Пад Сьветлагорскам хочуць пашырыць цэлюлёзна-кардонны камбінат і пабудаваць палігон для адкідаў

Фабрыка ў Якімавай Слабадзе, архіўны здымак

Грамадзкія абмеркаваньні пачаліся і пройдуць да 11 сьнежня. Раней ужо сама пабудова прадпрыемства цэлюлёзы выклікала вялікія пратэсты мясцовых жыхароў. Іх спыніў толькі вялікі ціск сілавікоў. Тым часам за некалькі гадоў на фабрыцы загінулі і атрымалі траўмы некалькі чалавек.

Сьветлагорскі райвыканкам абвясьціў пра грамадзкія слуханьні ў рэканструкцыі цэлюлёзна-вытворчага аб’екту на Сьветлагорскім цэлюлёзна-кардонным камбінаце. Кансультацыі будуць праходзіць да 11 сьнежня.

Цэлюлёзна-кардонны камбінат быў праблемным з самага пачатку — на працягу некалькіх гадоў мясцовыя жыхары скардзіліся на пэрыядычныя рэзкія пахі, якія зыходзяць ад выкідаў заводу. Яны скардзіліся і пратэставалі.

Цяпер на заводзе будуць новыя крыніцы таксычных выкідаў, піша выданьне «Флагшток».

Грамадзяне могуць падаваць заяўкі на сустрэчу для абмеркаваньня справаздачы аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе і заявы аб намеры правядзеньня грамадзкай экалягічнай экспэртызы да 25 лістапада.

Што ў праекце

У пляне шэраг будаўнічых працаў для новых аб’ектаў:

  • будаўніцтва палігону для ўтылізацыі прамысловых адкідаў Сьветлагорскага ЦКК, якія не падлягаюць перапрацоўцы (1-ы і 3-і этапы будаўніцтва);
  • будаўніцтва лініі вытворчасьці адбеленай і неадбеленай цэлюлёзы магутнасьцю 200 000 тон у год (2-і этап будаўніцтва);
  • будаўніцтва новай аўтаматызаванай лініі вытворчасьці паперы для мяшкоў магутнасьцю 160 000 тон у год.

Прапанаваная вытворчасьць разьмяшчаецца на існуючай вытворчай пляцоўцы Сьветлагорскага цэлюлёзна-кардоннага камбінату. Палігон плянуюць пабудаваць на пляцоўцы, разьмешчанай на паўднёвы ўсход ад Сьветлагорску, на поўдзень ад ЦКК і Сьветлагорскага хімвалакна.

На поўдзень ад палігону ўжо ёсьць іншы палігон. Да пляцоўкі меркаванага будаўніцтва прылягае існуючы Сьветлагорскі палігон цьвёрдых камунальных адкідаў (КУП «Сьветач»), разьмешчаны за 4 км на паўднёвы ўсход ад гораду.

Найбліжэйшы жылы масіў (сядзібная забудова вёскі Якімава Слабада) разьмешчаны на паўночны ўсход, за 2,5 км ад мяжы палігону. А вось найбліжэйшая жылая зона, у той жа Якімавай Слабадзе, разьмешчаная за 540 мэтраў ад мяжы тэрыторыі, якая разглядаецца для будаўніцтва.

Рашэньне павінны прыняць да 5 лютага 2027 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Адзін прастойвае, іншы ў эміграцыі. Як некалі інавацыйныя заводы сталі праблемай для беларускіх уладаў і інвэстараў

Папярэднія пратэсты і стан фабрыкі

Доўгі час Беларусь імпартавала беленую цэлюлёзу — гэта важная сыравіна для паперы. Яе вытворчасьці ў краіне не існавала, пакуль на базе Сьветлагорскага цэлюлёзна-кардоннага камбінату вырашылі наладзіць свой выраб беленай цэлюлёзы.

У кастрычніку 2010-га ўлады Беларусі падпісалі кантракт з кітайскай фірмай САМСЕ на будаўніцтва заводу сульфатнай беленай цэлюлёзы. 85% сумы на будаўніцтва новага заводу на базе Сьветлагорскага ЦКК — гэта кітайскі крэдыт у 800 мільёнаў даляраў. Плянавалася, што новае прадпрыемства пачне працу ў 2015 годзе.

У 2016 Сьветлагорскі ЦКК увайшоў у дзясятку самых стратных кампаніяў краіны, заняўшы ў сьпісе другое месца (на першым апынуўся «Гомсельмаш»). Завод яшчэ не запусьцілі, а мясцовыя жыхары ўжо скардзіліся на смурод і кепскае самаадчуваньне ад яго.

У 2019 годзе завод пакінулі кітайскія інвэстары. Прычынамі назвалі будаўніцтва з адставаньнем ад графіку, парушэньне нормаў, факты пастаўкі бракаванага абсталяваньня. Кітайскія падраднікі ў выніку адмаўляліся ўводзіць завод у эксплюатацыю. Кантракт скасавалі, даводзіць прадпрыемства да ладу давялося ўжо беларусам. Да верасьня 2019 году высьветлілася, што для заводу так і не распрацавалі мэтодыкі вымярэньня шкодных выкідаў.

Пра нездавальняючы стан бясьпекі на прадпрыемстве і адсутнасьць клопату пра навакольную прыроду яшчэ на стадыі будаўніцтва папярэджвалі мясцовыя жыхары. Але замест патрэбных захадаў кантролю, сілавікі і мясцовыя ўлады перасьледавалі пратэстоўцаў у адміністрацыйным парадку. Акрамя таго, пацярпелі й незалежныя журналісты зь мясцовай газэты «Ранак». Рэдакцыю абвясьцілі «экстрэмісцкай» і перасьледавалі галоўнага рэдактара і журналістаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Каторы месяц не магу дазнацца, дзе мой пашпарт». Беларускі журналіст ня можа легалізавацца ў Эўропе

Трагічныя здарэньні на прадпрыемстве

У 2020 годзе завод яшчэ не дасягнуў поўнай магутнасьці, але там адбылося адразу некалькі трагічных здарэньняў.

30 ліпеня паведамлялі пра аварыю, падчас якой пацярпелі двое рабочых. Адзін зь іх, кваліфікаваны зварнік Аляксей Сасноўскі, неўзабаве памёр. 19 кастрычніка гэтага ж году на заводзе адбыўся выбух і пачаўся пажар. У выніку здарэньня загінуў яшчэ адзін зварнік, Аляксандар Русіновіч.

16 студзеня 2021 году двое рабочых атруціліся на заводзе хлёрам, абодва апынуліся ў лякарні.

У 2022 годзе на камбінаце адбыўся пажар, гарэлі адыходы драніцаў і пілавіньне.

7 чэрвеня 2023 году на заводзе адбыўся выбух, у выніку якога загінулі тры чалавекі.

Тады ж у 2023 годзе завод праз суд аштрафавалі за нясвоечасовае афармленьне прыродаахоўных дакумэнтаў. Згодна з інфармацыяй суразмоўцаў Свабоды, жыхары Сьветлагорскага раёну па-ранейшаму цярпяць ад смуроду з гэтага прадпрыемства, сам завод працуе.

Улады Беларусі некалькі разоў фінансава падтрымлівалі прадпрыемства. Напрыклад, у 2023 годзе дзяржава павялічыла сваю долю ў ім.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі будзе яшчэ адзін цэлюлёзны завод, і зноў на кітайскіх тэхналёгіях