Ужо сёньня: Усясьветны дзень супраць фашызму і антысэмітызму

Нямеччына, 1930-ыя

Падзеі 9 лістапада ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

9 лістапада 1938 году нямецкія нацысты ўчынілі габрэйскі пагром, які ўвайшоў у гісторыю як «Крышталёвая ноч». У гэты ж дзень у 1941 годзе нацысты расстралялі паўтары тысячы габрэяў у беларускім мястэчку Мір. У наш час 9 лістапада адзначаецца Ўсясьветны дзень супраць фашызму і антысэмітызму.

Таксама ў гэты дзень

1512 — Францішак Скарына ў Падуі абараніў ступень доктара мэдычных навук. Да гэтага ён ужо меў званьне дократара вольных мастацтваў.

1648 — войска Вялікага Княства Літоўскага пачало штурм Пінску, які пры канцы кастрычніка перайшоў пад кантроль паўстанцаў і казакоў. Пасьля цяжкіх вулічных баёў горад быў узяты, разрабаваны і спалены, загінулі некалькі тысяч месьцічаў.

1794 — расейскія войскі пад камандаваньнем Аляксандра Суворава ўвайшлі ў Варшаву, якая капітулявала 5 лістапада пасьля крывавага штурму прадмесьця Прага, падчас якога загінулі тысячы мірных жыхароў. Падзеньне сталіцы азначала паразу паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі.

1918 — Вяліскае паўстаньне. Стыхійны выступ сялян на паўночным усходзе Беларусі супраць бальшавіцкай мабілізацыі.

1941 — у Міры нацысты расстралялі каля 1500 габрэяў.

1989 — падзеньне Бэрлінскага муру. Пасьля абвяшчэньня новых правілаў выезду з ГДР тысячы ўсходніх бэрлінцаў сабраліся каля памежных пераходаў, і ўвечары памежнікі адкрылі мяжу. Людзі ўпершыню за 28 гадоў атрымалі магчымасьць свабодна пераходзіць з адной часткі Бэрліна ў другую.

Жыхары Заходняга Бэрліну ўзьбіраюцца на Бэрлінскі мур 9 лістапада 1989 году, патрабуючы разбурыць яго

2019 — у Глушы адкрыты помнік Алесю Адамовічу, створаны за народныя грошы. Скульптар — Гэнік Лойка.

Помнік Алесю Адамовічу ў Глушы. Побач — дачка пісьменьніка Натальля і скульптар Гэнік Лойка, 9 лістапада 2019

У гэты дзень нарадзіліся

1583 — Фабіян Малішоўскі, манах, магіла якога ў Стоўпцах стала месцам шанаваньня вернікаў.

1789 — Марцін Антоні Паўловіч, навуковец-геоляг, ураджэнец Піншчыны.

1818 — Іван Тургенеў, расейскі пісьменьнік.

1856 — Уладзімер Стукаліч, віцебскі гісторык і літаратуразнаўца. Ахвяра бальшавізму.

1902 — Несьцер Сакалоўскі, кампазытар, аўтар музыкі гімну БССР, а цяпер Рэспублікі Беларусі.

1923 — Георгі Сіненка, беларускі літаратуразнаўца. Аўтар кніг пра творчасьць Ніла Гілевіча, Івана Навуменкі і іншых пісьменьнікаў.

1930 — Юры Шпіт, заслужаны архітэктар БССР. Сярод ягоных твораў — кінатэатар «Партызан» у Менску, забудова раёну праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Казлова, мэмарыяльны комплекс на плошчы Перамогі ў Віцебску.

1948 — Юрась Герасіменка-Жызьнеўскі, кніжны графік і жывапісец-партрэтыст.

1958 — Міра Лукша, беларуская пісьменьніца, паэтка, журналістка і перакладчыца зь Беласточчыны.

1961 — Юры Завадзкі, прадпрымальнік, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху.

1962 — Аляксей Мельнікаў, літаратуразнаўца, гісторык.

1963 — Аляксандар Тамковіч, журналіст, пісьменьнік.

Аляксандар Тамковіч

1963 — Віктар Бабарыка, бізнэсовец, мэцэнат, удзельнік прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2020 году. Цягам 20 гадоў кіраваў «Белгазпрамбанкам», падтрымліваў культурніцкія праекты ў Менску. Пры ягоным спрыяньні ў Беларусь вярнуліся карціны мастакоў Парыскай школы. 12 траўня 2020 году Віктар Бабарыка публічна заявіў пра свой намер вылучацца кандыдатам у прэзыдэнты. 18 чэрвеня 2020 году Віктара Бабарыку затрымалі разам з сынам Эдуардам, які быў кіраўніком ягонай ініцыятыўнай групы. 6 ліпеня 2021 году Вярхоўны суд Беларусі асудзіў Бабарыку на 14 гадоў пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньняў, якія праваабаронцы лічылі палітычна матываванымі. Пасьля працяглага пэрыяду ізаляцыі і адсутнасьці сувязі са зьнешнім сьветам 13 сьнежня 2025 году яго вызвалілі ў межах дамоўленасьцяў з ЗША і прымусова вывезьлі зь Беларусі. Эдуард Бабарыка дагэтуль за кратамі.

Віктар Бабарыка

1977 — Дзьмітры Дашчынскі, фрыстайліст. Бронзавы прызэр зімовых Алімпійскіх гульняў 1998 году ў Нагана і срэбны прызэр Алімпіяды 2006 году ў Турыне, двухразовы віцэ-чэмпіён сьвету. У 2020 годзе выступіў супраць гвалту, пераехаў у Аўстралію. Там узначаліў зборную краіны па лыжнай акрабатыцы — і ў 2026 годзе на Алімпіядзе ў Італіі аўстралійка Даніэль Скот заваявала срэбны мэдаль — першы для Аўстраліі ў лыжнай акрабатыцы за 12 гадоў.

Дзьмітры Дашчынскі ў Раўбічах, архіўнае фота

У памяці

1737 — Вінцэнт Пётар Валовіч, дзяржаўны і рэлігійны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага.

1817 — Раймунд Корсак, польскамоўны паэт і ўдзельнік паўстаньня 1794 году, ураджэнец Наваградчыны.

1918 — Гіём Апалінэр, францускі паэт. Ягоная маці Анжаліка Кастравіцкая паходзіла з Наваградчыны.

Гіём Апалінэр

1941 — Генрых Глябовіч, беларускі рэлігійны дзеяч, прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту. Расстраляны нацыстамі ў Барысаве. У 1999 годзе Каталіцкі касьцёл абвясьціў яго блаславёным.

1952 — Хаім Вэйцман, першы прэзыдэнт Ізраілю, родам зь беларускага Моталя.

Хаім Вэйцман

1970 — Шарль дэ Голь, францускі дзяржаўны і вайсковы дзеяч, лідэр францускага супраціву ў часы Другой сусьветнай вайны, прэзыдэнт Францыі (1959–1969).

Шарль дэ Голь

2005 — Людвік Асецкі, графік.

2009 — Антон Маркевіч, беларускі дзяяч у Канадзе.

2015 — Віктар Сырыца, гісторык.

2018 — Уладзіслаў Ахроменка, пісьменьнік, драматург, кінасцэнарыст. Працаваў у жанрах дэтэктыву, трылеру і альтэрнатыўнай гісторыі.

Уладзіслаў Ахроменка

2020 — Міхась Дрынеўскі, кіраўнік хору Цітовіча, народны артыст Беларусі, памёр праз ковід.