11 лістапада 2020 году 31-гадовы Раман Бандарэнка выйшаў у двор свайго дому, дзе людзі ў цывільным зразалі бел-чырвона-белыя стужкі, якія сталі сымбалем пратэстаў супраць Лукашэнкі. Мужчыны схапілі Рамана, зьбілі яго і адвезьлі ў міліцыю. На наступны дзень ён памёр у лякарні.
Паводле стрыечнай сястры Рамана Вольгі Кучарэнка, за шэсьць гадоў сям’я ў пэўнай ступені навучылася жыць з гэтай стратай. Але боль нікуды не зьнік.
«Мы з мамай Ромы пастаянна на сувязі, пастаянна пераасэнсоўваем усё, што адбылося, з надзеяй на тое, што людзі, якія ўчынілі гэтае злачынства, калі-небудзь будуць пакараныя», — кажа Вольга.
«Гэтая страта застаецца на ўсё жыцьцё незагойнай ранай»
Вольга расказала пра тое, як цяпер жыве маці Рамана:
«Яна трымаецца, але, натуральна, гэтая страта застаецца на ўсё жыцьцё незагойнай ранай. Бо вярнуць блізкага, роднага сына ніхто, вядома, ня ў стане. Ніякія новыя сэнсы, мэты і заняткі».
Паводле Вольгі, нават праз шэсьць гадоў людзі наведваюць магілу Рамана Бандарэнкі ў Беларусі. Яны прыносяць кветкі, прыбіраюць і паведамляюць родным, што былі там.
«Вельмі часта людзі пішуць, што прыходзілі, наведвалі Рому, пакінулі кветкі, прыбраліся. Людзі памятаюць. Уначы цётка Лена [маці Рамана] дасылала, што яна якраз была ў Ромы на магілцы, і там былі кветкі, і нейкія цукеркі людзі пакідалі, і жывыя і штучныя кветкі».
Асабліва шмат людзей, паводле яе, прыходзіць у памятныя даты — у дзень нараджэньня Рамана і ў гадавіну ягонай сьмерці. Для маці Рамана гэта ня толькі маральная, але і практычная падтрымка. Калі яна ня можа сама наведаць магілу, іншыя людзі могуць паглядзець, ці ўсё там у парадку, і пры неабходнасьці нешта паправіць.
«Яна разумее, што яна не адна з гэтай трагедыяй, і ўжо нават праз столькі гадоў яна тым ня менш бачыць, што людзі неабыякавыя, не забылі, і для іх гэта важна», — падкрэсьлівае Вольга і дадае, што людзі таксама рэгулярна пішуць маці Рамана і падтрымліваюць яе.
«Гэта вельмі ўсяляе надзею і нават натхняе, што людзі такія адкрытыя, сумленныя, з такімі добрымі чалавечымі якасьцямі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ціханоўская ў гадавіну сьмерці Рамана Бандарэнкі заявіла, што будзе дамагацца адказнасьці для датычных да яго гібелі«Для мяне ўсё зразумела»
Нягледзячы на тое, што прайшло ўжо шэсьць гадоў, паводле Вольгі Кучарэнка, сям’і нічога не вядома пра зрухі ў расьсьледаваньні сьмерці Рамана.
«Па гэтай частцы ўвогуле поўны нуль, ніхто не паведамляў пра нейкія там зрухі. Увогуле нічога няма».
Сярод магчымых датычных да нападу ініцыятыва ByPol называла тагачаснага кіраўніка Фэдэрацыі хакею Дзьмітрыя Баскава, кікбаксёра Дзьмітрыя Шакуту і прэс-сакратарку Лукашэнкі Натальлю Эйсмант. Паводле расьсьледаваньня ByPol, сьмяротныя траўмы Раману нанесьлі байцы СОБРу.
Сястра Рамана мяркуе, што рэальныя зьмены ў справе могуць адбыцца толькі пасьля зьменаў у самой Беларусі. На пытаньне, ці зразумела ёй, хто менавіта вінаваты ў сьмерці брата, Вольга адказала станоўча.
«Асабіста для мяне гэта не патрабуе расьсьледаваньня. Магчыма, у нейкіх нюансах яшчэ давядзецца разабрацца, але мне ўсё зразумела, пэрсанальна кожны для мяне зразумелы. Гэта было вядома адразу. Я ўпэўненая, што яны будуць пакараныя, іншае пытаньне — часу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Сястра Рамана Бандарэнкі Вольга Кучарэнка пра гібель брата: «Я цудоўна разумею, што ён адчуваў». ВІДЭАСьмерць Рамана Бандарэнкі
12 лістапада 2020 году пры трагічных абставінах памёр 31-гадовы мянчук Раман Бандарэнка. Жыхара «плошчы Перамен» у Менску (двор на скрыжаваньні вуліц Чарвякова, Кахоўскай і Сморгаўскага тракта) выкралі і пабілі прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі, якія зразалі там бел-чырвона-белыя стужкі.
Раман Бандарэнка
У шпіталь Рамана завезьлі з РУУС Цэнтральнага раёну Менску з ацёкам галаўнога мозгу і шматлікімі траўмамі. Назаўтра ён памёр.
Хто менавіта забіў Рамана Бандарэнку, невядома. Аднак сярод прысутных падчас нападу 11 лістапада 2020 году на запісах з камэраў назіраньня пазналі Дзьмітрыя Баскава, неаднаразовага чэмпіёна сьвету ў тайскім боксе і кікбоксінгу Дзьмітрыя Шакуту і прэс-сакратарку Лукашэнкі Натальлю Эйсмант.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Наташа, Ганна Эйсмант, Баскаў — пры сваіх кармушках». Вялікая размова зь сястрой Рамана Бандарэнкі ВольгайСпачатку Сьледчы камітэт Беларусі заявіў, што Раман Бандарэнка нібыта быў п’яны. Пасьля журналісты і мэдыкі абверглі гэта.
18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
17 верасьня 2021 году справу прыпынілі «з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».
13 лістапада на партале Tut.by быў апублікаваны артыкул, дзе на падставе мэдычных дакумэнтаў паведамлялася, што ў крыві забітага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. 19 лістапада затрымалі аўтарку артыкула, журналістку Кацярыну Барысевіч, і лекара шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі Арцёма Сарокіна.
Кацярыне Барысевіч прысудзілі 6 месяцаў калёніі і штраф у 2900 рублёў, лекару Арцёму Сарокіну — два гады з адтэрміноўкай на год і штраф 1450 рублёў.