У Менску сабраліся будаваць кальцавую лінію мэтро і назвалі першы ўчастак

Неўзабаве паказаная схема Менскага мэтрапалітэну састарэе, бо пабудуюць чацьвёртую (кальцавую) лінію

Пра будаўніцтва мэтро гаварыў намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Аляксандар Чэрнікаў з калектывам Дырэкцыі будаўніцтва Менскага мэтрапалітэну.

Падрабязнасьці сустрэчы расказалі ў агенцтве «Мінск-Навіны». Кіраўнік дырэкцыі будаўніцтва Менскага мэтрапалітэну Іван Мікульскі паведаміў, што неўзабаве рабочыя пачнуць будаваньне чацьвёртай лініі сталічнага мэтро. Яна стане кальцавою.

«Патрэбная праектная дакумэнтацыя ўжо распрацоўваецца. Чакаецца, што першы ўчастак працягласьцю 6 км зьвяжа „Парк Дружбы народаў“ зь мікрараёнам Вясьнянка».

На названым адрэзку будуць тры станцыі, а пазьней лінія пойдзе ў бок станцыі «Пушкінская».

Пачаць будаўніцтва чацьвёртай лініі, якая будзе кальцавой, плянуюць у другой палове 2027 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Піяр для ўладаў ці транспартная неабходнасьць. Колькі Беларусі каштуе будоўля менскага мэтро

Што гэта значыць

Улады працягваюць разбудову Менскага мэтро. Доўгі час сталічны мэтрапалітэн складаўся зь дзьвюх ліній, але ў 2014-м пачалося будаўніцтва трэцяй, Зялёналускай лініі. У самым канцы 2024 году адкрыліся тры новыя станцыі: «Аэрадромная», «Немаршанскі сад» і «Слуцкі гасьцінец». Тагачасны кіраўнік Менгарвыканкаму Ўладзімер Кухараў агучыў кошт будаўніцтва: адзін кілямэтар мэтро каштуе беларускаму бюджэту 70 мільёнаў даляраў.

За апошнія гады ў мэтро адбылося шмат зьменаў. Напрыклад, у рухомым складзе. Да 2023 году частку вагонаў выраблялі на беларускім даччыным заводзе кампаніі Stadler, аднак праз санкцыі кампанія спыніла супрацу з мэтрапалітэнам. Засталіся пастаўкі з Расеі.

У канцы кастрычніка 2026 году Аляксандар Лукашэнка задумаўся пра імартазамяшчэньне ў мэтро. Ён прапанаваў пусьціць у менскім мэтро трамваі, што выпускае прадпрыемства Белкамунмаш. Такую ідэю Лукашэнка выказаў, калі пабачыў трамвай, зроблены для чалябінскага мэтратраму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка хоча пусьціць трамваі ў мэтро