Фонд Аляксея Талая стварае рэабілітацыйны цэнтар для ўкраінскіх дзяцей, вывезеных з акупаваных Расеяй тэрыторыяў

Аляксей Талай (у вазку ў цэнтры) каля рэабілітацыйнага цэнтру пад Барысавам

Праз падобныя праекты фонд Талая займаецца мілітарызацыяй вывезеных з Украіны дзяцей, навязваньнем ім ідэяў «рускага міру» і расейскага погляду на агрэсію Расеі супраць Украіны.

Як паведаміла дзяржаўнае выданьне «Мінская праўда», фонд Аляксея Талая купіў будынак на тэрыторыі гістарычнай сядзібы і, як заяўлена, займаецца рэстаўрацыяй і пераабсталяваньнем яго ў рэабілітацыйны цэнтар.

Цяпер заканчваецца рамонт будынку, у якім плянуецца наладзіць рэабілітацыю ўкраінскіх дзяцей з ампутацыямі, якія паходзяць з з акупаваных Расеяй тэрыторый, а таксама беларускіх дзяцей, якія сталі інвалідамі ў выніку няшчасных выпадкаў.

Матывацыйныя сэсіі тут зьбіраецца праводзіць сам Талай, вядомы сваёй падтрымкай вайны Расеі супраць Украіны. Талай ужо выступаў зь лекцыямі на гэтую тэму ў Барысаўскім раёне.

Будынак месьціцца на тэрыторыі былой сядзібы Радзівілаў, а потым расейскіх вялікіх князёў у прадмесьці Барысава — Старабарысаве.

У будынку на 800 квадратных мэтраў цяпер ідуць унутраныя працы. Талай прызнаў, што праект фінансуецца дзякуючы «падтрымцы з Расеі».

Чаму гэта важна

Аляксей Талай знаходзіцца пад санкцыямі Эўразвязу, ЗША, Украіны за ўдзел у прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь і іх далейшае незаконнае ўсынаўленьне.

Сёлета Эўрапарлямэнт асудзіў «сыстэматычную дэпартацыю, прымусовае перамяшчэньне, незаконнае ўсынаўленьне, русыфікацыю, ідэалягічную апрацоўку і мілітарызацыю ўкраінскіх дзяцей Расеяй, у тым ліку пры ўдзеле Беларусі і Паўночнай Карэі».

У рэзалюцыі прыведзеныя вынікі дасьледаваньня Лябараторыі гуманітарных дасьледаваньняў Ейльскага ўнівэрсытэту, апублікаванага ў 2023 годзе. Паводле гэтых зьвестак, на той час ня менш за 2442 украінскія дзіцяці былі вывезеныя ў 13 установаў у Беларусі, дзе праходзілі палітычнае перавыхаваньне і вайсковую падрыхтоўку.

Паводле зьвестак украінскіх уладаў, прыведзеных у дакумэнце, на верасень 2026 году быў пацьверджаны 20 651 выпадак дэпартацыі і прымусовага перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей у Расею, у тым ліку празь Беларусь. На 28 кастрычніка ўдалося вярнуць 2752 дзіцяці.

Афіцыйны Менск адкідае абвінавачваньні ў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Выбар бяз выбару. Як украінскія дзеці трапляюць у Беларусь на «адпачынак» і чым тут займаюцца 
  • Паводле розных ацэнак, з пачатку вайны ў Беларусь вывезьлі сама меней 2,5 тысячы ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны (паводле ацэнкі «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» — ня менш за 3,5 тысячы).
  • Праваабаронцы вызначылі 18 беларускіх інстытуцыяў, куды з 2021 па 2026 гады рэгулярна вывозілі ўкраінскіх дзяцей ва ўзросьце ад шасьці гадоў.
  • Паводле справаздачаў праваабаронцаў і расьсьледаваньня Свабоды, дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны, якіх прывозяць у Беларусь нібыта на адпачынак, перавыхоўваюць у духу любові да Расеі і мілітарызуюць у інтарэсах расейскай дзяржаўнай палітыкі выкараненьня ўкраінскай нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасьці.
  • «Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне» зьбірае зьвесткі аб перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей з «ДНР» і «ЛНР» у Беларусь. У 2023 годзе НАУ перадало ў Міжнародны крымінальны суд матэрыялы аб незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей і аб ролі ў ім Беларусі.
  • Паводле расьсьледаваньняў, да выкраданьня і індактрынацыі ўкраінскіх дзяцей спрычыніліся беларускі паралімпіец і праўладны грамадзкі дзяяч Аляксей Талай, ААТ «Беларуськалій», Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускі Чырвоны Крыж і іншыя структуры.
  • 17 сакавіка 2023 году Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага омбудсмана РФ Марыі Львовай-Бяловай за вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў. Беларускія дэмакратычныя сілы дамагаюцца таго самага для Аляксандра Лукашэнкі, які прызнаўся ва ўдзеле ў вывазе ўкраінскіх дзяцей.
  • Беларусь не далучылася да Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суду (МКС), але рэжым Лукашэнкі можа быць прыцягнуты да адказнасьці за ўдзел у вывазе ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў, калі ёсьць доказы гэтага, заявіў у кастрычніку 2024 году прэс-сакратар Міжнароднага крымінальнага суду Фадзі эль-Абдала.
  • ПАРЭ прыняла рэзалюцыю, у якой прызнала гвалтоўную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расею генацыдам, а Аляксандра Лукашэнку і ўрад Беларусі — датычнымі да яго.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Праваабаронцы ідэнтыфікавалі больш за 2 тысячы ўкраінскіх дзяцей, якіх вывозілі ў Беларусь для «перавыхаваньня»