«Віцебская вобласьць — гэта ня толькі сельская гаспадарка, гэта і прамысловасьць. А сёньня ўжо вялікі складнік вайсковы: народнае апалчэньне, тэрытарыяльныя органы, ды і армейскія падразьдзелы, там і сілы спэцыяльных апэрацый, ёсьць і брыгады Міністэрства ўнутраных справаў — то бок людзей у пагонах там нямала. Час неспакойны, сур’ёзны. Але, вядома, галоўнай у вашай працы будзе сельская гаспадарка. Пагатоў трэба дакладна вызначыцца, як мы там будзем прасоўвацца наперад», — працытавала Аляксандра Лукашэнку ягоная прэсавая служба.
Лукашэнка дадаў, што кіраўнікі абласных выканкамаў (ён іх называе губэрнатарамі, хоць у заканадаўстве Беларусі аб мясцовым кіраваньні і самакіраваньні такіх пасадаў не прадугледжана. — РС) — «цэнтральныя пэрсоны ў Беларусі».
«Вы чалавек сыстэмны, з вайсковым характарам, які звык ставіць задачы і патрабаваць выкананьня. [...] Калі ёсьць губэрнатары добрыя, тады і ў прэзыдэнта ўсё атрымліваецца», — сказаў Лукашэнка.
Што папярэднічала
Сёлета 28 верасьня Аляксандар Лукашэнка прызначыў Паўла Муравейку намесьнікам кіраўніка сваёй адміністрацыі.
«Тое, што ідзе вось гэта ўзмацненьне складніку, сілавога сэктару і кірунку нашай краіны, — гэта натуральна, бо мы бачым, што адбываецца вакол нашай краіны. Але галоўнае ня ў гэтым. Мне як прэзыдэнту і галоўнакамандуючаму Ўзброенымі сіламі вельмі важна мець некалькі, калі хочаце, альтэрнатыўных думак аб сытуацыі ў нашых сілавых падразьдзелах», — сказаў Лукашэнка, прызначаючы Муравейку намесьнікам кіраўніка сваёй адміністрацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У адміністрацыі Лукашэнкі растлумачылі абавязкі новага намесьніка кіраўніка, які раней ачольваў ГенштабПавал Муравейка нарадзіўся 26 верасьня 1971 году ў Мар’інай Горцы. Скончыў Менскую вышэйшую вайскова-палітычную вучэльню, пасьля якой служыў ва Ўзброеных сілах Беларусі. Пасьлядоўна займаў кіроўныя пасады ў войску, а пасьля заканчэньня камандна-штабнога факультэту Вайсковай акадэміі Беларусі перайшоў у Генэральны штаб. У 2008 годзе скончыў і Вайсковую акадэмію Расеі, пасьля чаго займаў кіроўныя пасады ва ўпраўленьнях Генэральнага штабу.
З 20 чэрвеня 2013 да 10 лютага 2022 году быў намесьнікам начальніка Генэральнага штабу, начальнікам Галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня, з 10 лютага 2022 да 23 траўня 2024 году быў першым намесьнікам дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Беларусі, а 23 траўня 2024 году ачоліў Генэральны штаб і стаў першым намесьнікам міністра абароны.
У лістападзе 2024 году назваў выкарыстаньне Расеяй ракеты «Арэшнік» супраць Украіны (упершыню гэта было 21 лістапада 2024 году, калі расейскія войскі ўдарылі па Дніпры. — РС) «жэстам добрай волі і пасылам аб тым, што ня варта жартаваць з Расеяй».
У кастрычніку 2023 году Муравейка на пасадзе намесьніка дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі заявіў, што Беларусь мае ўсе падставы «прасячы жыцьцёва важны калідор» церазь Літву пры дапамозе зброі, каб атрымаць доступ да транзыту тавараў.
Што ня так у Віцебскай вобласьці
Лукашэнка заўсёды крытыкуе кіраўніцтва Віцебскай вобласьці, якое ён сам і прызначае, у невыкананьні ягоных даручэньняў у сацыяльна-эканамічным разьвіцьці рэгіёну. На нарадах ён ня раз скардзіўся на «абуральныя факты безгаспадарлівасьці, нядбальства» ў гэтай вобласьці.
Сёлета 20 кастрычніка Лукашэнка звольніў з пасады старшыні Віцебскага аблвыканкаму Аляксандра Рагожніка, якога прызначыў сёлета ў студзені. Ва ўказе адзначалася, што яго звольнілі «ў сувязі з хваробай».
Да працы ў Віцебскім аблвыканкаме Рагожнік з 27 чэрвеня 2024 году ачольваў амбасаду Беларусі ў Расеі.
«Адразу хачу сказаць для віцебскіх людзей: гэта не надзвычайшчына. Але вобласьць патрабуе нейкага прарыву. Вобласьць знаходзіцца ў складанай сытуацыі», — заявіў Лукашэнка, прызначаючы Рагожніка ў Віцебскую вобласьць.
Павал Муравейка стаў шостым старшынём Віцебскага аблвыканкаму з 1994 году, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады.