Ужо сёньня: Міжнародны дзень салідарнасьці зь Беларусьсю

Падзеі 12 лістапада ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

12 лістапада — Міжнародны дзень салідарнасьці зь Беларусьсю.

Ён адзначаецца з 2023 году ў дзень сьмерці Рамана Бандарэнкі, 31-гадовага менчука, якога 11 лістапада 2020 году жорстка пабілі людзі ў цывільным у двары ягонага дому.

Хто менавіта забіў Рамана Бандарэнку, невядома, аднак сярод прысутных падчас нападу 11 лістапада на запісах з камэраў назіраньня пазналі экс-кіраўніка Фэдэрацыі хакею Беларусі Дзьмітрыя Баскава, неаднаразовага чэмпіёна сьвету ў тайскім боксе і кікбоксінгу Дзьмітрыя Шакуту і прэс-сакратарку Лукашэнкі Натальлю Эйсмант.

З ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай 12 лістапада стала днём міжнароднай салідарнасьці зь беларусамі, якія змагаюцца за свабоду і дэмакратыю. Ініцыятыву падтрымалі прадстаўнікі Эўразьвязу і Эўрапарлямэнту. У гэты дзень праводзяць акцыі падтрымкі, зьбіраюць ахвяраваньні на дапамогу палітвязьням і іхным сем’ям, а таксама беларускім добраахвотнікам ва Ўкраіне, дзеляцца навінамі пра сытуацыю ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Паўмільёна рэпрэсаваныя, паўмільёна ў эміграцыі: уражальныя лічбы пра беларусаў пасьля 2020 году

Дзень у гісторыі

1896 — у Магілёве адбыўся землятрус, сіла падземных штуршкоў якога ацэньваецца ў 4–5 балаў паводле 12-бальнай шкалы. Гэта адзін зь нешматлікіх вядомых землятрусаў на тэрыторыі Беларусі. Наймацнейшыя штуршкі, інтэнсіўнасьцю да 7 балаў паводле той жа шкалы, былі зафіксаваныя ў 1908 годзе ў раёне Гудагаю на Астравеччыне. Апошнія адчувальныя мясцовыя землятрусы ў Беларусі былі ў 1998 годзе. А штуршкі ад землятрусаў у іншых краінах адчуваліся і пазьней: у 2004 годзе — з Калінінградзкай вобласьці, у 2016-м — з Румыніі.

1915 — у занятай немцамі Белавескай пушчы на паляваньні імпэратар Вільгельм ІІ застрэліў зубра. Падчас Першай сусьветнай вайны папуляцыя зуброў у пушчы была амаль цалкам зьнішчаная, а ў 1919 годзе загінуў апошні дзікі зубар.

1918 — у Віцебску заснавалі губэрнскі краязнаўчы музэй, зь якога вядзе сваю гісторыю сучасны Віцебскі абласны краязнаўчы музэй.

1918 — Аўстрыя абвясьціла сябе рэспублікай.

1933 — у Нямеччыне на рэфэрэндуме паводле афіцыйных вынікаў 95% прагаласавалі за падтрымку рашэньня Адольфа Гітлера выйсьці зь Лігі Нацый.

1948 — завяршыўся Такійскі працэс над вышэйшымі палітычнымі і вайсковымі кіраўнікамі Японіі, абвінавачанымі ў разьвязваньні агрэсіўнай вайны і ваенных злачынствах. Сямёх асудзілі на павешаньне, 16 — на пажыцьцёвае, 2 — на працяглае зьняволеньне.

1970 — самы сьмяротны цыклён за гісторыю назіраньняў уначы з 12 на 13 лістапада абрынуўся на тэрыторыю сучаснага Банглядэш. Загінулі ад трохсот да пяцісот тысяч чалавек.

1982 — Юрый Андропаў абраны генэральным сакратаром ЦК КПСС.

Юрый Андропаў, 1983 год

1992 — Украіна адмовілася ад расейскага рубля на сваёй тэрыторыі. У Беларусі ж свой рубель стаў адзіным законным плацежным сродкам 1 жніўня 1994 году.

Гетман Мазэпа на банкноце 10 грыўняў, 1992 год

2014 — першы раз ушанавалі памяць забітых у Хайсах, віцебскіх Курапатах — паставілі крыжы.

Усталяваньне першых крыжоў у Хайсах, 12 лістапада 2014 году

2014 — упершыню ў гісторыі касьмічны апарат сеў на камэту.

Камэта 67P / Чурумава — Герасіменкі, сфатаграфаваная 12 лістапада 2014 году з вышыні каля 3 км. Фота — Эўрапейскае касьмічнае агенцтва (ESA)

У гэты дзень нарадзіліся

1796 — Міхал Рукевіч, вайсковец, удзельнік вызвольнага руху 1820-х, палітычны катаржанін.

1823 — Павал Шпілеўскі, беларускі этнограф і пісьменьнік. Найбольш вядомая ягоная праца «Падарожжа па Палесьсі і Беларускім краі».

1868 — Ганна Місуна, першая беларуская геалягіня.

1885 — Міхайла Грамыка, беларускі пісьменьнік і навуковец. У 1930 годзе арыштаваны па сфабрыкаванай справе «Саюзу вызваленьня Беларусі» і асуджаны на 5 гадоў высылкі. У Беларусь больш не вярнуўся.

1893 — Апалінар Пупко, беларускі народны майстар, разьбяр, скульптар і жывапісец. Ягоны дом у Івянцы цяпер музэй.

Сяргей Шупа і Вінцук Вячорка ў двары разьбяра Апалінара Пупко зь ягонымі творамі ў руках. Івянец, 1983 год

1902 — Тацьцяна Бандарчык, беларуская тэатральная акторка і рэжысэрка. У 1920 годзе арганізавала ў Бабруйску драматычны гурток «Крыніца», дзе паставіла «Паўлінку» Янкі Купалы і сыграла галоўную ролю. Працавала ў беларускіх драматычных тэатрах імя Янкі Купалы і Якуба Коласа, кіравала Бабруйскім вандроўным беларускім драматычным тэатрам.

1920 — Андрэй Макаёнак, беларускі драматург. Народны пісьменьнік Беларусі (1977). У час вайны ледзь браў удзел у Крымскай апэрацыі дэсанту, быў паранены і ледзь ня страціў ногі. Чатыры гады загадваў аддзелам прозы ў часопісе «Вожык» і дванаццаць гадоў быў галоўным рэдактарам часопіса «Нёман». Адзін з найбольш вядомых драматургаў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

20 нечаканых фактаў пра Андрэя Макаёнка

1929 — Яша Бурш, мастак, беларускі паэт-мадэрніст у Польшчы.

1958 — Леанід Пранчак, паэт-песеньнік. Ягоныя творы выконвалі вядомыя беларускія музыкі, у тым ліку ансамблі «Песьняры» і «Сябры». Выдаў кнігу інтэрвію «Беларуская Амэрыка» (1994).

1967 — Ірына Халіп, беларуская журналістка і публіцыстка, былая палітзьняволеная, ляўрэатка прэміі «Герой Эўропы» (2005).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Супраць журналісткі Ірыны Халіп завялі завочную крымінальную справу, у яе бацькоў у Менску правялі ператрус

У памяці

1572 — Рыгор Хадкевіч, дзяржаўны і вайсковы дзеяч ВКЛ. У сваім маёнтку Заблудаў на Беласточчыне заснаваў друкарню, дзе Іван Фёдараў і Пётр Мсьціславец выдалі «Эвангельле вучыцельнае» (1569) і «Псалтыр з Часаслоўцам» (1570).

1623 — Язафат Кунцэвіч, уніяцкі арцыбіскуп, актыўны праваднік Берасьцейскай царкоўнай уніі (забіты ў Віцебску). У 1867 годзе каталіцкая царква кананізавала яго як сьвятога.

1656 — Альбрыхт Станіслаў Радзівіл, вялікі канцлер літоўскі. Фундаваў касьцёл у Налібаках, езуіцкі касьцёл і калегіюм у Пінску. Пакінуў каштоўны дзёньнік падзеяў 1632–1656 гадоў.

1996 — Анатоль Майсеня, беларускі журналіст і грамадзкі дзеяч. Загінуў у аўтакатастрофе.

Анатоль Майсеня

2018 — Ігар Лучанок, беларускі кампазытар, народны артыст Беларусі і СССР.

Ігар Лучанок

2020 — Раман Бандарэнка, якога напярэдадні жорстка пабілі падчас затрыманьня на «плошчы Перамен» у Менску.

2020 — адбыліся масавыя затрыманьні студэнцкіх актывістаў у Менску. Гэты дзень стаў пачаткам шырока вядомай «справы студэнтаў», у якой за ўдзел у пратэстах судзілі 12 чалавек — студэнтаў, выпускніцу ўнівэрсытэту і выкладчыцу. Іх пакаралі зьняволеньнем на два — два з паловай гады.