У Маскве 11 лістапада ў вузкім складзе засядае Арганізацыя дамовы аб калектыўнай бясьпецы. Аляксандар Лукашэнка ў чарговы раз у расейскай сталіцы выказаў незадаволенасьць мілітарызацыяй краінаў Захаду.
«Нас папракаюць, асабліва Беларусь і Расею, у тым, што мы да 2030 году рыхтуемся да вайны і гатовы ваяваць супраць NATO і ўсяго Эўрапейскага зьвязу. Нічога падобнага ў Беларусі і Расеі няма. Мы ўжо некалькі разоў гаварылі аб гэтым», — заявіў Аляксандар Лукашэнка.
Паводле яго, наадварот, заўважныя істотныя выдаткі эўрапейцаў «на так званую „бясьпеку“». І дадаў: «пытаньне, ад каго».
Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка на саміце АДКБ ў Маскве, 11 лістапада 2026
Ранейшыя заявы Расеі пра жаданьне атрымаць акупаваныя тэрыторыі на ўсходзе Ўкраіны і пэўныя пагрозы з Масквы, якія гучалі ў бок эўрапейскіх дзяржаў, у прыватнасьці, краінаў Балтыі, Лукашэнка не згадаў.
Далей ён працягнуў сваю прамову пра мілітарызацыю.
«Неспакой выклікае тое, што ля нашых межаў ідзе трэнаваньне войскаў і спэцпадразьдзелаў, і небясьпека ў тым, што працягваецца мілітарызацыя краін Захаду. Сотні мільярдаў даляраў трацяцца на закупку ўзбраеньняў», — сказаў Лукашэнка.
Аляксандар Лукашэнка на саміце АДКБ у Маскве 11 лістапада
Зьвярнуўся ён і да тэмы міждзяржаўных перамоў наконт урэгуляваньня вайны, што праходзяць у Абу-Дабі.
«На жаль, міждзяржаўных супярэчнасьцяў і канфліктаў у сьвеце сёньня нямала. Таму мы вітаем намаганьні ўва ўрэгуляваньні канфлікту ўва Ўкраіне і тую гнуткую пазыцыю, якую прэзыдэнт Расеі і кіраўніцтва займаюць у гэтых перамовах».
Пры гэтым Лукашэнка ніяк не ўдакладніў, у чым гнуткасьць пазыцыі Ўладзіміра Пуціна.
Гаворачы пра мілітарызацыю краінаў Захаду, Лукашэнка пры гэтым на сустрэчы ў Маскве заклікаў да «ўмацаваньня вайсковага патэнцыялу АДКБ». Акрамя таго, ён мяркуе, што АДКБ магла б стаць падмуркам Эўразійскае хартыі ў вайсков-палітычным пляне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У другі дзень перамовы паміж Расеяй і Ўкраінай у Абу-Дабі доўжыліся каля 2 гадзін. Што вядома пра вынікіАрмянскае пытаньне
Таксама ў Маскве вырашалася пытаньне далейшых дзеяньняў адносна Армэніі. Краіна пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Нікола Пашыньяна перастала плаціць сяброўскія складкі ў арганізацыі і паўнаварстасна ўдзельнічаць у працы арганізацыі. Пашыньян раней выказваў намер замарозіць удзел сваёй краіны ў АДКБ.
Цяпер у Маскве іншыя краіны прагаласавалі за пазбаўленьне афіцыйнага Ерэвану права голасу.
Цяпер Армэнія можа вярнуць свае правы толькі ў выпадку поўнай выплаты прапушчаных складак.
Пасьля словаў пра магчымую замарозку сяброўства ў АДКБ, армянскі ўрад, аднак, не рабіў іншых крокаў і ня выйшаў з арганізацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Армянскі тэст для імпэрыі: чаму Лукашэнку так непакоіць ЕрэванА як зь мілітарызацыяй Беларусі насамрэч?
Лукашэнка шматкроць на розных пляцоўках паўтарае тэзу пра тое, што дзяржава пад ягоным кіраўніцтвам працуе выключна ў мірным рэчышчы і выступае супраць гонкі ўзбраеньняў. Аднак лічбы і тэндэнцыі моцна супярэчаць заяўленаму.
Эўразьвяз і шэраг дзяржаў наклалі санкцыі на Рэспубліку Беларусь за дапамогу Расеі ў вайне, прадастаўленьне расейцам месца для разьмяшчэньня зброі і войскаў. Асабіста Лукашэнка шматразова заяўляў пра расейскую стратэгічную ядзерную зброю, якую нібыта прывезьлі ў Беларусь з Расеі, і намякаў на магчымыя ўдары па Эўропе ў пэўных сытуацыях.
Стакгольмскі міжнародны інстытут дасьледаваньня праблемаў міру (SIPRI) ў чэрвені пісаў пра Беларусь і выкарыстаньне яе тэрыторыі расейцамі.
«Прысутнасьць сыстэмаў „Арэшнік“ у Беларусі, а таксама раней разгорнутых сыстэмаў „Іскандэр“ і самалётаў, здольных несьці ядзерную зброю, сьведчыць, што Расея цяпер, імаверна, мае некалькі розных сродкаў дастаўкі ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі», — гаварылася ў справаздачы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Стакгольмскі інстытут міру згадаў Беларусь у штогадовай справаздачы аб стане ўзбраеньняў у сьвецеУ пачатку лістапада, ужо пасьля сэрыі зьняцьця шэрагу санкцый зь Беларусі, ЗША ўнесьлі ў «чорны сьпіс» кампанію Armory Alliance.
«Арганізацыя выступала ў ролі пасярэдніка паміж кітайскімі кампаніямі і Іранам, а таксама ўдзельнічала ў арганізацыі закупкі сотняў ПЗРК», — паведамілі амэрыканскія ўлады.
Пры гэтым на паперы фірма займалася ня зброяй, а «гуртавым гандлем іншымі машынамі і абсталяваньнем, ня ўключанымі ў іншыя групоўкі».
Гандаль зброяй у Беларусі знаходзіцца пад шчыльнай увагай улады, апэрацыі непасрэдна зьвязаныя зь людзьмі, датычнымі д ўлады. Напрыклад, у лютым 2026 году ў сьпіс беларускіх спэцэкспартэраў уключылі новую кампанію — «ГрандСпэцТрэйдынг». Беларускі расьсьледніцкі цэнтар выявіў, што да яе маюць дачыненне экс-сілавікі, а зарэгістраваць бізнэс дапамог чалавек з Упраўленьня справамі прэзідэнта, зьвязаны з блізкім паплечнікам Аляксандра Лукашэнкі Віктарам Шэйманам.