Сьвятлана Ціханоўская выступіла са зваротам да гадавіны сьмерці Рамана Бандарэнкі:
«За гэтыя шэсьць гадоў не адбылося таго, што павінна было адбыцца з самага пачатку: сумленнага і празрыстага расьследаваньня. Крымінальную справу прыпынілі яшчэ ў 2021 годзе, а вінаватыя дагэтуль не панесьлі адказнасьці. Пры гэтым у журналісцкіх расьсьледаваньнях даўно названыя імёны людзей, чыю датычнасьць да злачынства трэба праверыць. Рамана забілі, а потым зрабілі выгляд, што нічога не адбылося. Але адчуваньне гэтай страшнай несправядлівасьці нікуды ня зьнікла».
Ціханоўская заявіла, што родныя Рамана ўсё яшчэ чакаюць адказаў нас вае пытаньні пра ягоную гібель:
«Мы будзем дамагацца сапраўднага расьсьледаваньня і адказнасьці для ўсіх, хто мае дачыненьне да яго сьмерці. Бо, нягледзячы на час, які мінуў, нам па-ранейшаму патрэбная справядлівасьць. Шэсьць гадоў маўчаньня не сьціраюць ні злачынства, ні адказнасьці за яго».
У Вільні а 19-й гадзіне каля амбасады Беларусі пройдзе пікет памяці Рамана Бандарэнкі.
Сьмерць Рамана Бандарэнкі
12 лістапада 2020 году пры трагічных абставінах памёр 31-гадовы мянчук Раман Бандарэнка. Жыхара «плошчы Перамен» у Менску (двор на скрыжаваньні вуліц Чарвякова, Кахоўскай і Сморгаўскага тракта) выкралі і пабілі прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі, якія зразалі там бел-чырвона-белыя стужкі.
Раман Бандарэнка
У шпіталь Рамана завезьлі з РУУС Цэнтральнага раёну Менску з ацёкам галаўнога мозгу і шматлікімі траўмамі. Назаўтра ён памёр.
Хто менавіта забіў Рамана Бандарэнку, невядома. Аднак сярод прысутных падчас нападу 11 лістапада 2020 году на запісах з камэраў назіраньня пазналі Дзьмітрыя Баскава, неаднаразовага чэмпіёна сьвету ў тайскім боксе і кікбоксінгу Дзьмітрыя Шакуту і прэс-сакратарку Лукашэнкі Натальлю Эйсмант.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Наташа, Ганна Эйсмант, Баскаў — пры сваіх кармушках». Вялікая размова зь сястрой Рамана Бандарэнкі ВольгайСпачатку Сьледчы камітэт Беларусі заявіў, што Раман Бандарэнка нібыта быў п’яны. Пасьля журналісты і мэдыкі абверглі гэта.
18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
17 верасьня 2021 году справу прыпынілі «з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».
13 лістапада на партале Tut.by быў апублікаваны артыкул, дзе на падставе мэдычных дакумэнтаў паведамлялася, што ў крыві забітага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. 19 лістапада затрымалі аўтарку артыкула, журналістку Кацярыну Барысевіч, і лекара шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі Арцёма Сарокіна.
Кацярыне Барысевіч прысудзілі 6 месяцаў калёніі і штраф у 2900 рублёў, лекару Арцёму Сарокіну — два гады з адтэрміноўкай на год і штраф 1450 рублёў.