Кіраўнік МЗС Літвы абверг інфармацыю аб ціску ЗША дзеля аднаўленьня транзыту беларускіх угнаеньняў

Міністар замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс

Раней прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп анансаваў вялікую ўгоду зь Беларусьсю наконт калійных угнаеньняў.

Як паведаміў партал Delfi, міністар замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс абвяргае паведамленьні аб магчымым ціску ЗША на Літву з мэтай аднавіць транзыт беларускіх угнаеньняў праз тэрыторыю краіны і заяўляе, што расчараваны рашэньнем замежных СМІ публікаваць інфармацыю, якую абверглі афіцыйныя ўстановы краіны.

«Магу запэўніць і з усёй адказнасьцю заявіць — нічога падобнага зараз не адбываецца, магу сказаць, што гэта зусім не адпавядае рэчаіснасьці», — заявіў Будрыс 5 лістапада ў эфіры Žinių radijas.

Выданьне Politico раней паведаміла, што, па словах чатырох эўрапейскіх службовых асоб, спэцыяльны пасланьнік ЗША па Беларусі Джон Коўл у апошнія тыдні неафіцыйна цікавіўся ў літоўскіх дыпляматаў магчымасьцю зьмякчэньня абмежаваньняў на транзыт беларускіх тавараў. Паводле Будрыса, у размовах з амэрыканскім пасланьнікам абмяркоўвалася пытаньне санкцый.

«Што да самога выданьня, якое апублікавала гэты матэрыял, магу сказаць, што я вельмі расчараваны. Яны правяралі ў нас, ці абгрунтавана гэтая інфармацыя, і для камэнтара пад запіс і не пад запіс — ва ўсіх выпадках ім некалькі разоў было сказана, што гэта няпраўда», — заявіў міністар.

Пра гэта ж міністар заявіў польскаму выданьню Rzezcpospolita, яго словы прыводзіць МЗС Літвы:

«Беларускі рэжым працягвае падтрымліваць вайну Расеі супраць Украіны і рыхтуецца да гібрыдных атак супраць суседніх краін. Я ня бачу ніякіх прычын, па якіх Эўрапейскі Зьвяз павінны зараз зьняць санкцыі, калі няма ніякіх доказаў таго, што Беларусь зьмяніла свае паводзіны».

Чаму гэта важна

Эўрапейскія санкцыі забараняюць перавозіць беларускія тавары праз парты ЭЗ, аднак дзеяньне санкцый неабходна працягваць кожныя 12 месяцаў. Цяпер яны падоўжаныя да 28 лютага 2027 года.

ЗША сёлета адмянілі санкцыі супраць Беларусі, уведзеныя папярэдняй адміністрацыяй, пасьля таго як Менск вызваліў частку палітычных вязьняў. З таго часу амэрыканскі пасланьнік Джон Коўл неаднаразова наведваў Менск.

Пры гэтым прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заяўляў, што Вашынгтон рыхтуе буйную дамову па закупцы беларускага калію.

Літва, якая на пачатку 2027 году прыме старшынства ў Радзе ЭЗ, тэарэтычна магла б накласьці вета на чарговае падаўжэньне санкцый і тым самым дазволіць транзыт калію.

Усе 27 дзяржаў ЭЗ аднагалосна дамовіліся забараніць беларускія калійныя ўгнаеньні пасьля таго, як прыйшлі да высновы, што Лукашэнка незаконна аб’явіў сябе пераможцам прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года і жорстка здушыў мірныя пратэсты. Пазьней санкцыі працягваліся, паколькі Лукашэнка падтрымаў расейскую ваенную агрэсію супраць Украіны.

Што папярэднічала

ЗША скасавалі санкцыі на беларускі калій у сакавіку 2026 году, калі ўлады Беларусі вызвалілі 250 зьняволеных у рамках пагадненьня, падпісанага пры пасярэдніцтве ЗША. Рашэньне закранула гігант «Беларуськалій», ягоны маркетынгавы падразьдзел — «Беларускую калійную кампанію», а таксама кампанію «Аграразьвіцьцё».

У сваю чаргу Эўразьвяз адмовіўся скасоўваць абмежаваньні, накладзеныя на беларускі калій.

«Злучаныя Штаты працуюць над маштабнай угодай у закупе калійных угнаеньняў у Беларусі. Цана будзе значна ніжэйшай за тую, якую мы цяпер плацім Канадзе,» — напісаў 21 верасьня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп на сваёй старонцы ў Truth Social.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ці магчымая «вялікая калійная зьдзелка» паміж Беларусьсю і ЗША. У пытаньнях і адказах