У сьпіс «недружалюбных» краін, які Беларусь зацьвердзіла асобнай пастановай ураду яшчэ ў 2022 годзе, уваходзяць усе 27 краін Эўразьвязу. Дакумэнт зацьвярджае абмежаваньні ў эканамічных адносінах з гэтымі краінамі. Пры гэтым Беларусь працягвае гандляваць з ЭЗ і закупляе там нашмат больш, чым прадае. І калі ў 2022-м аб’ёмы імпарту і экспарту былі больш-менш параўнальныя, то зараз афіцыйны Менск набывае ў «недружалюбных» краінах Эўразьвязу ў дзесяць разоў больш, чым туды прадае.
Толькі за 8 месяцаў сёлета Беларусь закупіла тавараў у ЭЗ на 2,71 мільярда даляраў. У параўнаньні з такім жа пэрыядам летась гэты паказьнік вырас на 75,6 мільёна даляраў, ці на 2,87%.
А вось так продаж тавараў з Эўразьвязу ў Беларусь выглядаў штогод (дадзеныя Эўрастату за студзень–жнівень кожнага году):
- 2020 год — 4,1 мільярда эўра
- 2021 год — 4,3 мільярда эўра
- 2022 год — 3,47 мільярда эўра
- 2023 год — 5,2 мільярда эўра
- 2024 год — 5,1 мільярда эўра
- 2025 год — 2,67 мільярда эўра
- 2026 год — 2,71 мільярда эўра
Чарга з грузавых аўтамабіляў у пункце пропуску "Каменны Лог" на беларуска-літоўскай мяжы, 2026 год
Нягледзячы на прынятыя абмежаваньні гандлю з ЭЗ, за гэты час, а менавіта ў 2023–2024 гадах, продаж эўрапейскіх тавараў у Беларусь перажыў уздым. Згодна з статыстыкай, агулам у краінах Эўразьвязу Беларусь набывае сама больш наступных тавараў (зьвесткі за гэты год):
- Плястмасы, вырабы зь іх, каўчук і гумовыя вырабы — на 31,7 мільёна эўра
- Прадукцыю хімічнай і спадарожных галінаў вытворчасьці — на 31 мільён эўра
- Жывёльныя і расьлінныя тлушчы і алей — 24 мільёна эўра
Пункт пропуску «Медынінкай» (Літва, мяжа з Беларуссю) у канцы сакавіка 2026 года
А што з продажам беларускіх тавараў
Ад 2020 году продаж беларускіх тавараў у Эўразьвяз прасеў у 11,6 раза. Калі за першыя восем месяцаў 2020 году ў ЭЗ прадалі тавараў на 2,44 мільярда эўра, то ў 2026 — толькі на 212,3 мільёна эўра.
Штогадовая статыстыка выглядае наступным чынам (першыя 8 месяцаў кожнага году, лічбы Эўрастату):
- 2020 год — 2,44 мільярда эўра
- 2021 год — 3,78 мільярда эўра
- 2022 год — 2,57 мільярда эўра
- 2023 год — 990 мільёнаў эўра
- 2024 год — 1 мільярд эўра
- 2025 год — 301 мільён эўра
- 2026 год — 212,3 мільёна эўра
Продажы беларускіх тавараў у ЭЗ, які пасьля жніўня 2020 году і асабліва лютага 2022 накладаў на Беларусь санкцыі, апошнія тры гады паступова зьніжаюцца.
Чаму Беларусь працягвае набываць тавары ў ЭЗ на мільярды?
Паводле старшай навуковай супрацоўніцы дасьледчага цэнтру BEROC Анастасіі Лузгіной, Беларусь набывае тавары ў «недружалюбных» краінах Эўразьвязу праз «вымушаную неабходнасьць».
«Хоць Беларусь разглядае эўрапейскія краіны як недружалюбныя і пэрыядычна зацьвярджае спэцыяльныя сьпісы тавараў, увоз якіх на беларускі рынак забаронены, пэўныя аб’ёмы імпарту захоўваюцца. Часта гэта тлумачыцца вымушанай неабходнасьцю. Напрыклад, працягваецца імпарт эўрапейскіх лекаў. Больш за тое, многія беларускія прадпрыемствы раней закуплялі эўрапейскае абсталяваньне, якое цяпер патрабуе камплектацыі і абслугоўваньня. Гэта таксама вымушае беларускі бок зьвяртацца да эўрапейскіх партнэраў. Таксама паступае розная бытавая хімія, дэкаратыўная касмэтыка, іншыя тавары, у тым ліку некаторыя прадукты харчаваньня», — расказвае эканамістка.
Беларускія грузавыя паўвагоны і цыстэрны для перавозкі нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў на пуцях чыгуначнай станцыі Панары у Літве, сакавік 2026 года
Суразмоўца зьвяртае ўвагу, што ЭЗ уводзіў санкцыі не для таго, каб цалкам закрыць шлях эўрапейскіх тавараў у Беларусь, а каб абмежаваць продаж прадукцыі падвойнага прызначэньня, каб тавары не выкарыстоўваліся ў вайне Расеі супраць Украіны.
«Нягледзячы на тое, што ЭЗ увёў санкцыі для Беларусі, абмежаваньні датычаць экспарту ў Беларусь пэўных відаў тавараў. У асноўным гэтыя санкцыі накіраваныя на тое, каб такія тавары не магла выкарыстоўваць Расея ў вайне супраць Украіны. Гэта датычыць, у прыватнасьці, тавараў падвойнага прызначэньня. Безумоўна, гэтыя патокі імкнуцца кантраляваць і адсочваць. Яшчэ некалькі гадоў таму тэрыторыя Беларусі выкарыстоўвалася як транзытная: некаторыя тавары спачатку паступалі ў Беларусь, а затым перанакіроўваліся ў Расею. Гэта таксама ўплывала на аб’ёмы гандлю. Эўрапейскія заканадаўцы паступова імкнуцца закрываць шчыліны, якія выкарыстоўваюцца для абыходу санкцыяў. Але, безумоўна, пэўныя бізнэс-схемы і спосабы абыходу санкцыяў усё яшчэ могуць існаваць. Гэта таксама ўплывае на агульныя паказьнікі гандлю», — дадае Лузгіна.
А што зь беларускай статыстыкай
Беларусь пачала закрываць сваю статыстыку з 2021 году, пасьля ўвядзеньня сэктаральных санкцыяў ЭЗ і санкцыяў ЗША. Перш з публічнай статыстыкі прыбралі зьвесткі аб вонкавым гандлі некаторымі таварамі: нафтапрадуктамі, калійнымі ўгнаеньнямі, прадукцыяй машынабудаваньня.
Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, а менавіта ўлетку 2022 году, з статыстыкі вонкавага гандлю зьнік падзел на таварныя групы. Цяпер немагчыма паглядзець, у якую краіну і колькі прадалі нейкай канкрэтнай прадукцыі.
Пункт пропуску «Меднікі» (Літва, мяжа з Беларуссю) у канцы сакавіка 2026 года
У верасьні 2022 году Белстат перастаў публікаваць і статыстыку вонкавага гандлю з падзелам па краінах. Зараз нельга паглядзець, куды і колькі тавару Беларусь прадала і колькі закупіла ў пэўнай краіне.
Цяпер публікуецца толькі агульная статыстыка: агульны экспарт, агульны імпарт, а таксама падзел: экспарт і імпарт у краіны СНД і па-за краінамі СНД.
Нейкіх афіцыйных тлумачэньняў, чаму публічныя зьвесткі статыстыкі так скарацілі, беларускія чыноўнікі не далі.