Экспэрт Ігар Тышкевіч заявіў аб шантажы і спробе КДБ завэрбаваць яго пасьля затрыманьня ягонай жонкі

Ігар Тышкевіч. Архіўнае фота

Палітычны аналітык Ігар Тышкевіч, які паходзіць зь Беларусі і ўжо доўгі час жыве і працуе ва Ўкраіне, пацьвердзіў інфармацыю аб вынясеньні прысуду ягонай жонцы Вользе Харламавай да 10 гадоў пазбаўленьня волі і вялікім штрафе.

«Ключавы артыкул — здрада дзяржаве. Яна была затрыманая (з другой спробы) КДБ Беларусі 26 чэрвеня 2025 году. Праз 2 гадзіны па затрыманьні яе „папрасілі“ набраць мяне. Далей была амаль трохгадзінная спроба вярбоўкі і шантажу. Дзе шантажавалі „будущим вашей супруги и состоянием её мамы)“. Тут варта адзначыць, што маці Вольгі цяжка хворая і гэта быў адзін з асноўных „якараў“, які трымаў яе ў Беларусі», — паведаміў Ігар Тышкевіч на сваёй старонцы ў Facebook.

Паводле яго, КДБ цікавіла інфармацыя пра беларусаў, якія ваююць на баку Ўкраіны, ягоныя кантакты з украінскімі палітыкамі, дзяржаўнымі органамі і структурамі, што зьяўляюцца часткай Сілаў абароны Ўкраіны, а таксама ягоная аналітыка.

Ігар Тышкевіч паведаміў, што запісаў гэтую размову і перадаў на вывучэньне супрацоўнікам СБУ. «І мая пазыцыя, і пазыцыя Вольгі, якая (як прадчувала) напярэдадні ўзяла зь мяне слова, што ў выпадку, калі будзе „шантаж ёю“, я на такі не паддамся», — расказаў ён.

Палітычны аналітык таксама адзначыў, што падчас сьледзтва сілавікі мянялі артыкулы, якія ёй інкрымінавалі, а потым на Вольгу пачалі ціснуць.

«У выніку тры артыкулы абвінавачваньня, асноўны зь якіх „здрада дзяржаве“. Далей суд, які пачаўся ў жніўні, і пасяджэньні працягваліся да ўчора. І прысуд, пра які ўжо інфармацыя пайшла. Публічнасьць у гэтай справе. Сьвядомае рашэньне блізкіх і сяброў не рабіць кейс публічным. У гэтым была пэўная лёгіка, зьвязаная і з украінскім бокам. Пра якую я буду гатовы адказваць толькі пасьля таго як Вольга будзе на свабодзе і пасьля заканчэньня/замарозкі вайны», — напісаў Ігар Тышкевіч.

Паводле яго, інфармацыю плянавалі апублікаваць пазьней, — быў патрэбны час, каб данесьці гэтыя зьвесткі «да тых з блізкага кола, для каго яна магла стаць зацяжкім ударам».

Што папярэднічала

20 лістапада Андрэй Стрыжак паведаміў, што Вользе Харламавай вынесьлі прысуд паводле абвінавачваньня ў «здрадзе дзяржаве» (артыкул 356 Крымінальнага кодэксу).

Вольгу Харламаву асудзілі на 10 гадоў калёніі агульнага рэжыму і 15 000 базавых велічынь (675 тысяч рублёў) штрафу.

Асуджаная была аналітыкам праекту Media IQ, часта камэнтавала падзеі ў Беларусі розным беларускім і замежным СМІ.

Вольгу Харламаву затрымалі ў канцы чэрвеня 2025 году. Праваабаронцы прызналі яе палітзьняволенай.

Да суду Вольгу ўтрымлівалі ў СІЗА-1, што ў Калядзічах пад Менскам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Аналітыка Вольгу Харламаву асудзілі на 10 гадоў калёніі