«Дна няма». Расказваем пра выдавецтва, якому захацелася прынесьці крыху сьмеху ў сур’ёзную індустрыю

Вокладка беларускага перакладу кнігі вядомага амэрыканскага прафэсара-антраполяга Дэйвіда Грэйбэра «Булшыт Джобс» (Bullshit Jobs)

Каманда «Дна няма» мае пляны выдаваць інтэлектуальны нон-фікшн для беларусаў на роднай мове. Мы даведаліся, навошта беларусам яшчэ адно выдавецтва.

Шасьцёра маладых беларусаў стварылі выдавецкую ініцыятыву «Дна няма», якая пакуль існуе ў калябарацыі з кракаўскім выдавецтвам Gutenberg. Але каманда мае амбітныя пляны стаць самадастатковым выдавецтвам, апавядае ў размове з Свабодай адзін з заснавальнікаў «Дна няма» Арцём (суразмоўца папрасіў не называць поўнага імя дзеля бясьпекі. — РС), які вывучае антрапалёгію ў магістратуры аднаго з эўрапейскіх унівэрсытэтаў.

«Усе мы — студэнты альбо толькі выпусьціліся з унівэрсытэтаў, вывучаем гуманітарныя, сацыяльныя дысцыпліны, дызайн. Усе раскіданыя па розных гарадах Эўропы — ад Бэльгіі да Літвы. Старэйшаму ўдзельніку каманды 27 гадоў, малодшаму 21. Мы стараемся абапірацца на нашу мэтавую аўдыторыю; мяркую, тыя, хто будзе чытаць нашы кніжкі, — гэта людзі да 35 гадоў, якія афіцыйна лічацца „моладзьдзю“. Што да назвы, мы з калегамі нядоўга „брэйнштормілі“: захацелася прынесьці крыху сьмеху, жартаў у сур’ёзную выдавецкую індустрыю. Паказаць, што мы існуем не ў адрыве ад таго, што адбываецца на кніжным рынку, а чытаем, прыслухоўваемся, бачым і хацелі крыху пародыі на астатніх. Так што „Дна няма“», — тлумачыць Арцём.

На яго думку, хоць беларускіх выдавецтваў па-за межамі Беларусі апошнімі гадамі зьявілася шмат, але ўсё адно добрых кніг па-беларуску не стае.

«Усё роўна адсутнасьць выбару прысутнічае. Ты адчуваеш смутак, калі прыходзіш у кнігарню і бачыш, што ёсьць па-беларуску. Табе даступная даволі абмежаваная колькасьць чытва. Мне здаецца, што беларускаму чытачу не стае сучаснай інтэлектуальнай літаратуры. Мы хочам заняць канкрэтную нішу: рабіць інтэлектуальны „нон-фікшн“ хутчэй левага палітычнага кірунку для беларусаў, якія вучацца ва ўнівэрсытэтах і пачулі пра нейкую цікавую філязофскую кніжку ці кніжку з сфэры палітычных навук, але ня могуць яе прачытаць, бо недастаткова валодаюць, да прыкладу, ангельскай, або ня хочуць чытаць па-расейску, ці гэтую кніжку немагчыма дастаць», — расказвае суразмоўца.

Пачалі маладыя выдаўцы з кнігі вядомага амэрыканскага прафэсара-антраполяга Дэйвіда Грэйбэра «Булшыт Джобс» (Bullshit Jobs).

На расейскую мову гэтая праца перакладзеная як «Бредовая работа. Трактат о распространении бессмысленного труда». Што да беларускай назвы, каманда сьвядома вырашыла не перакладаць назоў кнігі, бо, на яе думку, «настолькі ёмісты адпаведнік ангельскаму bullshit прыдумаць цяжка».

5 відаў бессэнсоўнай працы

Эсэ Bullshit Jobs Дэйвід Грэйбэр апублікаваў у 2013 годзе, яго пераклалі на дзясяткі моваў, а празь пяць гадоў зьявілася кніга.

Грэйбэр вызначыў пяць відаў бессэнсоўных пасадаў: «лёкаі», якія існуюць, каб шэф выглядаў важным; «наёмнікі», чыя праца — ціснуць на іншых; «затыкальнікі дзірак», якія выпраўляюць чужыя памылкі; «галачкі», што ствараюць імітацыю бурнай дзейнасьці, і «наглядчыкі», якія кіруюць тымі, каго ня трэба кантраляваць.

«Я даведаўся пра Дэйвіда Грэйбэра на першым курсе магістратуры, нам пра яго апавядалі як пра важную фігуру ў антрапалёгіі і на „пáрах“ раілі пачытаць гэтую кніжку. Раней я спрабаваў чытаць іншыя кніжкі Грэйбэра, але тады яны мне ня вельмі „зайшлі“. А „Булшыт Джобс“ — менавіта тая кніжка, каб пачаць цікавіцца антрапалёгіяй. Калі паглядзець, якія кніжкі ў антрапалёгіі выдаюцца па-беларуску, то там або этнаграфічны трэш і абсмоктваньне „нашчадкаў этнаграфіі“ яшчэ савецкага часу, або штосьці абсалютна адарванае ад рэчаіснасьці. А ў антрапалёгіі пазьбягаць вострых сацыяльных тэмаў, мне здаецца, немагчыма», — перакананы будучы антраполяг Арцём.

Ён расказаў, што каманда разаслала дзясятак электронных лістоў розным праваўладальнікам, і праваўладальнікі тэкстаў Дэйвіда Грэйбэра былі першымі, хто пагадзіўся зь ёю працаваць на вельмі выгодных умовах.

«Я вельмі ўсьцешаны, што так адбылося, бо я займаюся антрапалёгіяй, для мяне Дэйвід Грэйбэр — гэта такая вялікая, клясная фігура! І я хацеў, каб наша першая кніжка была менавіта ад яго. Гэта кніжка пра такую працу, калі сам ня можаш патлумачыць сабе, навошта ты гэта робіш».

Арцём узгадаў уласны прыклад. Студэнтам ён падпрацоўваў на пошце, дзе праз тое, што лістоў штогод менш, а людзей звальняць цяжка, супрацоўнікі прыходзяць на працу, сядзяць, п’юць каву, перакладаюць лісты з адной скрынкі ў другую — і так праходзіць працоўны дзень.

«Навошта ты гэта робіш, патлумачыць ня можаш. А зь іншага боку, грошы зарабляеш, то бок нібыта нармальна. І так паўсюль. У гэтым і цікавасьць кніжкі Грэйбэра, што ён параўноўвае прыклад посткамуністычных дзяржаваў, дзе ўсеагульная занятасьць — гэта абавязак. Паглядзіце на цяперашнюю Беларусь, дзе ўвялі заканадаўства пра дармаедаў і быць беспрацоўным, нічым не займацца — гэта дрэнна. У Эўропе, у заходнім сьвеце, гэта адбываецца крыху па-іншаму, празь нейкія сыстэмы ярархіі ў карпарацыях. Таму мне здаецца супэрцікавым, што „дзікі капіталізм“ накладаецца на вось гэтыя парэшткі савецкай культуры працы», — разважае Арцём.

На пытаньне, ці насамрэч у сьвеце існуе толькі пяць тыпаў бессэнсоўных пасадаў, будучы антраполяг адказвае так.

«Грамадзтва зьмянілася. Такіх прафэсіяў нашмат болей. Калі знойдзецца чалавек, які захоча напісаць новую кнігу „Булшыт Джобс“ за мяжой — пра сытуацыю, у якой мы ўсе апынуліся — я думаю, гэта будзе клясным праектам», — мяркуе суразмоўца.

Стыль бульварных раманаў

Асобную ўвагу маладыя выдаўцы надаюць вокладцы кнігі, хочуць ствараць прыгожы прадукт, які будзе цікава чытаць і прыемна трымаць у руках.

«Вокладка павінна быць нетыповай, нават правакацыйнай, выклікаць нават шок у чытача. У „Булшыт Джобс“ мы паспрабавалі парадыяваць стыль „бульварных раманаў“ (кшталту расейскай аўтаркі Дар’і Данцовай), што зусім не стасуецца з эстэтыкай навуковага выданьня. Мне здаецца, што з кожнай кнігай будзе новы мастацкі праект, дзе мы па-рознаму будзем „гуляць“ з вокладкамі і прыстасоўваць іх да зьместу. Таму як выдавецтва мы адкрываем поле для дыскусіяў, і мне было б цікава, каб людзі пра гэта разважалі», — запрашае заснавальнік выдавецкай ініцыятывы «Дна няма» Арцём.

Меркавалася, што кніга Дэйвіда Грэйбэра «Булшыт Джобс» выйдзе ўвесну, але, імаверна, яна зьявіцца раней. У далейшых плянах «Дна няма» — выданьне кнігі славенскага філёзафа, культуроляга і псыхааналітыка Славоя Жыжэка «Супраць прагрэсу» (Against progress). Арцём кажа, што ў фінальнай стадыі перамовы з праваўладальнікам і ўжо знайшлі перакладніцу.

«Пакуль ня буду называць імя, але гэта супэрклясная перакладніца, і для нас гонар працаваць зь ёй. Нават з камунікацыі зь перакладнікамі мы бачым, што нашы праекты людзям цікавыя: перакладнікі згаджаюцца імгненна. Я проста ўсьцешаны людзьмі, зь якімі мы працуем. Але не выключаю, што мы будзем супрацоўнічаць з тымі, хто толькі пачынае сваю перакладніцкую працу. Мне важна супрацоўнічаць з пачаткоўцамі, бо я сам пачатковец, мае калегі пачаткоўцы: навошта нам цягнуць у сваю „бурбалку“ прафэсіяналаў з імем, бэкграўндам, калі можна дапамагчы такім, як мы?» — кажа Арцём.