Дата дня
28 кастрычніка 1939 году ў акупаванай фашыстамі Чэхаславаччыне праскія студэнты і іх выкладчыкі выйшлі на дэманстрацыю, каб адзначыць гадавіну ўтварэньня Чэхаславацкай дзяржавы. Войскі акупантаў разагналі дэманстрацыю, пры гэтым быў забіты рабочы Вацлаў Сэдлачак і цяжка паранены студэнт мэдычнага факультэту Карлавага ўнівэрсытэту Ян Оплэтал, які 11 лістапада памёр. Ягонае пахаваньне 15 лістапада перарасло ў акцыю пратэсту. У ноч з 16 на 17 лістапада акупанты правялі масавыя арышты студэнтаў, закрылі чэскія ўнівэрсытэты, а 9 кіраўнікоў студэнцкага руху расстралялі без суду. Больш за тысячу арыштаваных студэнтаў адправілі ў канцэнтрацыйны лягер Заксэнгаўзэн.
У 1941 годзе Міжнародная студэнцкая рада ў памяць пра гэтыя падзеі абвясьціла 17 лістапада Міжнародным днём студэнтаў.
17 лістапада 1989 году ў Празе адбыліся студэнцкія дэманстрацыі, што далі пачатак «Аксамітнай рэвалюцыі». У Чэхіі і Славаччыне 17 лістапада адзначаецца як Дзень барацьбы за свабоду і дэмакратыю.
Студэнцкая дэманстрацыя 17 лістапада 1989 году ў Празе
Таксама ў гэты дзень
1929 — пленум ЦК УсеКП(б) прыняў рэзалюцыю аб паскарэньні калгаснага будаўніцтва, пачалася масавая прымусовая калектывізацыя, якая суправаджалася раскулачваньнем, дэпартацыямі, супрацівам сялян і масавымі рэпрэсіямі.
1973 — у Грэцыі ўлады задушылі студэнцкае паўстаньне супраць вайсковай дыктатуры «чорных палкоўнікаў». 14 лістапада студэнты занялі Атэнскі політэхнічны інстытут, зладзілі ўласную радыёстанцыю і заклікалі грэкаў выступіць супраць дыктатуры. Да пратэстаў далучыліся тысячы жыхароў сталіцы. Уначы 17 лістапада танк праламіў галоўную браму інстытуту, а сілавікі з стралянінай задушылі пратэсты. Загінулі 24 чалавекі, сотні былі параненыя і арыштаваныя.
Пратэст студэнтаў у Атэнскім політэхнічным унівэрсытэце, 1973 год
2020 — у чэскім горадзе Брне пры Цэнтры экспэрымэнтальнага тэатру адкрылася Амбасада незалежнай беларускай культуры.
У гэты дзень нарадзіліся
1828 — Эмэрык Чапскі, граф, дзяржаўны дзяяч, музэйнік, ураджэнец Станькава пад Менскам. Сабраў вялікую калекцыю манэтаў, мэдалёў, старадрукаў і іншых гістарычных каштоўнасьцяў, зьвязаных з Польшчай і Вялікім Княствам Літоўскім. У Кракаве яны сталі пачаткам музэю імя Эмэрыка Гутэн-Чапскага, які пазьней стаў часткай мясцовага Нацыянальнага музэю.
1893 — Кастусь Езавітаў, беларускі палітык, гісторык і публіцыст, удзельнік абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 году, сябра Рады БНР, міністар вайсковых спраў БНР. У красавіку 1945 году арыштаваны савецкай контравыведкай, 23 траўня 1946 году памёр у зьняволеньні.
Кастусь Езавітаў
1895 — Айзік Платнер, беларуска-габрэйскі паэт і перакладчык. Жыў у Коўне і ЗША, а ў 1932 годзе пераехаў у Менск. Працаваў у габрэйскай прэсе і на радыё, выдаваў кнігі на ідышы, перакладаў на беларускую мову творы замежных аўтараў, у тым ліку казкі братоў Грым. У 1949 годзе яго арыштавалі паводле палітычных абвінавачаньняў, у 1950-м асудзілі да зьняволеньня ў лягеры.
1902 — Рыгор Папараць (Сапун), беларускі паэт. У 1931 годзе яго выключылі з апошняга курсу інстытуту за верш, прысьвечаны памяці гісторыка Ўсевалада Ігнатоўскага, якога, на думку паэта, давялі да самагубства савецкія ўлады. У 1937 годзе Папараця арыштаваў НКВД, у ленінградзкай турме «Крыжы» яго катавалі. Паводле ўспамінаў сям’і, сваякі здолелі дамагчыся яго вызваленьня, але паэта прымусілі адмовіцца ад творчасьці. Пры жыцьці ён ня выдаў ніводнай кнігі. Толькі ў 1996 выйшлі два зборнікі ягонай паэзіі — «Даруйце мне» і «Завеі пачуцьцяў».
1906 — Янка Багдановіч, беларускі пісьменьнік, выдавец часопіса «Шлях моладзі», мэмуарыст, вязень ГУЛАГу.
1942 — Марцін Скарсэзэ, амэрыканскі кінарэжысэр.
Марцін Скарсэзэ з «Залатым глёбусам» за найлепшую рэжысуру фільму «Х’юга», 15 студзеня 2012 году
У памяці
1917 — Агюст Радэн, францускі скульптар.
«Пацалунак», скульптура Агюста Радэна
2005 — Клаўдзія Шышыгіна-Патоцкая, краязнаўца, аўтарка кніг пра гісторыю Нясьвіжу, роду Радзівілаў і замку.
2013 — Дорыс Лэсінг, ангельская пісьменьніца, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры 2007 году.
Дорыс Лэсінг з Нобэлеўскай узнагародай, 2008 год