Хрэнін: у Беларусі прызыўны рэсурс перавышае патрэбы арміі, а да вайны трэба рыхтавацца, «каб яе не было»

Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін ў 72-м гвардзейскім Аб’яднаным навучальным цэнтры ў Барысаве, 21 лістапада 2026

У Беларусі ва ўсіх вайсковых частках 21 лістапада адбылася цырымонія складаньня прысягі маладых людзей, якіх прызвалі на тэрміновую службу. Сёлета шэрагі войска папоўнілі больш за 10 тысяч чалавек.

Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін прыехаў на складаньне прысягі вайскоўцамі ў 72-м гвардзейскі Аб’яднаны навучальны цэнтар, што дысьлякуецца ў Барысаве.

Як паведаміла прэсавая служба Міністэрства абароны, Хрэнін адзначыў «павелічэньне ўзроўню моладзі ў здольнасьці асвойваць праграмы баявой падрыхтоўкі».

«Сёньня па ўсёй краіне складаюць вайсковую прысягу больш за 10 тысяч навабранцаў. Магу з упэўненасьцю сказаць, што ўсе яны невыпадковыя людзі. Колькасьць прызыўнога рэсурсу сёньня перавышае патрэбы Ўзброеных сіл. У прызыўных камісій ёсьць магчымасьць адабраць найбольш матываваных, моцных і падрыхтаваных хлопцаў», — заявіў Віктар Хрэнін.

Паводле Хрэніна, цяпер беларуская армія — ня тая, што была 10, 5 і нават тры гады таму.

«Мы павінны зрабіць усё, каб у нашага патэнцыйнага праціўніка нават найменшай ахвоты не было напасьці на нашу краіну. Для гэтага мы маем усё. І галоўнае — матываваныя і падрыхтаваныя людзі», — сказаў ён.

Сярод прыярытэтаў разьвіцьця войска міністар абароны назваў якасьць падрыхтоўкі вайскоўцаў, забесьпячэньне тэхнікай і тэхналёгіямі, а таксама падрыхтоўка да вайны, «каб яе ніколі не было».

«Трэці прыярытэт — гэта тая стратэгія, якую мы вызначылі: рыхтавацца да вайны так, каб яе ніколі не было. Для гэтага мы арыентуемся на першыя два прыярытэты, на тыя задачы, якія ставіць галоўнакамандуючы, і на ўсе кірункі будаўніцтва і разьвіцьця Ўзброеных сіл», — сказаў ён.

Віктар Хрэнін паведаміў, што сёлета Ўзброеныя сілы атрымалі «больш за 40 тысяч розных узораў узбраеньня: гэта і сучасныя сродкі сувязі, бесьпілётныя комплексы, радыёэлектроннае абсталяваньне, праграмнае забесьпячэньне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка хоча, каб і суды падрыхтаваліся да працы ва ўмовах ваеннага часу

Чаму гэта важна

Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць беларускую вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі ва Ўкраіну і абстрэлаў там мірных гарадоў, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

У схемы падтрымкі расейскай агрэсіі цяпер уключаны шэраг беларускіх прадпрыемстваў у розных сфэрах вытворчасьці.

З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў Беларусі фактычна бесьперапынна адбываюцца вайсковыя вучэньні, якія Аляксандар Лукашэнка тлумачыў пагрозамі й імавернасьцю ўварваньня на беларускую тэрыторыю з Польшчы, Літвы ці Ўкраіны. Аднак за ўвесь час з 2022 году не было ніводнага доказу наяўнасьці такіх плянаў.

Сёлета ў чэрвені й ліпені ўлады і вайсковае кіраўніцтва Беларусі надалей гаварылі аб плянах «калектыўнага Захаду» напасьці на Беларусь і Расею. З адпаведнымі заявамі выступіў міністар абароны Віктар Хрэнін на паседжаньні Рады міністраў абароны краінаў АДКБ у Маскве, а потым і на IV «Міжнародным антыфашысцкім кангрэсе» ў Менску, дзе ён абвінаваціў эўрапейцаў у «нацысцкім мэнталітэце» і рыхтаваньні да вайны.

Але ўжо ў канцы ліпеня Хрэнін у дакладзе Аляксандру Лукашэнку заявіў пра спакойную вайскова-палітычную абстаноўку вакол Беларусі і «брак прыкметаў рыхтаваньня да актыўных дзеяньняў з боку суседніх дзяржаваў».

16 жніўня камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Беларусі Андрэй Лук’яновіч ужо канстатаваў брак вонкавай пагрозы для Беларусі і аднаўленьне апэратыўных кантактаў з Латвіяй, Літвой і Польшчай.

Расея і Ўкраіна нарошчваюць выкарыстаньне дронаў у вайне. Падчас абстрэлаў расейскія і ўкраінскія дроны сталі часьцей залятаць на тэрыторыю Беларусі. Аб гэтых фактах паведамляюць ня ўлады Беларусі, а ўкраінскія маніторынгавыя каналы.

Вядома некалькі выпадкаў, калі расейскія і ўкраінскія дроны з тэрыторыі Беларусі заляталі ў краіны Балтыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка на саміце АДКБ заявіў, што Пуцін і ён не рыхтуюцца да вайны з NATO. А як насамрэч?