Беларускі ПЭН абвясьціў прыём заявак на прэмію імя Францішка Аляхновіча

Постэр прэміі

15 лістапада, у Дзень зьняволенага пісьменьніка, Беларускі ПЭН пачынае прыём заявак на прэмію імя Францішка Аляхновіча — літаратурную ўзнагароду за творы, напісаныя ў зьняволеньні, у тым ліку ўзноўленыя пасьля канфіскацыі або зьнішчэньня рукапісаў, а таксама за творы на тэму перажытага аўтарам зьняволеньня.

Сёлета прэмія пераходзіць на новы каляндар: творы, створаныя ў вызначаны пэрыяд, будзе ацэньваць журы ў наступным годзе. Пераходны сэзон ахопіць творы, напісаныя з 1 кастрычніка 2025 году да 31 сьнежня 2026 году. Пераможцу абвесьцяць у лістападзе 2027 году.

Зьмены зьвязаныя з ростам цікавасьці да турэмнай літаратуры. Пасьля вызваленьня палітычных зьняволеных чытачам сталі даступныя новыя творы, створаныя ў няволі або ўзноўленыя пасьля яе. Пры гэтым многія тэксты застаюцца невядомымі шырокай аўдыторыі, не выдаюцца і захоўваюцца ў асабістых архівах аўтараў.

Беларускі ПЭН таксама фіксуе выпадкі канфіскацыі і зьнішчэньня рукапісаў, дзёньнікаў і ўспамінаў палітычных зьняволеных. Часам аўтарам даводзіцца аднаўляць страчаныя творы з памяці. Арганізатары хочуць дапамагчы вярнуць гэтыя тэксты ў літаратурны працэс і зьвярнуць увагу на іх мастацкую вартасьць.

Паводле маніторынгу Беларускага ПЭНа, на 31 кастрычніка 2026 году ня менш за 19 людзей слова заставаліся ў зьняволеньні або адбывалі пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі.

У 2027 годзе прэмія ўпершыню прадугледжвае грашовую ўзнагароду. Яе памер вызначаць арганізатары. Раней грашовага прызу не было. Акрамя таго, журы зможа сфармаваць доўгі і кароткі сьпісы намінантаў, калі палічыць гэта мэтазгодным.

Як падаць заяўку

На прэмію можна вылучаць арыгінальныя дакумэнтальныя і мастацкія творы розных жанраў — прозу, паэзію, драматургію ды іншыя. Прымаюцца апублікаваныя і неапублікаваныя творы на беларускай і расейскай мовах.

Абмежаваньняў паводле ўзросту, грамадзянства і месца жыхарства аўтараў няма. Удзельнічаць могуць таксама пераможцы і ляўрэаты папярэдніх гадоў.

Прыём заявак працягнецца да 20 студзеня 2027 году. Заяўкі прымаюцца праз электронную форму. Поўныя ўмовы ўдзелу апублікаваныя ў статуце і рэглямэнце прэміі.

Адказы на найбольш частыя пытаньні можна прачытаць на сайце ПЭНа.

  • Першым пераможцам прэміі ў 2013 годзе стаў Ігар Аліневіч за кнігу «Еду в Магадан». Першым пераможцам прэміі імя Францішка Аляхновіча ў 2013 годзе стаў Ігар Аліневіч за кнігу «Еду в Магадан». У наступныя гады прэмію атрымлівалі дзясяткі аўтараў, у тым ліку Алесь Бяляцкі, Зьміцер Дашкевіч, Павал Севярынец і Максім Знак. Летась пераможцамі сталі: Пётр Уманскі, Дыяна Маеўская і Галена Савіцкая (усе пад псэўданімамі). Частка імёнаў і назваў твораў не раскрываецца зь меркаваньняў бясьпекі аўтараў.