санкцыяў.
Забарона на энэргетычныя паслугі для Расеі. «Каб ніводная эўрапейская кампанія не магла дапамагаць Расеі будаваць, эксплюатаваць або рамантаваць энэргетычную інфраструктуру, асабліва нафтаперапрацоўчыя заводы. Упершыню гэтая забарона ахоплівае таксама паслугі ў сфэры электраэнэргетыкі», — гаворыцца ў заяве фон дэр Ляен.
У санкцыйны сьпіс дадалі яшчэ больш за 70 суднаў ценявога флёту.
Пад забарону трапяць усе танкеры, застрахаваныя ў Расеі.
Забарона выдаваць візы былым расейскім удзельнікам баявых дзеяньняў. «Апошнім часам мы назіраем эскаляцыю нетрадыцыйных кінэтычных дзеяньняў расейскіх апэратыўнікаў у Эўропе. Гэтая забарона — частка нашага адказу. Былыя расейскія ўдзельнікі баявых дзеяньняў ствараюць пагрозу бясьпецы Эўропы. Ім нельга дазваляць свабодна перамяшчацца па нашых краінах. Таму ўезд у Эўразьвяз будзе для іх закрыты», — патлумачыла кіраўніца Эўракамісіі.
Забарона эўрапейцам займаць пасады ў кіраўніцтве расейскіх кампаніяў.
Забарона ўдзелу расейскіх камандаў і спартоўцаў пад расейскім сьцягам у спаборніцтвах на тэрыторыі Эўразьвязу. «Мы прапануем забараніць дэманстрацыю афіцыйнай расейскай сымболікі», — адзначыла фон дэр Ляен.
Абмежаваньне фінансавых патокаў ад расейскіх спонсараў да эўрапейскіх спартовых і культурных аб’яднаньняў.
Расейцы таксама ня змогуць займаць пасады ў кіроўных органах эўрапейскіх спартовых фэдэрацыяў.
«Наша пазыцыя ясная: мы даём Украіне сілу, каб дамагчыся міру, а Расеі — усе падставы выбраць яго», — падсумавала Урзуля фон дэр Ляен.