Улады Быхава пасьля грамадзкага рэзанансу абавязалі выправіць гранітную скульптуру «Жанчыне-маці».
Як паказалі ў сюжэце дзяржаўнага тэлеканалу СТБ, магілёўскі скульптар Аляксандр Мінькоў проста ў гарадзкім парку з дапамогай балгаркі счасаў першапачатковы перакошаны твар статуі і пачаў выразаць новы твар.
Пры гэтым Мінькоў заявіў, што рабіў помнік як хуткую пленэрную работу ў падарунак гораду:
«Ну, хочаце акадэмічнае мастацтва — ну дайце мне круглую суму і год у запасе, і будзе вам любы шэдэўр, які рабіў Мікеланджэла. І Мікеланджэла таксама, дарэчы, з ягонай работай, якую ён рабіў пяць гадоў, „Давідам“ — і таксама незадаволеных было вельмі шмат!»
Загадчыца сэктару культуры Быхаўскага райвыканкама Людміла Кечык у эфіры СТВ паведаміла, што разыходжаньне скульптуры з эскізным праектам было выяўлена «ў ходзе адкрыцьця» кампазыцыі.
Цяпер супрацоўніцтва са скульптарам па іншых праектах паставілі на паўзу, а лёс абпілаванай статуі мусіць вырашыць спэцыяльная камісія, паведаміў тэлеканал СТВ.
Што адбылося і чаму вырашылі перарабляць
Пасьля ўрачыстага адкрыцьця, прымеркаванага да Года беларускай жанчыны, карыстальнікі сацсетак раскрытыкавалі прапорцыі фігур.
Шмат заўваг выклікалі рысы твару жанчыны, уражаньне адсутнасьці шыі, адзеньне хлопчыка і другая каса на сьпіне.