За восем дзесяцігодзьдзяў арганізацыя перажыла некалькі пакаленьняў эміграцыі, захавала сувязь з традыцыяй Беларускай Народнай Рэспублікі і стала адной з найстарэйшых беларускіх грамадзкіх арганізацыяў у сьвеце. Цяпер яна імкнецца перадаць гэты досьвед новым пакаленьням беларусаў, у тым ліку тым, хто выехаў зь Беларусі пасьля 2020 году.
Кіраўнік Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі Мікола Пачкаеў расказаў Свабодзе пра гісторыю арганізацыі, яе заснавальнікаў, спадзевы паваеннай эміграцыі на вяртаньне ў Беларусь, а таксама пра пераемнасьць і захаваньне каштоўнасьцяў праз пакаленьні.
Вэтэраны арміі Андэрса, беларуская моладзь і скаўты — першыя чальцы Згуртаваньня
Дакумэнт ад польскіх вайсковых уладаў 16.11.1946
16 лістапада 1946 года беларусы атрымалі дазвол польскіх вайсковых уладаў арміі Андэрса на стварэньне беларускай арганізацыі ў Брытаніі. Да таго ў Лёндане 22 верасьня 1946 году адбыўся адпаведны сход.
Дакумэнт пра рэгістрацыю Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі. 1948 г.
А першы ўстаноўчы зьезд адбыўся на пачатку 1947 году, дзяржаўную рэгістрацыю арганізацыя атрымала ў 1948-м. Яе стваральнікамі былі беларусы, якія апынуліся ў Вялікай Брытаніі пасьля Другой усясьветнай вайны.
Значную частку складалі ўдзельнікі Другога польскага корпусу генэрала Ўладыслава Андэрса, які ваяваў у Італіі. Пасьля вайны многія зь іх не маглі або не хацелі вяртацца ў савецкую Беларусь. Вяртаньне магло азначаць рэпрэсіі, а для некаторых — пагрозу жыцьцю.
Першымі сябрамі Згуртаваньня былі пераважна вэтэраны арміі Андэрса, беларуская моладзь і скаўты, якія прыяжджалі ў Брытанію зь лягераў перамешчаных асобаў. Многія паходзілі з Заходняй Беларусі і амаль ня мелі досьведу жыцьця ў Савецкім Саюзе, адзначае Мікола Пачкаеў.
Архіўныя фота Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі.
Важным прынцыпам Згуртаваньня стала арыентацыя на традыцыю Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэтае рашэньне замацаваў другі зьезьд арганізацыі ў 1948 годзе. Як тлумачыць Мікола Пачкаеў, у тагачаснай беларускай эміграцыі ў Брытаніі бытавалі розныя палітычныя плыні. Згуртаваньне абрала традыцыю БНР, зьвязаную з ідэямі незалежнай і дэмакратычнай Беларусі, рэлігійнай талерантнасьці і нацыянальнай самастойнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лізавета ІІ — матрыярх брытанскага грамадзтва, — кіраўнік Згуртаваньня беларусаў у Вялікай БрытанііЗахаваньне традыцыі несавецкай Беларусі
Згуртаваньне ўзьнікла ў час, калі Беларусь была часткай СССР, яно захоўвала традыцыю беларускай дзяржаўнасьці па-за савецкай сыстэмай. Паводле Пачкаева, падобную ролю адыгрывалі беларускія арганізацыі ў Канадзе і ЗША, у тым ліку паўсталыя пры ўдзеле дзеячаў паваеннай эміграцыі.
«Мы кажам пра захаваньне ў межах гэтых арганізацыяў традыцыяў несавецкай Беларусі», — адзначае Пачкаеў.
Пасьля распаду СССР і аднаўленьня незалежнасьці Беларусі ў 1991 годзе гэтая спадчына ня страціла значэньня. Аднак новыя хвалі эміграцыі прыносілі іншы досьвед і іншае разуменьне беларускай гісторыі, сьведчыць кіраўнік Згуртаваньня. Пасьля 2020 году ў Брытанію прыехалі беларусы, якія ня маюць досьведу БССР і адначасова далёкія ад традыцыяў паваеннай эміграцыі. Але, паводле Пачкаева, іх аб’ядноўвае імкненьне да незалежнай і дэмакратычнай Беларусі.
Мікола Пачкаеў, старшыня Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі
«Людзі, якія прыехалі пасьля 2020 году, безумоўна, ня маюць таго досьведу БССР, але адначасова яны яшчэ больш аддаленыя ад традыцыі несавецкай Беларусі. Гэта ўжо нешта новае, і ў нас ёсьць шмат супольнага. Гэта людзі, адданыя ідэі аднаўленьня цалкам незалежнай і дэмакратычнай Беларусі. Гэта вельмі блізка да ідэалаў БНР, на якіх грунтуюцца такія старыя арганізацыі, як Згуртаваньне беларусаў у Вялікай Брытаніі. І мы імкнемся працаваць разам, надаваць ім пляцоўку і наколькі мага перадаваць тую традыцыю, якую такія людзі, як я, атрымалі ад паваеннай беларускай эміграцыі, бо мы ўважаем, што будучая вольная Беларусь мае ў сабе сумясьціць, інтэграваць розныя традыцыі».
Знаныя дзеячы Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі
Вінцэнт Жук-Грышкевіч — адзін з ключавых дзеячоў паваеннай беларускай эміграцыі, першы старшыня Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі. Пазьней стаў старшынём Рады БНР. Першы дырэктар беларускага Радыё Вызваленьне — Радыё Свабода.
Часлаў Сіповіч — беларускі ўніяцкі біскуп, які прыехаў у Лёндан у 1947 годзе. Адыграў выключную ролю ў стварэньні беларускай рэлігійнай і культурнай інфраструктуры.
Аляксандар Надсан — беларускі ўніяцкі сьвятар, навуковец і бібліятэкар, шматгадовы захавальнік беларускай кніжнай спадчыны ў Лёндане.
Асаблівае месца ў гісторыі арганізацыі займае Беларускі дом у Лёндане, які стаў адным з цэнтраў усёй беларускай эміграцыі. Бібліятэка і музэй імя Францішка Скарыны захоўваюць унікальную беларускую кніжную і архіўную спадчыну.
У першыя дзесяцігодзьдзі дзейнасьць арганізацыі не абмяжоўвалася пытаньнямі захаваньня нацыянальна-культурнай і моўнай ідэнтычнасьці. Згуртаваньне стварала беларускія дамы і клюбы ў Лёндане, Брэдфардзе і Манчэстэры, арганізоўвала школы для дзяцей, адзначала нацыянальныя і рэлігійныя сьвяты, выдавала часопісы, брашуры і камунікаты. Але таксама дапамагала беларусам у эміграцыі, стварыла дабрачынны фонд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Закаханы ў беларускую мову матэматык і сьвятар. 100 гадоў Аляксандру НадсануВяртаньня ў Беларусь чакалі дзесяцігодзьдзямі
Першая паваенная эміграцыя доўга не ўспрымала сваё жыцьцё ў Брытаніі як канчатковае. Людзі спадзяваліся, што савецкая сыстэма хутка зьменіцца і яны змогуць вярнуцца дадому. Некаторыя нават уключалі ў шлюбныя дамовы з ангелькамі ўмову пра магчымасьць вяртаньня ў Беларусь, расказвае Мікола Пачкаеў.
«Яны былі перакананыя, што савецкая сыстэма доўга не пратрывае», — расказвае Мікола Пачкаеў.
Прыкладна да пачатку 1960-х гадоў, паводле яго, паступова стала зразумела, што вяртаньне на радзіму можа так і не адбыцца. Калі Беларусь аднавіла незалежнасьць у 1991 годзе, многія прадстаўнікі паваеннай эміграцыі ўжо былі ў сталым веку. Аднак яны падтрымлівалі беларускую культуру і грамадзкія ініцыятывы, у тым ліку фінансава. Пачкаеў згадвае прыклады такога фундаваньня ад беларускіх арганізацыяў у Вялікай Брытаніі, Канадзе, ЗША.
Што далей
Цяпер ў Згуртаваньні каля двух дзясяткаў дзейных сяброў. Мікола Пачкаеў расказвае пра пляны арганізацыі адзначыць юбілей некалькімі імпрэзамі. Ад 16 лістапада на сайце і ў сацыяльных сетках пачнуць публікаваць фатаздымкі з архіву Згуртаваньня, які захоўвае матэрыялы з канца 1940-х гадоў. На пачатку наступнага году, падчас зьезду арганізацыі ў Лёндане, плянуецца публічная імпрэза з удзелам гісторыка — дасьледніка беларускай дыяспары і беларускага вайсковага руху на Захадзе. Сустрэчу плянуюць трансьляваць праз Zoom. Да юбілею Згуртаваньне зьбіраецца прыняць новых сяброў.
«Мы ўважаем, што будучая вольная Беларусь мае ў сабе сумясьціць розныя традыцыі», — кажа Мікола Пачкаеў.