Акрамя таго, у Менскай вобласьці заплянавалі будаўніцтва заводу ў спальваньні сьмецьця. Пра гэта паведаміў прадстаўнік Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Максім Тарасаў на прэс-канфэрэнцыі «Экалягічная бясьпека — нацыянальны прыярытэт: як перапрацоўка становіцца рэсурсам разьвіцьця», піша «Зялёны партал».
Паводле слоў чыноўніка, у межах падпраграмы «Мэта 99» дзяржаўнай праграмы «Экалёгія» на 2026–2030 гады прадугледваецца праца над дзевяцьцю аб’ектамі смецьцеперапрацоўкі: будаўніцтва пяці новых заводаў, двух пераходных аб’ектаў і распрацоўка праектна-каштарыснай дакумэнтацыі яшчэ для двух прадпрыемстваў.
Дзе будуюць новыя прадпрыемствы
Прадстаўніца дзяржаўнай установы «Апэратар другасных матэрыяльных рэсурсаў» Сьвятлана Мацкевіч расказала, што новыя комплексы ў абыходжаньні з камунальнымі адкідамі ўжо будуюцца ў Гомлі, Ваўкавыску, Пінску і Пухавічах.
На гэтых аб’ектах плянуюць сартаваць адходы, адбіраць матэрыялы для далейшай перапрацоўкі і кампаставаць арганічную фракцыю.
Таксама прадугледжаная падрыхтоўка РДФ-паліва (RDF) для выкарыстаньня на цэмэнтных заводах. Паводле слоў Мацкевіч, праект выкарыстаньня РДФ-паліва ўжо рэалізуецца на «Краснасельскбудматэрыялах». Аналягічныя праекты плянуюцца ў Крычаве і Касьцюковічах.
Максім Тарасаў удакладніў, што на прадпрыемстве «Крычаўцэмэнташыфэр» прадугледжана стварэньне магутнасьцяў па выкарыстаньні 72,7 тысячы тон РДФ-паліва ў год, а на Беларускім цэмэнтавым заводзе — яшчэ 76,6 тысячы тон.
Чыноўнік таксама паведаміў, што ў дзяржаўную праграму «Экалёгія» ўнесьлі зьмяненьні, якія прадугледжваюць будаўніцтва завода ў спальваньня сьмецьця ў Менскай вобласьці. Дакладнае месцазнаходжаньне прадпрыемства, яго магутнасьць, кошт і тэрміны будаўніцтва на прэс-канфэрэнцыі не называлі.