Беларуская пісьменьніца Вольга Гапеева стала ляўрэаткай Прэміі братоў Грым горада Ганаў 2026 года (Brüder-Grimm-Preis der Stadt Hanau).
Прэмія прысуджана за кнігу эсэ на нямецкай мове Wörterbuch einer Nomadin (Слоўнік вандроўніцы), у якой аўтарка дасьледуе ўзаемасувязі паміж мовай, домам, ідэнтычнасьцю і пачуцьцём прыналежнасьці, піша мясцовы сайт Hanau.de.
Журы адзначыла, што з элемэнтаў розных моў Вольга Гапеева стварае вобраз «дома мовы», які дапамагае захоўваць апору ў пастаянным руху і адарванасьці ад радзімы. Прызавы фонд прэміі складае 10 000 эўра.
Цырымонія прайшла ўвечары 16 лістапада ў чытацкай кавярні Культурнага форуму Ганаў (Kulturforum Hanau), дзе ўзнагароду ўручыў обэр-бургамістр горада Максіміліян Біры.
Кніга выйшла ў аўстрыйскім выдавецтве Literaturverlag Droschl у лютым 2026 году.
«Вольга Гапеева прадстаўляе «слоўнік» сваіх гадоў жыцьця ў якасьці вандроўніцы паміж Беларусьсю, Нямеччынай, Крытам і Японіяй, які зьяўляецца адначасова паэтычным, асабістым і палітычным.
Кніга Гапеевай — гэта паэтычнае роздум пра мову, ідэнтычнасьць і адчуваньне прыналежнасьці. Аўтарка дасьледуе тэмы дома і чужыны, гендару і патрыярхату, а таксама магчымасьць быць «чалавекам» па-за межамі тых ярлыкоў, якія нам навязваюць»,— піша пра кнігу выдвецтва.
Літаратурная прэмія братоў Грым горада Ганаў заснаваная на радзіме славутых казачнікаў Якаба і Вільгельма Грымаў. Яна ўручаецца раз на два ці тры гады за выдатныя празаічныя, паэтычныя або драматургічныя творы, напісаныя на нямецкай мове. Для Вольгі Гапеевай гэта ўжо не першая буйная нямецкамоўная ўзнагарода — у 2022 годзе яна атрымала прэстыжную прэмію Wortmeldungen.
Хто такая Вольга Гапеева
Вольга Гапеева нарадзілася ў 1982 годзе ў Менску, паэтка, празаік, перакладчыца. З 2020 году жыве ў Аўстрыі і Нямеччыне.
Закончыла Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт (2004), магістратуру ў галіне гэндэрных дасьледаваньняў у Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце ў Вільні (2007). Кандыдат філялягічных навук (2012). Удзельніца міжнародных канфэрэнцый і літаратурных фэстываляў, сябра Беларускага ПЭН-Цэнтру.
Друкуецца з 1999 году ў пэрыёдыцы і анталёгіях. Піша паэзію, прозу, драматургію. Займаецца літаратурным перакладам з ангельскай, нямецкай, кітайскай, японскай, латыскай, вывучае гэндэрную праблематыку ў культуры і літаратуры, займаецца дасьледаваньнямі ў галіне кампаратыўнай лінгвістыкі, філязофіі мовы і сацыялёгіі цела.
Аўтарка зборніка «Рэканструкцыя неба» (Менск, 2003), кніг паэзіі «Няголены ранак» (Менск, 2008), «Мэтад муаравых крэсак» (Менск, 2012), «Прысак і пожня» (Менск, 2013), «Граматыка сьнегу» (Менск, 2017), «Чорныя макі» (Менск, 2019), «Словы, якія са мною адбыліся» (Менск, 2020), «Mutantengarten» (Ottensheim/Donau—Graz, 2020$ па-ангельску: Todmorden, 2021), «Парадокс „Немаўля“» (Менск, 2022), прозы «(В)ядомыя гісторыі» (Вільня, 2016), раманаў «Кэмэл-Трэвэл» (Менск, 2019; па-нямецку, Wien—Graz, 2021), «Самота, якая жыла ў пакоі насупраць» (Менск, 2019), кніг для дзяцей «Сумны суп» (Менск, 2014), «Дзьве авечкі» (Менск, 2017), «Адна шкарпэтка» (Менск, 2020), паэтычнага календара «Там, дзе нараджаецца сьнег» (Менск, 2020), а таксама мовазнаўчых прац «Сэмантыка ірэальнасьці: волевыяўленьне ў беларускай і англійскай мовах» (Менск, 2019), «Кантрастыўны семны слоўнік аптатыўнай лексыкі беларускай і ангельскай моў» (Менск, 2019).
Ляўрэатка прэміі часопіса «Дзеяслоў» «Залаты апостраф» (2010), прэміі імя Янкі Маўра (2013), прэміі «Кніга года» ў намінацыі «Дзіцячая літаратура» (2015), прэміі Цёткі (2021), піша пра Вольгу Гапееву сайт Bellit.info.