Некалькі дзён таму Польшча амаль у жывым этэры назірала за масавым забойствам у цэнтры Кракава, калі 24-гадовы Міхал О. расстраляў зь вінтоўкі выпадковых мінакоў. Разам з Польшчай назіраў і ўвесь сьвет, у тым ліку Беларусь.
Відэа з чорным аўтамабілем, зь якога хтосьці страляе па людзях, напужаныя мінакі, якія бягуць натоўпам і хаваюцца ў кавярнях, а таксама здымкі ахвяраў, што ляжаць на вуліцах Кракава, зьяўляліся ў сеціве адно за адным у першыя гадзіны пасьля трагедыі, іх тут жа публікавалі асноўныя сусьветныя і нацыянальныя мэдыя.
Відэа затрыманьня стралка апублікавалі прыкладна праз паўтары гадзіны ад пачатку тэракту. Да вечара таго ж дня зьявіўся паўнейшы запіс, дзе дэталёва можна было разгледзець, як дзейнічалі абодва паліцыянты, што паранілі нападніка, нэўтралізавалі яго і сталі героямі ў вачах мільёнаў людзей.
За забойствамі назіралі ня толькі палякі, але і беларусы, што жывуць у Кракаве, агулам у Польшчы і ў Беларусі. Зацікаўленыя ўва ўсім сьвеце мелі хуткі доступ да гэтай інфармацыі.
У час reels і жывых трансьляцыяў, якія можа пачаць ці ня кожны, хто мае смартфон, людзі прызвычаіліся спажываць інфармацыю праз манітор тэлефона і перажываць эфэкт прысутнасьці на такіх падзеях, пра якія яшчэ гадоў дваццаць таму яны даведаліся б толькі ў тэлевізійным выпуску вечаровых навінаў або ў сьвежым нумары газэты — і, пэўна, без такой паглыбленасьці ў працэс.
Такія падзеі, як тэрарыстычны акт або вайсковыя дзеяньні, а таксама іх наступствы могуць нанесьці чалавеку траўму, выклікаць у яго непрыемныя перажываньні, кажа ў размове з Свабодай псыхоляг Натальля (не называем прозьвішча суразмоўцы дзеля ейнай бясьпекі. — РС). Прычым гэта можа адбыцца ня толькі тады, калі чалавек назірае за падзеямі ўжывую, але і калі сочыць за імі онлайн.
«Ёсьць такі тэрмін „траўма сьведкі“. Ад яе цярпяць людзі, якія становяцца сьведкамі жудасных падзеяў. Прагляд фота, відэаматэрыялаў — вельмі шырокі і моцны канал узьдзеяньня на нашую нэрвовую сыстэму. Прагляд такіх матэрыялаў можа моцна нас параніць», — кажа экспэртка.
Абмежавала навіны, каб жыць рэальным жыцьцём
Беларуска Аксана* (не называем прозьвішча суразмоўцы дзеля бясьпекі. — РС), якая жыве ў Кракаве, расказала Свабодзе, што яшчэ раней вырашыла абмежаваць чытаньне навінаў і ўвогуле спажываньне інфармацыі.
«Я адчувала стомленасьць нэрвовай сыстэмы, праблемы з сном, агульную перанасычанасьць. У пэўны момант падумала: вось навошта мне гэта ўсё ведаць? Перапалкі Зяленскага з Трампам, чарговае трызьненьне Азаронка ці Лукашэнкі, здарэньні па ўсім сьвеце… А да гэтага яшчэ заходзіш у Threads — там ці то рэкляма чарговых непатрэбных мне сродкаў, ці то неймаверныя гісторыі без усялякага сэнсу, у інстаграме кожны навучае, як жыць», — успамінае свае перажываньні суразмоўца.
Аксана адзначае, што захоўвала крытычнае стаўленьне да таго, што чытала, але, як яна перакананая, кожная публікацыя — гэта стымул, на які хоцькі-няхоцькі мозг адказвае, нават калі чалавек не ўсьведамляе гэтага: або вэрыфікуе, або прымае рашэньне, ці патрэбна чалавеку тое, што яму навязваюць, або правакуе на эмацыйны водгук.
«Я стамілася ад гэтага — яшчэ ж на ўласнае жыцьцё патрэбныя сілы!» — падсумоўвае суразмоўца.
Кракаў, 8 лістапада 2026 году
Яна дадае, што ня цалкам адключыла сябе ад навакольнага сьвету. Чытала навіны тады, калі адмыслова вылучала на гэта час. Абірала некалькі крыніц, якім давярае. Больш канцэнтравала ўвагу на тым, чым цікавілася: тым, што адбываецца ў Кракаве, напрыклад, бо гэта наўпрост уплывае на ейнае жыцьцё. Так, яна зь цікавасьцю сачыла за выбарамі прэзыдэнта (мэра) гораду.
Пра астатнія важныя падзеі беларуска даведвалася з загалоўкаў на тытульных старонках мэдыя ці ад сяброў. Яна кажа, што адключыла ўсе апавяшчэньні, адпісалася ад большасьці інфармацыйных каналаў.
«Мне здаецца, мы моцна недаацэньваем, колькі інфармацыйнага сьмецьця паглынаем кожны дзень і колькі рэсурсаў мозгу на гэта незаўважна траціцца — гэта апроч таго, што мімаволі ўсё адно хоцькі-няхоцькі будзеш ведаць, бо ня ў лесе ж жывеш. Радыё ў таксоўцы, людзі пра нешта гавораць, рэкляма навокал, паведамленьні ў сацыяльных сетках, здымкі, відэа, мэмы, штосьці сябры расказалі, штосьці самому стала цікава паглядзець — і гэта ўжо шмат усяго! Куды яшчэ ўвапхнуць гэтыя навіны з дваццаці розных крыніц кожны божы дзень?!» — разважае суразмоўца.
Яна заўважае, што пры гэтым пачувалася адарванай ад сьвету. Высьветліла, што можна арыентавацца ў падзеях, не патанаючы ў навінах і не чытаючы ўсю стужку навінаў «ува ўсіх крыніцах і сацсетках».
«Вось я пасьля сьняданку вылучаю сабе гадзінку на навіны пад каву, адкрываю галоўную старонку Gazety Wyborczej (адно з найбуйнейшых і аўтарытэтных выданьняў у Польшчы. — РС) — і праглядаю, што там робіцца. І заўважыла, дарэчы, што больш цікавасьці выклікалі вялікія тэксты — рэпартажы, інтэрвію, штосьці грунтоўнае, а ня хуткія навіны пра тое, што нехта нешта сказаў. Калі адчувала, што зусім ужо загубілася і закапалася ў барацьбе з пустазельлем на траўніку і трэба зарыентавацца, у якім сьвеце я сёньня прачнулася, то магла зрэдку ўключыць кароткі відэаагляд, дзе тлумачыцца, што адбываецца і чаму гэта важна», — апісвае свой расклад Аксана.
Месца трагедыі ў Кракаве, 8 лістапада 2026 году
Яна заўважае, што не адчувала, што нешта страціла. Наадварот — адчувала палёгку.
«Я адчула, наколькі лягчэй жыць, калі я не накручваю сябе з самага ранку тым, што ў сьвеце дзеецца абы-што, а спакойна п’ю каву, гатую сьняданак, апякуюся катом. Я гэта называла „жыць рэальным жыцьцём“, і гэта сапраўды так адчуваецца. Фокус увагі зьмясьціўся на тое, што адбываецца ўласна ў мяне пад носам, тут і цяпер. На тое, што сапраўды важна для мяне, маіх блізкіх», — дзеліцца суразмоўца.
У выніку, працягвае яна, у яе вызваліўся час і мэнтальны рэсурс на навучаньне, на тое, што яе цікавіць.
«Пратэсты ў Парыжы — шкада, вядома, але затрымлівацца на гэтым не хачу. Навіны з Украіны — горка, але паглыбляцца ў гэта ня маю эмацыйнага рэсурсу, я тут ня маю ўплыву, а проста чытаць і гараваць не стае сілы. Палітзьняволеныя ў Беларусі — гэта стабільна балючая тэма, нічога не зьмяняецца ад таго, што я чытаю ў фэйсбуку чарговы срач на гэтую тэму, злуюся, перажываю — таму зноў жа не хачу паглыбляцца», — апісвае свае адчуваньні беларуска.
Замест чытаньня навінаў яна абірала, прыкладам, напісаньне весткі знаёмаму, які чакае на волі брата з турмы. І ў гэтым бачыла больш карысьці.
«Быў патрэбны высілак волі, каб адкласьці тэлефон»
Калі адбыўся тэракт у Кракаве, расказвае Аксана, «вір навінаў яе захапіў», бо гэта тычылася гораду, у якім яна жыве, ейнага беспасярэдняга атачэньня, а таксама базавага пачуцьця бясьпекі.
«Мая трывога так сябе рэалізавала — мне здавалася, што чым больш падрабязнасьцяў я буду ведаць, чым больш буду інфармаваная, чым хутчэй сфармулюю ўласнае стаўленьне на падставе фактаў, у якіх я ўпэўнена, тым менш будзе няпэўнасьці і тым больш ілюзіі кантролю над сытуацыяй», — мяркуе яна.
Кракаў, 7 лістапада 2026 году
Аксана ўспамінае, што раней, падчас вучобы на журналісцкім факультэце, пісала дыплёмную працу пра ўплыў гвалту ў мэдыя на псыхіку. Выснова была адназначнай: навіны ўплываюць на людзей, спажываньне шокавага зьмесьціва можа мець такія ж наступствы, як і беспасярэдні ўдзел у экстрэмальных падзеях.
«Я гэта ведала. Але калі ўсё гэта адбываецца літаральна за кілямэтар ад дому, дзе я і мае блізкія бываем рэгулярна, — не выпадае схаваць галаву ў пясок. Адзінае, што я старалася трохі вяртаць сябе ў рэальнасьць. Спраўдзіць, ці ўсе ў парадку, падзяліцца ўражаньнямі і пачуцьцямі з кімсьці, абмеркаваць, выгаварыцца і выслухаць, падумаць, ці магу дапамагчы, нешта зрабіць», — расказвае яна пра свае паводзіны пасьля тэракту.
Але жыхарка Кракава прызнаецца, што вір навінаў настолькі яе паглынуў, што ёй быў патрэбны высілак волі, каб адкласьці тэлефон і легчы спаць, а не чакаць усё новых абнаўленьняў.
«Цяпер я працягваю сачыць за разьвіцьцём падзеяў пасьля тэракту ў Кракаве і адначасова ігнарую 90% астатняга інфармацыйнага шуму. Як і многія, я перажыла і шок, і спалох, і трывогу — і гэта натуральная рэакцыя на шокавыя падзеі ў месцы, дзе жывеш. Але ўстрымліваюся ад таго, каб накручваць сябе далей. Малюся, каб паліцыянты і ўсе пацярпелыя вярнуліся да здароўя, — і разам з тым вяртаюся да свайго ўласнага жыцьця, якое таксама патрабуе ўвагі. Інакш у гэтым сьвеце навінаў можна звар’яцець», — падсумоўвае суразмоўца.
«Ёсьць рэчы, страшнейшыя, чым выгляд трупаў»
Беларуска Вераніка Бягун, якая жыве ў Кіеве, у сваіх сацыяльных сетках вядзе дзёньнік жыцьця ва Ўкраіне падчас вайны. Яна падкрэсьлівае, што прынцыпова не глядзіць здымкі з выявамі забітых людзей, а таксама не публікуе іх на сваёй старонцы.
Вераніка Бягун
Адзін з найважнейшых для яе аргумэнтаў за тое, каб не глядзець і не публікаваць фота з забітымі людзьмі — гэтыя фота могуць убачыць блізкія нябожчыкаў. Суразмоўца перакананая: варта думаць пра тое, што будуць адчуваць блізкія людзі забітых, калі фота іхных крэўных «убачыць увесь сьвет».
«Я заўсёды думаю пра родных, блізкіх, дзяцей, бацькоў тых людзей, якія загінулі і чые фота выстаўляюць у сацыяльных сетках, у мэдыя», — камэнтуе яна.
Вераніка ў размове з Свабодай дадае, што да таго ж ня хоча бачыць мёртвых людзей на фота.
«Я і так разумею, чаму вайна страшная. Я сама магу кожны дзень загінуць, бо знаходжуся ў Кіеве. Я хачу, каб да людзей даходзіла глябальна, чаму ня мае быць вайны на сьвеце. Я лічу што страшныя, адкрытыя фота забітых у час вайны людзей, трупаў, крыві не дапамагаюць іншым людзям, якія не знаходзяцца на вайне і не перажываюць яе, зразумець, чаму вайна гэта так страшна, чаму яе трэба спыніць і ніколі больш не пачынаць», — перакананая Вераніка.
Суразмоўца мяркуе, што ёсьць рэчы, страшнейшыя, чым выгляд трупаў, забітых людзей, разбурэньняў.
«За амаль пяць гадоў вайны, напэўна, найстрашнейшае для мяне фота — гэта жывы сабака, які сядзіць на тым, што засталося ад дому, дзе ён жыў з сваімі гаспадарамі. Усе загінулі, акрамя гэтага сабакі. Гэты сабака потым таксама памёр, веру, што ад гора. Вось такія эмацыйныя фота, прадуманыя, зь сюжэтам ад самога жыцьця, мне здаецца, узьдзейнічаюць значна больш эфэктыўна», — мяркуе яна.
Сабака Крым на руінах прыватнага дому ў Дніпры, дзе пасьля ўдару расейскай ракеты загінула ўся сям’я: маці, бабуля, двое дзяцей. 29 верасьня 2022 году. Фота Барыса Філатава
Вераніка расказвае, што ў яе была спрэчка з сяброўкай, якая публікуе на сваёй старонцы ў сетках многія страшныя здымкі, зьвязаныя з вайной, і тлумачыць гэта тым, што яе старонку чытаюць расейцы. Сяброўка, з словаў Веранікі, спадзяецца, што так яны ўбачаць, што адбываецца ва Ўкраіне насамрэч.
«Я абсалютна ўпэўненая, што людзі, якія людаеды ў сваёй прыродзе, не зразумеюць гэтага толькі таму, што ім пакажуць, як выглядае труп. У іх ёсьць свае наладкі і ўпэўненасьць у нейкіх каштоўнасьцях, якія яны самі сабе прыдумалі або за іх гэта прыдумалі, калі прамывалі ім мазгі», — кажа Вераніка.
Суразмоўца верыць, што больш эфэктыўна дзейнічае тое, што паказваецца «тонка, глыбока, шматслаёва», паралелі, глыбіня, а ня тое, што ўзьдзейнічае на імгненны пад’ём картызолу або адрэналіну, як, прыкладам, страшныя фотаздымкі.
Жыцьцё ў Кіеве падчас поўнамаштабнай вайны, фота Веранікі Бягун
«Сёньня я бачыла, што на вуліцы, дзе я хаджу штодня, ляжаў у мяху труп і над ім стаялі паліцыянты. Гэта не было зьвязана з вайной. Я пайшла хутчэй. Для мяне гэта ня менш страшна, чым калі б я пабачыла мёртвага чалавека на ходніку. Сама гэтая карцінка — паліцыянты, мех з чалавекам — на мяне гэта ўзьдзейнічае мацней, калі гэта ня ў лоб, не занадта наўпрост», — адзначае Вераніка.
Плакаць замест таго, каб ахвяраваць грошы
Псыхоляг Натальля* тлумачыць у камэнтары Свабодзе, што назіраньне за страшнымі падзеямі офлайн ці онлайн уплывае на людзей. Гэта выклікае ў іх страх, асабліва калі падзеі адбываюцца недалёка ад іх або зь людзьмі, зь якімі яны могуць сябе асацыяваць.
«Кракаў — месца, многім знаёмае. Шмат было камэнтароў: „Я толькі нядаўна хадзіла па гэтых вуліцах, па гэтым пляцы, а тут такое здарылася“. Гэта пазнавальнае месца, пазнавальныя людзі, таму гэта вельмі блізка. Гэта нясе пачуцьцё небясьпекі: калі такое здарылася ў Кракаве, чаму ня можа здарыцца ў маім горадзе? Калі такое здарылася на адным пляцы, чаму ня можа здарыцца на іншым пляцы або іншай вуліцы?» — разважае спэцыяліст.
Такія падзеі, працягвае Натальля, прыносяць пачуцьцё небясьпекі, якая ўрываецца ў адносна мірную штодзённасьць і разбурае ўяўленьне пра абсалютную бясьпеку вакол.
Псыхоляг зьвяртае ўвагу, што інтэрнэт-карыстальнікі задавалі шмат пытаньняў — чаму адбылася трагедыя ў Кракаве, якімі былі матывы ў нападніка. Яна тлумачыць, што ў пошуку адказаў на такія пытаньні праяўляецца спроба ўзяць сытуацыю пад кантроль, прыкладам, зразумець, паводле якіх крытэраў ён выбіраў ахвяраў, задумацца, ці я пасую пад гэтыя крытэры, ці не. Але гэта была б ілюзія кантролю над сытуацыяй, дадае суразмоўца.
Натальля адзначае, што падобныя страшныя падзеі могуць выклікаць пачуцьцё бездапаможнасьці. Калі падчас нейкай балючай падзеі чалавек адчувае бездапаможнасьць, ня ведае, што з гэтым рабіць, як перадухіліць паўтор падобных сытуацыяў, ён, больш імаверна, атрымае ў выніку траўму, чым калі не адчувае бездапаможнасьці.
Псыхоляг тлумачыць: калі людзі глядзяць фота і відэа тэрактаў або вайсковых дзеяньняў, гэта, з аднаго боку, выклікае ў іх вялікія эмоцыі, а зь іншага, дапамагае адчуць прыналежнасьць да гэтай падзеі. І гэтае суперажываньне падзеі, эмацыйная рэакцыя на яе (плач, жах) выклікае ілюзію, быццам чалавек праз свае эмоцыі неяк станоўча паўплываў на сытуацыю. Але гэта насамрэч ня так.
«Часам мы эмацыйным праглядам замяшчаем магчымасьці неяк дапамагаць. Я ўжо эмацыйна далучыўся і адчуваю, быццам мая справа выкананая. Але прагляд гэтых здымкаў не прыносіць карысьці ні вам, ні тым, хто на гэтых фатаздымках», — тлумачыць спэцыяліст.
Яна адзначае, што ёсьць рэчы, якімі рэальна можна дапамагчы ў канкрэтнай сытуацыі: ахвяраваць грошы на збор паліцыянтам, зрабіць данат на патрэбы Ўкраіны.
«Гэта непараўнальна больш карысна», — дадае яна.
Пошукавыя работы ў мястэчку Камышуваха Запароскай вобласьці, дзе ад удараў расейскіх ракетаў загінулі больш за 50 чалавек, 8 лістапада 2026 году
Часам чалавек глядзіць здымкі жахлівых падзеяў і быццам нічога не адчувае. Псыхоляг адзначае, што такі брак пачуцьцяў — дэсэнсыбілізацыя — можа быць часткаю траўматычнай рэакцыі.
«Часам людзі пачынаюць сябе вінаваціць, што ў іх гэтыя кадры не выклікаюць ніякіх эмоцыяў. Гэта адбываецца таму, што псыхіка адаптуецца, прывыкае. Немагчыма пастаянна над гэтым рыдаць. Гэта нармальная рэакцыя псыхікі на ненармальныя абставіны. Зь іншага боку, навошта сябе даводзіць да гэтага стану? Ня трэба сябе вінаваціць, калі вы ня можаце глядзець такія фота. Правільна робіце, што ашчаджаеце свае пачуцьці», — камэнтуе Натальля.
Паводле яе, зь іншага боку, ня варта закрывацца цалкам ад сьвету і рабіць выгляд, што навокал усё добра. Але варта знайсьці пазыцыю, пры якой чалавек будзе ў курсе падзеяў, пры гэтым аберагаючы свае пачуцьці, і застанецца здольным дапамагаць іншым.
Псыхоляг адзначае, што нельга захоўваць душэўны спакой, праглядаючы фота і відэа актаў тэрору або вайсковых дзеяньняў. Гэта несумяшчальныя рэчы. Яна мяркуе, што звычайнаму чалавеку няма сэнсу глядзець страшныя здымкі.
«Што вы хочаце там убачыць? Адбылася трагедыя. Вы ведаеце, колькі ахвяраў, колькі параненых, вы бачыце партрэты паліцыянтаў, якія ў Кракаве затрымалі чалавека. Вы ўжо ведаеце дастаткова інфармацыі. Або ведаеце, што было разбурана і якая колькасьць ахвяраў ва Ўкраіне. Ніякай дадатковай інфармацыі звычайнаму чалавеку гэтыя кадры не прыносяць», — камэнтуе яна.