Як вынікае з паведамленьня арганізацыі, на пляцоўцы пад Менскам усталявалі кітайскі станок коштам больш за адзін мільён даляраў. Для яго тэставаньня з Кітаю паступілі трубныя нарыхтоўкі, зь якіх зрабілі ракетную частку снараду для ракетнай сыстэмы залпавага агню «Ўраган». Там жа пабудавалі стэнд для выпрабаваньняў цьвёрдапаліўных ракетных рухавікоў.
Згодна з дакумэнтамі, які атрымала ініцыятыва BelPol, Кітай таксама паставіў хімічныя кампанэнты ракетнага паліва. Санкцыйныя абмежаваньні затрымалі дастаўку больш як на паўгоду — груз прыбыў у Беларусь у ліпені 2026 году.
Гэтую інфармацыю BelPol зьмясьціў у сваёй справаздачы «Мілітарызацыя Беларусі». 12 лістапада гэты дакумэнт прэзэнтавалі ў Кіеве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
BelPol выявіў удзел МЗКЦ у выкананьні 15 расейскіх абаронных замоваў, у тым ліку шасі для «Іскандэраў»Чаму гэта важна
Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну супраць Беларусі заходнія краіны, Эўразьвяз і Ўкраіна працягваюць уводзіць санкцыі.
Цягам усяго пэрыяду ад моманту расейскага ваеннага ўварваньня ў 2022 годзе на тэрыторыі Беларусі практычна безь перапынку праводзяць вайсковыя вучэньні.