Ужо сёньня: 30 гадоў рэфэрэндуму аб зьмене Канстытуцыі Беларусі

Прэм’ер-міністар Расеі Віктар Чарнамырдзін, Аляксандр Лукашэнка, сьпікер парлямэнту Беларусі Сямён Шарэцкі, старшыня Савета Федэрацыі Расеі Ягор Строеў размаўляюць у Менску 22 лістапада 1996 падчас урэгуляваньня крызісу, выкліканага рэфэрэндумам і імпічмэнтам Лукашэнку

Падзеі 24 лістапада ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

24 лістапада 1996 году ў Беларусі адбыўся ініцыяваны Лукашэнкам рэфэрэндум. Паводле абвешчаных уладамі вынікаў, выбарнікі падтрымалі зьмены Канстытуцыі, якія істотна пашырылі паўнамоцтвы прэзыдэнта, дазволілі яму перафармаваць парлямэнт і падоўжылі тэрмін ягонага знаходжаньня на пасадзе. Таксама былі падтрыманыя перанос Дня Незалежнасьці з 27 сакавіка на 3 ліпеня, захаваньне сьмяротнага пакараньня і забарона неабмежаванага продажу зямлі.

Вынікі рэфэрэндуму 1996 году адразу прызнала Расея, але так і не прызналі ў краінах Эўразьвязу, ЗША і большасьці краінаў дэмакратычнага сьвету.

Дэмакратычная апазыцыя назвала гэты рэфэрэндум канстытуцыйным пераваротам.

Таксама ў гэты дзень

1859 — выйшла ў сьвет кніга Чарлза Дарвіна «Аб паходжаньні відаў» з выкладаньнем тэорыі жывых арганізмаў шляхам натуральнага адбору.

Кніга Чарлза Дарвіна «Аб паходжаньні відаў шляхам натуральнага адбору, або Захаваньне найбольш прыстасаваных разнавіднасьцяў у барацьбе за жыцьцё»»

1934 — прэзыдэнту Турэччыны Мустафу Кемалю надалі ганаровы тытул «Атацюрк» («бацька туркаў»).

Турэцкія вайскоўцы нясуць плякат з партрэтам заснавальніка сучаснай Турэччыны Мустафы Кемаля Атацюрка падчас параду ў Анкары 30 жніўня 2013 году

1971 — невядомы мужчына, які назваўся Дэнам Купэрам, захапіў пасажырскі самалёт у ЗША і запатрабаваў 200 тысяч даляраў выкупу. Атрымаўшы грошы, ён скочыў з парашутам з самалёта над штатам Вашынгтон і зьнік. Яго так і не знайшлі.

1974 —у Этыёпіі знайшлі рэшткі старажытнага чалавекападобнага прымата, які атрымаў імя Люсі. Яна жыла каля 3,2 мільёна гадоў таму. Адкрыцьцё Люсі дало навукоўцам новыя доказы таго, што прамыя продкі чалавека хадзілі на дзьвюх нагах задоўга да зьяўленьня вялікага чалавечага мозгу.

Гіпэррэалістычная мастацкая рэканструкцыя самкі аўстралапітэка афарскага (Люсі), створаная на падставе знаходак у Этыёпіі. Нацыянальны музэй у Празе, 4 лютага 2025 году

1997 — улады закрылі газэту «Свабода». Першы нумар яе выйшаў 25 сакавіка 1990 году, у гадавіну ўтварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Рэдакцыя стаяла на нацыянальна-дэмакратычных пазыцыях, крытычна ставілася да асобы Аляксандра Лукашэнкі і ягоных паплечнікаў.

Газэта «Свабода», красавік 1995.

1999 — акцыя «Гадзіна смутку і свабоды» ў Менску, прымеркаваная да трэцяй гадавіны рэфэрэндуму, які істотна пашырыў паўнамоцтвы Аляксандра Лукашэнкі. Каля дзьвюх тысяч чалавек са сьвечкамі выстраіліся ўздоўж праспэкту Францішка Скарыны ад плошчы Якуба Коласа да кінатэатру «Кастрычнік».

2011 — Першамайскі раённы суд Менску асудзіў кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага на 4 з паловай гады калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Яго абвінавацілі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў з грашовых сродкаў на замежных рахунках, якія выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасьці. Бяляцкі сваёй віны не прызнаў, а міжнародныя праваабарончыя арганізацыі асудзілі ягоны перасьлед.

Алесь Бяляцкі і ягоны адвакат Дзьмітры Лаеўскі ў Першамайскім судзе Менску 24 лістапада 2011 году. (На сёньня Лаеўскі сам за кратамі паводле палітычнага прысуду)

2020 — мэдыкі Менскай бальніцы хуткай дапамогі правялі акцыю «Нуль праміле» ў падтрымку арыштаванага калегі Арцёма Сарокіна і журналісткі Tut.by Кацярыны Барысевіч.

У гэты дзень нарадзіліся

1714 — Тамаш Жаброўскі, езуіт, матэматык, астраном і архітэктар, адзін з прадстаўнікоў віленскай школы барока. Ён выкладаў у Віленскай акадэміі, заснаваў там астранамічную абсэрваторыю.

1889 — Залман Шазар, трэці прэзыдэнт Ізраілю, родам зь Міра.

1899 — Міхаіл Ганчарык, навуковец-біёляг, пісьменьнік, вязень ГУЛАГу.

1902 — Мікола Арэхва, удзельнік рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, гісторык.

1913 — Вісарыён Гарбук, празаік і паэт, вязень ГУЛАГу.

1943 — Віктар Сідзяк, фэхтавальнік, чатырохразовы алімпійскі і сяміразовы сусьветны чэмпіён. Вышэйшую спартовую адукацыю ён атрымаў у Беларусі.

1965 — Андрэй Мельнікаў, знаны беларускі бард.

Your browser doesn’t support HTML5

«Людзям патрэбная ня праўда, а камфорт»

У памяці

1937 — расстраляны Аляксандар Круталевіч, беларускі матэматык, пэдагог, аўтар падручнікаў і адзін з стваральнікаў беларускай матэматычнай тэрміналёгіі.

1943 (?) — загінуў Мікалай Азбукін, беларускі географ і дзяяч беларускага нацыянальнага руху. У сваёй кнізе «Геаграфія Эўропы» Азбукін трактаваў Беларусь як «самадастатковую краіну». Перасьледаваўся НКВД у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Імаверна, быў расстраляны нібыта за спробу перайсьці мяжу на поўдні СССР. Паводле іншай вэрсіі, яго маглі расстраляць яшчэ ў 1937–1938 гадах.

1963 — застрэлены Лі Гарві Освальд, меркаваны забойца прэзыдэнта ЗША Кенэдзі.

Джэк Рубінштэйн страляе ў Лі Гарві Освальда 24 лістапада 1963 году ў падземным гаражы паліцэйскага ўпраўленьня Даласа

1970 — Адольф Клімовіч, дзяяч беларускага руху ў Заходняй Беларусі, вязень ГУЛАГу.

Адольф Клімовіч

1991 — Фрэдзі Мэрк’юры, брытанскі сьпявак, саліст гурту Queen. За дзень да сьмерці музыка пацьвердзіў чуткі, што хварэе на СНІД.

Фрэдзі Мэрк’юры падчас канцэрту ў Парыжы 18 верасьня 1984 году