Хроніка перасьледу 23 лістапада: жыхара Ганцавіцкага раёна асудзілі за допісы «Беларускаму Гаюну» і абразу Лукашэнкі

Суд у Берасьці. Архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных прычын у Беларусі.

Жыхара Ганцавіцкага раёна асудзілі за допісы «Беларускаму Гаюну» і абразу Лукашэнкі

У Ганцавіцкім раёне 48-гадовага мужчыну асудзілі да чатырох гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (хатняя хімія).

Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 361-4 КК (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці), ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі) і ч. 1 арт. 130 КК (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці). Падставай для крымінальнай справы сталі перапіска з тэлеграм-ботам «Беларускі Гаюн» і камэнтары ў інтэрнэце, паведамляе «Віцебская Вясна».

Справу разглядалі 28 кастрычніка ў судзе Ганцавіцкага раёна Берасьцейскай вобласьці. Паводле сьледзтва, мужчына, знаходзячыся на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна, перадаваў у спэцыялізаваны тэлеграм-бот зьвесткі пра перамяшчэньне вайсковай тэхнікі.

Акрамя таго, выявілі камэнтары, якія мужчына пакідаў у 2023 годзе ў інтэрнэт-рэсурсе, прызнаным «экстрэмісцкім». У іх ён выказваўся пра Аляксандра Лукашэнку — гэтыя словы кваліфікавалі як абразу. Яшчэ адзін камэнтар, паводле вэрсіі сьледзтва, утрымліваў заклікі да гвалту і прычыненьня шкоды групе людзей паводле нацыянальнай прыкметы.

Яго прызналі вінаватым паводле ўсіх выстаўленых артыкулаў. Суд прызначыў яму чатыры гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Агулам пад крымінальны перасьлед у сувязі з вайной ва Ўкраіне ў Беларусі патрапілі як мінімум 419 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 17 лістапада: кіраўніцу прасторы «Парасон» Інгу Казючыц асудзілі на 5 гадоў калёніі

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў.

Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 20 лістапада: былога супрацоўніка КДБ асудзілі на 14 гадоў зьняволеньня за «здраду дзяржаве»