Падчас вечаровай сустрэчы суразмоўцы абмяняліся фразамі пра посьпехі ў працы ўрадаў, гандлёвых паказьніках і разьвіцьці мікраэлектронікі, якія гучалі і на папярэдніх сустрэчах.
Аляксандар Лукашэнка, згадаўшы рэгулярныя вайсковыя праверкі і стварэньне баявых падразьдзелаў у Беларусі, падзякаваў Пуціну за «падтрымку і дапамогу ў забесьпячэньні сучаснымі відамі ўзбраеньняў, якія атрымлівае беларуская армія». «У гэтым пляне вы можаце не турбавацца», — дадаў ён.
Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы
Таксама ён падзякаваў Пуціну за тое, што ён трымае на заходнім кірунку войскі і не адпраўляе іх на ўкраінскі фронт.
«Пры той падтрымцы, пра якую мы з вамі дамовіліся ў рамках АДКБ, калі на заходнім кірунку беларуская армія і расейскія Ўзброеныя сілы, — тыя фармаваньні, якія вы стварылі і на ўсялякі выпадак трымаеце на захадзе... Яны вельмі баяздольныя і гатовыя абараняць Беларусь.
Я вам удзячны за тое, што вы трымаеце гэтыя войскі ў баявой гатоўнасьці. І пры ўсёй складанасьці там нейкіх пытаньняў іх ніколі не накіроўвалі ў зону баявых дзеяньняў ва Ўкраіне. Для нас гэта вельмі важна. Таму я вам вельмі ўдзячны», — сказаў Лукашэнка.
Ён таксама дадаў, што ў яго ёсьць «два-тры пытаньні, наконт якіх я хацеў бы з вамі параіцца» на будучыню.
Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы
Пуцін жа падзякаваў Лукашэнку за «дапамогу ў арганізацыі гуманітарных абменаў» і запрасіў да сябе на вячэру.
Сёлета гэта ўжо шостая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Пуціна. Папярэдняя была там жа 29 жніўня.