У дыскусіі ўдзельнічалі парлямэнтарыі з Польшчы, Літвы, Аўстрыі, Швэцыі і Партугаліі. Паседжаньне было прымеркаванае да Міжнароднага дня салідарнасьці зь Беларусьсю.
Эўрадэпутаты ўшанавалі памяць забітага мірнага пратэстоўца Рамана Бандарэнкі, шостая гадавіна сьмерці якога была 12 лістапада.
Юлія Юхно з партрэтам Рамана Бандарэнкі і Анатоль Лябедзька ў Эўрапарлямэнце. 12 лістапада 2026
Адкрываючы паседжаньне, кіраўніца Дэлегацыі для сувязяў зь Беларусьсю Малгажата Гасеўская назвала становішча з правамі чалавека ў Беларусі катастрафічным:
«Нягледзячы на тое, што адбываюцца звальненьні палітзьняволеных, вельмі шмат людзей застаюцца ў турмах. Больш за 800 палітычных вязьняў знаходзяцца за кратамі. Ад 2020 году як мінімум 10 201 чалавек сутыкнуўся з палітычна матываванымі крымінальным перасьледам, і як мінімум 8 807 зь іх былі асуджаныя, у тым ліку завочна.
Гэтыя лічбы сьведчаць, што, нягледзячы на пэрыядычнае вызваленьне палітычных зьняволеных, палітычна матываваныя рэпрэсіі ў Беларусі застаюцца сыстэматычнымі і шырока распаўсюджанымі. Незалежная палітычная дзейнасьць задушаная. Праваабарончыя арганізацыі зьліквідаваныя або вымушаныя пакінуць краіну. А журналісты і палітычныя дзеячы сядзяць у турмах, ці запалоханыя, ці, ратуючыся, вымушаныя пакінуць краіну».
Гасеўская заклікала і надалей працягваць санкцыі супраць вінаватых у палітычных рэпрэсіях, патрабаваць спыненьня рэпрэсіяў і вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў. Таксама эўрадэпутатка заклікала падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць беларусаў.
Мэта Эўрапарламенту — дэмакратычная і незалежная Беларусь, заявіла Гасеўская.
Малгажата Гасеўская
Алесь Бяляцкі зьвязаў сваё другое вызваленьне зь дзеяньнем санкцыйнага рэжыму: «Бяз санкцыяў я і сёньня заставаўся б за кратамі».
«Што да сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, яна застаецца стабільна кепскай, рэпрэсіі працягваюцца. Мы фіксуем на сёньня 900 палітычных зьняволеных — гэта мінімальныя колькасьць людзей, пра якіх мы ведаем. Яшчэ некалькі сотняў людзей сядзяць, і пра іх нічога не вядома. Улады гэта робяць спэцыяльна, асабліва ў апошнія гады, каб схаваць рэальны маштаб рэпрэсіяў.
Сапраўдны маштаб рэпрэсіяў велізарны. Таго, што адбываецца ў Беларусі апошнія шэсьць гадоў, мы не перажывалі з часоў сталінскіх рэпрэсіяў, у нас ніколі не было такога ціску на ўсё грамадзтва з тых часоў».
Бяляцкі згадаў двух новых беларускіх палівязьняў — адваката Зьмітра Лаеўскага і ксяндза Анатоля Парахневіча.
«Апошняя навіна — адвакат, якія мяне бараніў на судовым працэсе ў 2011 годзе, два месяцы таму трапіў у турму, яму далі тры гады зьняволеньня толькі за камэнтары судовага працэсу 2020 году. Ён не зьяжджаў зь Беларусі, бо ў яго цяжка хворы сын, і ўсе гэтыя гады яго трымалі на кручку. Таксама ў турму трапіў мой добры знаёмы, каталіцкі ксёндз, яго трымалі ў турме КДБ, абвінавачвалі ў шпіянажы, потым зьвялі справу да мякчэйшага артыкула і далі тэрмін у межах трох гадоў. Такіх выпадкаў дзясяткі, мы іх рэгіструем кожны месяц, і казаць аб зьмяншэньні ўзроўню ціску на беларускае грамадзтва зараз не выпадае. Рэпрэсіі сталі больш схаванымі», — заявіў Алесь Бяляцкі.
Бяляцкі ў сваім выступе заклікаў захоўваць санкцыі Эўразьвязу, накладзеныя на рэжым Лукашэнкі, пакуль ня будуць вызваленыя ўсе палітвязьні і пакуль ня спыняцца рэпрэсіі, а таксама падтрымаў справу супраць рэжыму Лукашэнкі ў Міжнародным крымінальным судзе ў Гаазе:
«Сёлета пракурор Міжнароднага крымінальнага суду пачаў расьсьледаваньне злачынстваў рэжыму Лукашэнкі на пазоў Літвы паводле фактаў трансьмежавых злачынстваў супраць чалавечнасьці — дэпартацыі і перасьледу паводле палітычных матываў.
Варта падтрымаць гэтае расьсьледаваньне як палітычна, так і зьмястоўна. Парлямэнтам і ўрадам іншых краін — удзельніц Рымскага статуту далучацца да літоўскага звароту. Побач зь міжнародным мэханізмам МКС эфэктыўнай была б таксама падтрымка нацыянальных расьсьледаваньняў, калі гэта дазваляе юрысдыкцыя».
Алесь Бяляцкі
На паседжаньні гучалі пытаньні пра санкцыі, адзінства дэмакратычных сілаў, легітымнасьць Сьвятланы Ціханоўскай.
Алесь Бяляцкі адзначыў, што, выходзячы зь вязьніцы, чакаў горшай сытуацыі ўнутры дэмакратычных сілаў. Але беларускае грамадзтва здолела сфармаваць дзеяздольныя дэмакратычныя інстытуты, інстытуцыянальнае адзінства беларускіх дэмакратычных сілаў, прызнанае ў дэмакратычным сьвеце іх прадстаўніцтва на чале зь Сьвятланай Ціханоўскай. Беларуская дэмакратычнае грамадзтва мае суб’ектнасьць. А дыскусіі былі, ёсьць і будуць. Бязь іх не абысьціся, сказаў Алесь Бяляцкі.
Беларускі нобэлеўскі ляўрэат таксама заклікаў Эўрапейскі Зьвяз сыстмэна падтрымліваць усе беларускія інстытуцыі: мэдыя, праваабаронцаў, палітычныя структуры.