Пра гэта Эйсмант сказала ў інтэрвію журналісту расейскага дзяржаўнага тэлеканалу «Вести» Паўлу Зарубіну.
«Мы даўно ведаем, што Кушнэр родам зь Беларусі. Ці можа гэта дапамагчы? Тут ніякіх ацэначных момантаў быць ня можа. Але тое, што гэтыя людзі ўдзельнічаюць у працэсе, прынамсі, можа ўсяляць у нас надзею. [...] Мы, вядома, можам толькі разьлічваць, што нашы беларускія карані спрацуюць», — заявіла Эйсмант.
Джарэд Кушнэр удзельнічае ў кантактах адміністрацыі Трампа ў справе ўрэгуляваньня вайны ва Ўкраіне. 12 лістапада 2026 году ён разам са спэцпасланьнікам ЗША Стывам Ўіткафам сустрэўся з Уладзімірам Пуціным у Крамлі, а потым з Уладзімірам Зяленскім у Ірляндыі. Перад гэтым, 10–11 лістапада, у Абу-Дабі прайшлі трохбаковыя перамовы з удзелам прадстаўнікоў ЗША, Украіны і Расеі.
Бабуля Джарэда Кушнэра Рэй (Рая) Кушнэр паходзіла з Наваградку. Падчас Другой сусьветнай вайны яна перажыла Галакост: у 1943 годзе ўцякла з Наваградзкага гета праз падземны тунэль і далучылася да партызанаў братоў Бельскіх, якія дапамагалі габрэям ратавацца ад нацыстаў.
У 1989 годзе Джарэд Кушнэр разам з бацькам наведваў Беларусь.
Тэма паходжаньня амэрыканскіх перамоўнікаў зьявілася і ў іншых публікацыях дзяржаўных расейскіх і беларускіх мэдыя. Яны таксама спрабавалі знайсьці беларускія сувязі ў сямейнай гісторыі Стыва Ўіткафа і генэрала Алексуса Грынкевіча, галоўнакамандуючага аб’яднанымі сіламі NATO ў Эўропе.
Прадзед Алексуса Грынкевіча, Ільля Грынкевіч, нарадзіўся ў Менску і эміграваў у ЗША ў 1899 годзе. Гэтая сямейная сувязь мае дакумэнтальныя падставы.
Іншая сытуацыя са Стывам Ўіткафам. БелТА спрабавала зьвязаць яго бабулю Роўз Ўіткаф, у дзявоцтве Памеранец, з Горадняй. Аднак супадзеньне прозьвішча ў архіўных дакумэнтах само па сабе не пацьвярджае роднаснай сувязі, і для гэтага патрэбныя дадатковыя зьвесткі.