МЗС заявіла, што беларус на Браншчыне пацярпеў ад дрона. У Бранскіх зводках пра гэта не паведамлялі

Архіўнае фота

У Злынкаўскім раёне Бранскай вобласьці Расеі ў выніку атакі БПЛА на легкавы аўтамабіль пацярпелі тры чалавекі, у тым ліку грамадзянін Беларусі, паведаміла сёньня БелТА з спасылкай на прэс-службу МЗС Беларусі. У мясцовых крыніцах пацьверджаньня гэтай інфармацыі не знайшлося.

У Злынкаўскім раёне Бранскай вобласьці Расеі ў выніку атакі БПЛА на легкавы аўтамабіль пацярпелі тры чалавекі, у тым ліку грамадзянін Беларусі, паведаміла сёньня БелТА з спасылкай на прэс-службу МЗС Беларусі.

Пацярпелага даставілі ў Злынкаўскую раённую лякарню, дзе яму надаюць неабходную мэдычную дапамогу. Ягоны стан стабільны.

Аддзяленьне амбасады Беларусі ў Смаленску падтрымлівае пастаянны кантакт зь мясцовымі ўладамі і мэдычнай установай, у якой знаходзіцца пацярпелы, гаворыцца ў паведамленьні.

Гэтую навіну перадрукавалі некаторыя расейскія СМІ з спасылкай на беларускае МЗС, а не на мясцовыя крыніцы.

Пра здарэньні, зьвязаныя з атакамі на рэгіён, пасьлядоўна піша ў сацсетках губэрнатар Бранскай вобласьці Рыгор Кавальчук. Раніцай 12 лістапада ён паведаміў пра 47 зьбітых дронаў. А таксама пра выпадак на дарозе каля вёскі Раманаўка Клятнянскага раёну, дзе ад выбуху неўсталяванай прылады быў пашкоджаны кузаў легкавіка і прычэп. «На шчасьце, кіроўца не пацярпеў», — напісаў губэрнатар.

Пад вечар ад дронаў у Злынкаўскім раёне пацярпелі дзьве жанчыны ў легкавіку, а таксама кіроўца грузавіка ў Клімаўскім раёне.

Але ні згадак пра пацярпелага грамадзяніна Беларусі, ні здарэньня, падобнага на апісанае беларускім МЗС, у сёньняшніх паведамленьнях губэрнатара не знайшлося.

МЗС Беларусі на сваім сайце пра гэтае здарэньне не пісала.

Што папярэднічала

22 кастрычніка у пасёлку Цьветнікі дрон атакаваў стаянку грузавікоў і параніў кіроўцу фуры, грамадзяніна Беларусі. Яго шпіталізавалі. Пазьней каля вёскі Дземенка за 10 км ад беларускай мяжы ад выбуху бесьпілётніка траўмы атрымаў яшчэ адзін кіроўца грузавіка зь Беларусі.

8 кастрычніка ў Бранскай вобласьці ў выніку атакі бесьпілётніка на грузавы аўтамабіль зь беларускай рэгістрацыяй пацярпела грамадзянка Беларусі, паведаміла МЗС. Яна атрымала цяжкія раненьні, у выніку якіх спатрэбілася ампутацыя канцавінаў.

25 і 26 верасьня 2026 году дроны атакавалі беларускія грузавікі каля расейскага памежнага пункту пропуску «Красны Камень».

11 жніўня пункт пропуску часова не працаваў пасьля ўдару дрона. Паводле «Флагштока», тады загарэліся два грузавікі з паўпрычэпамі.

2 ліпеня ў раёне «Краснага Каменя» атакавалі аўтобус «Менск — Гомель — Анапа». У ім былі 19 пасажыраў, два кіроўцы атрымалі лёгкія раненьні. Пазьней «Флагшток» заявіў, што дрон ударыў па грузавіках, якія стаялі прыкладна за 12 мэтраў ад аўтобуса, а сам аўтобус пацярпеў ад выбуховай хвалі.

17 чэрвеня ў Бранскай вобласьці дрон атакаваў аўтобус зь беларускай дзіцячай футбольнай камандай, якая ехала ў Геленджык. Загінула жанчына, якая суправаджала дзяцей, некалькі дзяцей пацярпелі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

За содні два беларусы пацярпелі ад дронаў у Бранскай вобласьці Расеі