Пра сьмерць Анатоля Тараса паведаміла «Наша Ніва» са спасылкай на ягоных знаёмых, якія атрымалі інфармацыю ад сваякоў. Яму было 82 гады. Паводле выданьня, прычынай сьмерці стаў інсульт.
Анатоль Тарас нарадзіўся 24 траўня 1944 году ў прыгарадзе Гомля. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, пазьней — асьпірантуру ў Маскве. Працаваў у навуковых установах, а з 1990-х гадоў займаўся выдавецкай дзейнасьцю. Быў галоўным рэдактарам выдавецтва «Харвэст» і рэдактарам гістарычнага альманаху «Деды».
Тарас быў аўтарам, рэдактарам і ўкладальнікам каля ста кніг. Сярод найбольш вядомых ягоных працаў — «Войны Московской Руси с Великим княжеством Литовским и Речью Посполитой в XIV–XVII вв.», «История имперских отношений: белорусы и русские. 1772–1991», «Беларусь превыше всего! О национальной беларуской идее» і «Краткий курс истории Беларуси IX–XXI веков».
Адным зь ягоных найбольш вядомых выдавецкіх праектаў стала сэрыя «100 выдатных дзеячоў беларускай культуры» — невялікія кнігі пра беларускіх мастакоў, пісьменьнікаў, музыкаў і навукоўцаў. Праект рэалізоўваўся безь дзяржаўнай падтрымкі.
У 2016 годзе ў размове з Радыё Свабода Тарас тлумачыў, што ідэя ўзьнікла, калі ён убачыў аналягічную расейскую сэрыю і задумаўся, чаму няма такіх кніг пра беларусаў.
«На жаль, мы жывём у такой краіне, дзе няма традыцыі шанаваць сваё», — казаў ён.
У апошнія гады беларускія ўлады прызналі некалькі працаў Анатоля Тараса «экстрэмісцкімі». У верасьні 2022 году ў адпаведны сьпіс трапіла кніга «Кароткі курс гісторыі Беларусі IX–XXI стагодзьдзяў», а ў студзені 2023 году — яшчэ некалькі выданьняў, у тым ліку «Беларусь превыше всего! О национальной беларуской идее» і «Страницы прошлого: статьи по истории Беларуси».