У час птушкаваньня адмыслоўцы знайшлі найбуйнейшае з усіх вядомых на тэрыторыі парку гнёздаў гэтага віду, піша «Гомельская праўда».
Арлан-белахвост — буйная птушка, размах яе крылаў дасягае 2,6 мэтра. Гэта самы буйны драпежнік, які гняздуецца ў Цэнтральнай і Паўночнай Эўропе. Жыцьцё арлана моцна зьвязанае з вадой: ён селіцца ля рэк, старыц, азёр і на балотах, дзе палюе на рыбу і вадаплаўных птушак.
Калі арлан упадаба нейкае месца, значыць, экасыстэма тут здаровая, кажуць навукоўцы. Птушкі ствараюць пары на дзесяцігодзьдзі і штогод вяртаюцца на адзін і той жа ўчастак.
У Беларусі арлан-белахвост — вельмі рэдкі від, таму ён занесены ў Чырвоную кнігу. Большая частка папуляцыі жыве на поўдні краіны, на Палесьсі, перш за ўсё ў басэйне Прыпяці.
Нацыянальны парк «Прыпяцкі» зь яго поймавымі лясамі і некранутымі балотамі — адно з ключавых месцаў для птушкі. Але тое, што цяпер знайшлі найбуйнейшае месца для гнездаваньня арлана-белахвоста, — вялікая падзея для заолягаў.
Што яшчэ вядома пра арлана-белахвоста?
Гняздо арлана будуецца з тоўстых галінак, усярэдзіне высьцілаецца карой і лісьцем. Пара дабудоўвае яго кожны год, таму з часам яно можа вырасьці да двух мэтраў у дыямэтры і паўтара мэтра ў вышыню.
Гнёзды арланы выкарыстоўваюць гадамі, а часам заводзяць некалькі на адным участку і чаргуюць іх. Звычайна маюць ад аднаго да трох яек, выседжваньне доўжыцца каля 40 дзён.
Галоўная пагроза для гэтай птушкі — чалавек. Перашкоды ў час гнездаваньня, высечка старых лясоў, асушваньне балот, недахоп корму, сутыкненьні з ЛЭП і ветракамі, атручваньні і браканьерства — усё гэта адбіваецца на папуляцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Балотны бум. Ельня дзякуючы праграмам міжнароднай дапамогі б’е турыстычныя рэкорды. ФОТАНовая ахоўная зона
Каб абараніць птушку, вакол кожнага гнязда ствараюць ахоўную зону радыюсам ня менш як 500 метраў. Зь лютага па ліпень тут забароненыя высечкі, гаспадарчая дзейнасьць і знаходжаньне людзей, акрамя работнікаў парку. Нельга выкарыстоўваць тэхніку, разводзіць вогнішчы і запускаць дроны.
Новы ўчастак з найбуйнейшым гняздом таксама возьмуць пад ахову: аформяць пашпарт і ахоўнае абавязальніцтва, уключаць у маніторынг навуковага аддзелу парку.
Адміністрацыя «Прыпяцкага» просіць наведвальнікаў быць асьцярожнымі зь лютага па ліпень: нават невялікі неспакой можа прымусіць птушку назаўжды кінуць гняздо.
Турыстаў просяць не пакідаць экасьцежак, не набліжацца да магчымых месцаў гнездаваньня, ня ладзіць пікнікі ў неналежных месцах, шанаваць цішыню і не запускаць дроны. Калі ж нехта выпадкова знайшоў гняздо драпежнай птушкі — ня варта падыходзіць да яго, трэба паведаміць адміністрацыі парку.
А іншая птушка — зьнікла
Арлан-белахвост — вельмі рэдкая птушка, і таму яна ў Чырвонай кнізе Беларусі, старанна ахоўваецца. Ахоўваецца таму, што ёй пагражае зьнікненьне, прынамсі на беларускай зямлі. І шляхоў выхаду з Чырвонай кнігі два: альбо від пад пагрозай пачынае разьвівацца і расьсяляцца, пазбаўляючыся рызык, альбо зьнікае з тэрыторыі цалкам.
Менавіта тое сёлета адбылося з іншай птушкай, скапой. Раней было зафіксавана, што ў Вушацкім раёне скапа гнязьдзілася на дзьвюх пляцоўках дастаткова вялікай плошчы — 123,3 і 111,6 гектара.
Аднак сёлета ахоўны рэжым скасавалі «ў сувязі з выяўленьнем факту зьнікненьня месца расьсяленьня дзікай жывёлы», унесенай у Чырвоную кнігу Беларусі.
У Чырвоную кнігу Беларусі ўваходзяць 213 відаў дзікіх жывёлаў і 310 расьлінаў. Да апошніх зьменаў у ёй статус ахоўных мелі 202 віды жывёлаў і 303 расьліны.