Дата дня
16 лістапада 1982 году памёр беларускі драматург Андрэй Макаёнак, народны пісьменьнік (1977), ляўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа (1974, за трагікамэдыю «Трыбунал» і камэдыю-рэпартаж «Таблетку пад язык»), Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1962, за камэдыю «Лявоніха на арбіце»).
Гэты дзень у гісторыі
1918 — у Будапэшце абвясьцілі незалежную Вугорскую Народную Рэспубліку.
1920 — у занятым войскамі генэрала Станіслава Булак-Балаховіча Мазыры была абвешчаная незалежнасьць Беларусі і створаны часовы беларускі ўрад. Булак-Балаховіч прыняў тытул «начальніка Беларускай дзяржавы» і галоўнакамандуючага ўзброенымі сіламі, абвясьціў урады БССР і БНР зрынутымі. Праз 4 дні войскі Булак-Балаховіча пакінулі Мазыр, на які наступала Чырвоная армія, і адступілі на тэрыторыю Польшчы.
1974 — у космас адправілі першае радыёпасланьне, адрасаванае незямным цывілізацыям. У ім закадавалі зьвесткі пра чалавека, ДНК і Сонечную сыстэму. Пасланьне дасягне зорнага скопішча M13 недзе праз 25 тысяч сьветлавых гадоў. Што праўда, было яшчэ пасланьне ў лістападзе 1962 году ад савецкіх навукоўцаў. Яны адправілі на Вэнэру словы «мір», «Ленін» і «СССР» — радыёсыгнал часткова адбіўся ад плянэты і вярнуўся на Зямлю.
1988 — Эстонія першай у СССР прыняла Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце, якая абвясьціла вяршэнства эстонскіх законаў над савецкімі.
1995 — UNESCO прыняла Дэклярацыю прынцыпаў талерантнасьці. Цяпер 16 лістапада адзначаецца Міжнародны дзень талерантнасьці.
2020 — Марш жалобы ў Менску. Людзі прайшлі ад плошчы Незалежнасьці да плошчы Якуба Коласа, ушаноўваючы памяць Рамана Бандарэнкі, які памёр 12 лістапада пасьля жорсткага зьбіцьця.
2021 — на беларуска-польскай мяжы адбыліся маштабныя сутыкненьні паміж мігрантамі, якія спрабавалі прарвацца на тэрыторыю Польшчы, і польскімі сілавікамі.
У гэты дзень нарадзіліся
1888 — Вінцэнт Гадлеўскі, беларускі рэлігійны і грамадзкі дзяяч.
Вінцэнт Гадлеўскі
1893 — Леаніла Чарняўская, беларуская пісьменьніца і перакладчыца, пэдагог, жонка клясыка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага.
1905 — Ян Скрыган, беларускі пісьменьнік.
Сьцяпан Сямашка, Паўлюк Шукайла, Пятрусь Броўка, Янка Відук (Скрыган). Полацак, 1927
1914 — Язэп Семяжон, беларускі перакладчык і паэт.
1922 — Жузэ Сарамагу, пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 1998 году.
1923 — Мікола Крукоўскі, беларускі філёзаф, культуроляг, доктар філязофскіх навук, прафэсар.
Мікола Крукоўскі
1925 — Кастусь Акула, беларускі пісьменьнік і публіцыст.
Кастусь Акула
1937 — Валянцін Лукша, беларускі паэт, драматург, публіцыст і перакладчык.
1939 — Анатоль Канапелька, беларускі паэт, перакладчык, пэдагог, літаратуразнавец.
1945 — Алег Белавусаў, беларускі кінарэжысэр, мастак-мультыплікатар, сцэнарыст і грамадзкі дзяяч, адзін з пачынальнікаў беларускай анімацыі. У 1988 годзе ўдзельнічаў у стварэньні таварыства памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў «Мартыралёг Беларусі», увайшоў у яго грамадзкую раду і ў першы арганізацыйны камітэт Беларускага народнага фронту «Адраджэньне».
1951 — Аляксандар Ярашук, прафсаюзны лідэр, былы палітвязень.
Аляксандар Ярашук
1953 — Аляксандар Пракапенка, беларускі футбаліст, чэмпіён СССР.
Аляксандар Пракапенка пасьля голу ў браму супернікаў
1957 — Міхась Паўлаў, беларускі лекар, грамадзка-палітычны дзяяч.
У памяці
1871 — Аляксандар Юльян Міцкевіч, удзельнік таварыства філяматаў, юрыст, гісторык права, этнограф, малодшы брат Адама Міцкевіча. Пахаваны ў Кобрыне на старых могілках каля Петра-Паўлаўскай царквы.
1957 — Янка Чарапук, дзяяч БНР, працаваў у беларускіх дыпляматычных прадстаўніцтвах у Рызе і Коўне.
2021 — Сяргей Філімонаў, тэлевядоўца і кінакрытык, стваральнік і вядоўца папулярнай беларускамоўнай праграмы «Відзьмо-невідзьмо».
Сяргей Філімонаў