13 лістапада падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам Армэніі Ніколам Пашыньянам Ціханоўская падзякавала яму за тое, што Армэнія не выдае беларускіх грамадзян на запыты рэжыму Лукашэнкі.
На сустрэчы з прэзыдэнтам Кіпру Нікасам Хрыстадулідысам беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская дамовілася пра візыт у краіну.
«Таксама вярнуліся да пытаньняў, якія абмяркоўвалі на папярэдняй сустрэчы ў 2024 годзе. У прыватнасьці, гаварылі аб выдачы пашпартоў іншаземца беларусам, якія праз рэпрэсіі ня могуць вярнуцца ў Беларусь і замяніць пашпарт», — адзначаецца ў паведамленьні прэс-службы Ціханоўскай.
Сьвятлана Ціханоўская падзякавала прэм’ер-міністру Чэхіі Андрэю Бабішу за візавыя паслабленьні для сваякоў беларусаў, паведаміла ейная прэс-служба.
🛈 Амбасада Чэхіі ў Менску 10 лістапада пачала прымаць праз электронную пошту заяўкі на запіс для падачы дакумэнтаў на кароткатэрміновую шэнгенскую візу для наведваньня сваякоў. Падаць дакумэнты змогуць бацькі, бабулі, дзяды, дзеці і ўнукі грамадзян Чэхіі, а таксама беларусаў, якія жывуць у гэтай краіне па доўгатэрміновай візе або маюць дазвол на доўгатэрміновае ці пастаяннае пражываньне. На братоў і сясьцёр, у тым ліку стрыечных, а таксама на дзядзькаў і цётак новыя правілы не распаўсюджваюцца, нагадвае «Позірк».
З прэм’ер-міністрам Эстоніі Крыстэнам Міхалам Ціханоўская абмеркавала магчымы ўдзел беларускіх дэмсілаў у канфэрэнцыі па аднаўленьні Ўкраіны, заплянаванай на студзень у Таліне.
Прэм’ер-міністра Латвіі Андрыса Кулбэргса Сьвятлана Ціханоўская папрасіла не закрываць мяжу для звычайных беларусаў, нягледзячы на неабходнасьць ізаляцыі рэжыму ў Менску. Ціханоўская таксама выказала салідарнасьць з Латвіяй у сувязі зь гібрыднымі атакамі і міграцыйным ціскам, адказнасьць за якія ўсклала на рэжым Лукашэнкі і Расею.
Генэральнага сакратара АБСЭ Фэрыдуна Сінірліоглу Ціханоўская заклікала дамагацца вызваленьня палітвязьняў, спыненьня рэпрэсіяў і вайны Расеі супраць Украіны падчас кантактаў зь беларускімі ўладамі.
Сінірліоглу наведаў Менск 3–4 лістапада. Ён сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам і міністар замежных спраў Максімам Рыжанковым.
На палях саміту Эўрапейскай палітычнай супольнасьці ў Дубліне, які прайшоў 12–13 лістапада, Сьвятлана Ціханоўская правяла дзясяткі сустрэчаў. У фотасправаздачы пра ўдзел Ціханоўскай у саміце разам зь ёй на фота 33 высокапастаўленыя палітыкі:
- прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян;
- міністар замежных справаў Армэніі Арарат Мірзаян;
- прэм’ер-міністар Баўгарыі Румэн Радэў;
- прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Эндзі Бэрнэм;
- прэм’ер-міністар Вугоршчыны Пэтэр Мадзяр;
- прэм’ер-міністар Грэцыі Кірыякас Міцатакіс;
- прэм’ер-міністар Грузіі Іраклі Кабахідзэ;
- міністарка замежных справаў Грузіі Мака Бачарышвілі;
- прэм’ер-міністар Ірляндыі Міхял Марцін;
- былая міністарка замежных справаў Ісьляндыі Тоўрдыс Кольбрун Рэйкф'ёрд Гільфатоўхтыр;
- прэм’ер-міністарка Італіі Джорджа Мэлёні;
- прэм’ер-міністар Канады Марк Карні;
- прэзыдэнт Кіпру Нікас Хрыстадулідыс;
- прэм’ер-міністар Косава Альбін Курці;
- прэм’ер-міністар Латвіі Андрыс Кулбэргс;
- прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа;
- прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду;
- канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц;
- прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск;
- прэзыдэнт Румыніі Нікушор Дан;
- прэм’ер-міністар Славеніі Янэз Янша;
- прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі;
- прэм’ер-міністар Фінляндыі Пэтэры Орпа;
- прэм’ер-міністар Харватыі Андрэй Пленкавіч;
- прэм’ер-міністар Чэхіі Андрэй Бабіш;
- прэм’ер-міністар Швэцыі Ульф Крыстэрсан;
- прэм’ер-міністар Эстоніі Крыстэн Міхал;
- старшыня Эўрапейскай рады Антонію Кошта;
- старшыня Эўрапейскага Парлямэнту Рабэрта Мэтсала;
- генэральны сакратар Рады Эўропы Ален Бэрсэ;
- старшыня Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен;
- генэральны сакратар АБСЭ Фэрыдун Сінірліоглу;
- генэральны сакратар NATO Марк Рутэ.
На сустрэчах Ціханоўскай з замежнымі лідэрамі ішла гаворка аб бясьпецы рэгіёну, падтрыманьні Ўкраіны, вызваленьні палітвязьняў і ўзмацненьні дапамогі беларускім незалежным мэдыя, праваабаронцам, моладзі, культурным ініцыятывам і пацярпелым ад рэпрэсіяў, гаворыцца ў паведамленьні, апублікаваным у сацсетках палітыка.