11 лістапада ўлады дзьвюх краін афіцыйна абвясьцілі, што ў Менску адкрыецца пасольства Нікарагуа. Напярэдадні падзеі адбылася сустрэча намесьніка міністра замежных спраў Яўгена Шастакова з часовым павераным у справах Нікарагуа ў Беларусі Клаўдыё Антоніё Аранам, паведамілі ў МЗС Беларусі.
На сустрэчы разглядалі пытаньні, зьвязаныя з адкрыцьцём пасольства, а таксама тэмы пятага пасяджэньня беларуска-нікарагуанскай супольнай камісіі гандлёва-эканамічнай супрацы.
Абедзьве падзеі заплянавалі на канец лістапада, піша БелТА.
Намесьнік міністра і дыплямат абмеркавалі бягучы стан і пэрспэктывы разьвіцьця беларуска-нікарагуанскай супрацы ў сфэрах узаемнай цікавасьці.
Дыпляматычныя адносіны паміж Беларусьсю і Нікарагуа ўстаноўленыя ў траўні 1994 году. У 2024 годзе дзяржавы дамовіліся скасаваць візы на ўезд адна ў адну.
Што вядома пра Нікарагуа
У сьвеце Нікарагуа мае нядобрую славу краінай пад уладай дыктатуры.
У сярэдзіне ліпеня 2026 году 80-гадовы кіраўнік гэтай краіны Даніэль Артэга скасаваў усе выбары ў краіне, заявіўшы, што такім чынам пазбавіць апазыцыю магчымасьці захапіць уладу ў краіне. Прадстаўнік левага сандынісцкага руху абвінаваціў у намерах зьнішчыць дзяржаву амэрыканцаў і прыхільнікаў зрынутага яшчэ ў 1979 годзе Анастасіё Самосы.
Ён таксама абвясьціў, што ўрад сумесна з падкантрольнай яму Нацыянальнай асамблеяй прыме пакет законаў — «сьцяну» ад таго, што Артэга назваў вяртаньнем «путчыстаў і здраднікаў» да ўлады.
Даніэль Артэга кіруе Нікарагуа з 2007 году, а да гэтага ўжо быў прэзыдэнтам у 1979–1990 гадах. Ягоны цяперашні тэрмін заканчваецца налета. Апошнія выбары ў Нікарагуа прайшлі ў 2021 годзе. Назіральнікі і праваабаронцы называлі іх сфальсыфікаванымі: перад галасаваньнем Артэга арыштаваў асноўных супернікаў і прадстаўнікоў бізнэсу, апазыцыйная дзейнасьць у краіне забароненая. Шэраг чыноўнікаў і палітыкаў, зьвязаных з Артэгам, даўно знаходзіцца пад амэрыканскімі санкцыямі.
У Нікарагуа, як і ў Беларусі, пад ударам журналісты. Улады істотна абмяжоўваюць свабоду прэсы, кідаюць журналістаў за краты. Нармальная і свабодная праца журналіст ў гэтай краіне амаль немагчымая. Краіны суседнічаюць у хвасьце ўсясьветнага пераліку «свабоды прэсы», у якім Беларусь пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі займае 165-е месца, а Нікарагуа пад уладай Даніэля Артэгі — 168-е. Агулам у пераліку 180 пазыцый.