За тры гады празь беларускую кампанію Прыгожыных прайшло амаль 9 мільёнаў рублёў

Лягер групоўкі «Вагнэр» ля вёскі Цэль у Асіповіцкім раёне, 2023 год

Беларуская кампанія «Канкорд Менеджмент і Кансалтынг», створаная заснавальнікам ПВК «Вагнэр», нябожчыкам Яўгеніям Прыгожыным, з 2023 па 2025 год атрымала на рахункі амаль 8,7 мільёна рублёў.

Як паведаміла выданьне «Бюро», з 2023 году на «Канкорд» у Беларусі паступілі 4,71 мільёна рублёў у выглядзе крэдытаў і пазыкаў. Яшчэ 3,92 мільёна рублёў кампанія атрымала ў выглядзе «іншых паступленьняў» ад сваёй дзейнасьці. Нягледзячы на немалыя грашовыя ўліваньні, з моманту заснаваньня кампанія працуе са стратамі. У 2025 годзе страты склалі 1,2 мільёна рублёў.

Чым канкрэтна займаецца фірма — невядома. Афіцыйна асноўным відам дзейнасьці «Канкорда» пазначанае кіраваньне нерухомасьцю. Аднак яе ва ўласнасьці кампанія ня мае, што не перашкаджае займацца кіраваньнем нерухомасьцю, што належыць іншым асобам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейская ПВК «Вагнэр» пакідае Малі, але расейскі кантынгент у гэтай краіне застанецца

Што папярэднічала

«Канкорд Менеджмент і Кансалтынг» зьявілася ў Беларусі 19 ліпеня 2023 году — неўзабаве пасьля няўдалага мяцяжу ПВК «Вагнэр» у Расеі. Юрыдычная асоба зарэгістраваная ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёна, там быў створаны палявы лягер вагнэраўцаў. Статутны фонд пры рэгістрацыі складаў 200 рублёў, ці прыблізна 80 даляраў на той момант.

Міністэрства абароны Беларусі хутка афіцыйна паведаміла, што інструктары «Вагнэра» навучаюць беларускіх вайскоўцаў, у тым ліку тактычнай стральбе, інжынэрнай і мэдычнай падрыхтоўцы. Пазьней вагнэраўцы таксама бралі ўдзел у падрыхтоўцы падразьдзелаў унутраных войскаў МУС.

Першым кіраўніком кампаніі стаў сам Яўгеній Прыгожын. Пасьля яго гібелі ў жніўні 2023 году кампанія працягнула існаваньне, і ў ліпені 2024-га яе ўзначаліў сын заснавальніка ПВК — Павел Прыгожын.

У верасьні 2026 году Паўла Прыгожына на пасадзе кіраўніка беларускага «Канкорда» зьмяніў Віктар Васільевіч Гарбачэўскі. Яго поўны цёзка з лістападу 2023 году ўзначальваў пецярбурскае АТ «Цэнтаўра», а пазьней стаў яго ліквідатарам. Кампанія фігуравала ў расьсьледаваньні праекту «Хронікі»: «Па сьлядах прыгожынскіх аўдытараў». «Цэнтаўра» карысталася паслугамі аўдытарскай фірмы «Акцэнт Аўдыт» і натарыюса Анатоля Акуленкі, якія таксама абслугоўвалі структуры Яўгенія Прыгожына.

Вядома, што кампанія зьвярталася да спэцыялістаў для аўтаматызацыі бухгальтарскага ўліку. Група кампаній «Х’юмэн Інтэл Сістэм», якая займаецца праграмным забесьпячэньнем, дапамагла фірме «Канкорд Менеджмент і Кансалтынг» з укараненьнем і аўтаматызацыяй бухгальтэрыі 1С, як вынікае з дакумэнту на сайце кампаніі. Агулам аўтаматызавалі 5 працоўных месцаў.

Пра візыты ў Беларусь Паўла Прыгожына і яго сустрэчы зь нейкімі прадстаўнікамі ўлады нічога з публічных крыніц не вядома.

Нядаўна беларускую кампанію Прыгожына згадвалі ў публікацыі The Wall Street Journal, у якой паведамлялі аб тым, што сын Прыгожына змог захаваць актывы групоўкі «Вагнэр» у Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы (ЦАР). Там адзначалася, што вагнэраўцы маюць кантроль над тамтэйшымі залатымі руднікамі. А золата з гэтых руднікоў адпраўляюць у Беларусь. Нібыта Прыгожыну-малодшаму ўдалося дамовіцца, каб золата афармлялася як дзяржаўная ўласнасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Золата з Афрыкі, фірма нерухомасьці і вайсковая тэхніка: што зьвязвае сына стваральніка ПВК «Вагнэр» зь Беларусьсю

Гібель Яўгенія Прыгожына

Увечары 23 чэрвеня 2023 году Яўгеній Прыгожын абвінаваціў кіраўніцтва Міністэрства абароны Расеі і Генэральнага штабу ў некампэтэнтнасьці ў вайне ва Ўкраіне і абвясьціў паход на Маскву. Мяцеж вагнэраўцаў працягваўся крыху менш за содні.

Бліжэй да ночы 24 чэрвеня ПВК «Вагнэр» і ўлады Расеі нібыта пры пасярэдніцтве Аляксандра Лукашэнкі дасягнулі дамоўленасьці, і марш наймітаў у бок Масквы быў спынены.

Пасьля гэтага расейскія ўлады заявілі, што «Вагнэр» сыдзе ў Беларусь. Калёны ПВК «Вагнэр» пачалі прыбываць у Беларусь з 11 ліпеня.

Уладзімір Пуцін пасьля мяцяжу вагнэраўцаў заявіў, што «ўсе, хто сьвядома стаў на шлях здрады, хто рыхтаваў збройны мяцеж, стаў на шлях шантажу і тэрарыстычных мэтадаў, панясуць немінучае пакараньне (...) Той, хто арганізаваў і рыхтаваў вайсковы мяцеж, хто падняў зброю на баявых таварышаў, — здрадзілі Расеі. І адкажуць за гэта», — сказаў ён.

23 жніўня расейскія ўлады паведамілі пра сьмерць кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына ў авіякатастрофе ў Цьверскай вобласьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як спадкаемцы «Вагнэра» працягваюць кампанію тэрору ў Цэнтральна-Афрыканскай РэспубліцыРасейская ПВК «Вагнэр» заяўляе, што не ваюе ва Ўкраіне, а дзейнічае толькі ў Беларусі і АфрыцыУ выведцы Вялікай Брытаніі ацанілі колькасьць вагнэраўцаў у Беларусі і Афрыцы пасьля гібелі Прыгожына