Пракуратура перадала ў суд справу супраць ўдзельнікаў палка Каліноўскага
Генэральная пракуратура Беларусі паведаміла, што накіравала ў Менскі гарадзкі суд крымінальную справу супраць пяці ўдзельнікаў палка імя Кастуся Каліноўскага.
Імёны абвінавачаных у паведамленьні Генпракуратуры не называюцца.
Аднак гаворка можа ісьці пра Аляксандра Буцько, Арцёма Войніча, Аляксандра Грыба (Грыгор'ева), Алега Калуша і Яўгена Лістапада, піша «Вясна». Менавіта гэтыя пяць чалавек 1 кастрычніка былі ўнесеныя ў афіцыйны пералік асобаў, у дачыненьні да якіх распачатая спэцыяльная вытворчасьць (сьледзтва і суд завочна).
Ім інкрымінавалі злачынствы «экстрэмісцкай» і «тэрарыстычнай» скіраванасьці супраць інтарэсаў Беларусі.
Раней у Беларусі ўжо было некалькі завочных выракаў супраць беларусаў, якія ваявалі за Ўкраіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Больш за 400 чалавек у Беларусі асудзілі за салідарнасьць з Украінай. Хто гэтаЧаму гэта важна
У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.
Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году склала ня менш за 500 тысяч.
Праваабарончым цэнтрам «Вясна» на 16 лістапада 2026 году прызнаныя палітвязьнямі 877 чалавек, а праваабарончай ініцыятывай dissidentby — 927.